Газэта “Звязда”. Рубрыка “Крымінал”. Артыкульчык пад загалоўкам “Рокерша з падлеткамі апаганьвалі магілы”. З матэрыялу вынікае, што тая рокерша – 24-гадовая касірка Барысаўскага чыгуначнага вакзалу. Жанчыну-касіра натуральна па-беларуску назвалі ў газэце касіркаю, пры гэтым зьвярнулі ўвагу, што яна аматарка рок-музыкі, адным словам, рокерша. Апошняе слова – не зь беларускай моўнай практыкі. Для нашай літаратурнай мовы словы на -ш-а з значэньнем асобы жаночага полу не характэрныя. Жанчыну-доктара, напрыклад, можам зваць доктаркаю ці дакторкаю, а жонку доктара – доктарыхай. Словамі жаночага роду на -к-а называем жанчыну паводле роду яе дзейнасьці, сфэры зацікаўленьняў, займанага ёю становішча: бібліятэкарка, бухгальтарка, дырэктарка, паэтка, рэдактарка, сакратарка. Вядома, не ад кожнага назоўніка з значэньнем асобы мужчынскага полу ўтвараецца такі жаночы адпаведнік. У афіцыйна-канцылярскай мове назовы пасадаў функцыянуюць часта толькі ў сваіх першасных, мужчынскіх формах (скажам, жанчына-міністар, прэм’ер або пасол).
Што ж да назову жанчыны-рокера, тут, здаецца, абсалютна прыдатная тыповая беларуская мадэль. Як жанчына-касір – касірка, так жанчына-рокер – рокерка.
Стараймася не размываць словаўтваральных нормаў нашай літаратурнай мовы. Гаворым па-беларуску: аптэкарка, кандуктарка, лектарка. Жонак генэрала, дырэктара, міністра можам назваць генэраліхай, дырэктарыхай, міністрыхай (формы тыпу генэральша, дырэктарша, міністэрша – нелітаратурныя).