Беларускія мэдыі апавядаюць пра мітынгоўцаў на кіеўскім Пляцы незалежнасьці, наагул ува ўсёй Украіне. Добрае, патрэбнае слова мітынговец. Той, хто выйшаў на мітынг, хто мітынгуе, – мітынговец. Таксама як, скажам, удзельнік страйку – страйковец. Аднак часам пры называньні па-беларуску чалавека, што мітынгуе або страйкуе, ідуць ад расійскіх формаў на -ющ, капіююць іх і ўжываюць у назоўнікавай ролі словы мітынгуючы, страйкуючы.
Ня варта так рабіць. У нашай мове ёсьць цэлы шэраг звычайных, традыцыйных, з тыповай структураю, назоўнікаў, якія якраз і адпавядаюць формам дзеепрыметнікавай будовы ў іншых мовах, скажам, у расійскай. Напрыклад, той, хто верыць, – вернік, хто выступае, – выступовец, хто нападае, – нападнік. І менавіта назоўнікам мітынговец акадэмічны расійскі-беларускі слоўнік перакладае расійскае митингующий. Поруч зь мітынгоўцам у сучасным маўленьні здараюцца й словы мітынгоўшчык і мітынгант. Пры гэтым, у адрозьненьне ад нэўтральнага мітынгоўца, размоўныя назоўнікі мітынгоўшчык і мітынгант звычайна нясуць ацэнку, крытычна-асуджальнае адценьне. Калі ж мы проста канстатуем, што той або іншы чалавек бярэ ўдзел у мітынгу, варта выбіраць назоўнік мітынговец. Скажам, да прыкладу, што гэтымі днямі сотні тысяч мітынгоўцаў ва Ўкраіне адстойваюць свой выбар, сваё права на сумленныя выбары.