Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі я, беларус, буду адчуваць сябе сваім ня ў Бранску й у Маскве, а ў Капэнгагене, Осла, Стакгольме?”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Лісты нашых слухачоў чытае Ўладзімер Арлоў.

Знаёмства з поштай Свабоды сьведчыць, што сёньняшні слухач нашай радыёстанцыі – гэта чалавек, зарыентаваны на нацыянальныя каштоўнасьці. Аўтары лістоў перакананы, што безь вяртаньня гэтых каштоўнасьцяў дзяржава ня здолее дасягнуць сапраўднай незалежнасьці.

“Немагчыма навучыцца глядзець на сьвет праз прызму найперш нацыянальных інтарэсаў, калі ты далёкі ад свайго спадчыннага – мовы, культуры, гісторыі, – піша сп.Сінчук зь Бягомлі. – Менавіта адсюль ілюзіі, якія нямала беларусаў, на жаль, яшчэ зьвязваюць з гэтак званай саюзнай дзяржавай. Мы, маўляў, такія ўжо блізкія, амаль што браты-блізьняты. Лукашэнка наагул дагаворваецца да таго, што беларусы й рускія – адзін народ. Між тым, зь мінулага вядома, якую жорсткую імпэрскую палітыку праводзілі на нашых землях царскія ўлады. Вядома й тое, як віталі гэтую палітыку нават “уладары думаў” перадавога расейскага грамадзтва – Пушкін, Цютчаў, Някрасаў. Апошні прысьвяціў цэлую оду Міхаілу Мураўёву – удушальніку нашага вызвольнага паўстаньня 1863 году. Для нас гэта Мураўёў-вешальнік, а для расейскага паэта-дэмакрата ён быў “миротворцем” краю. Вучыце ўласную гісторыю, спадары беларусы! – заклікае наш слухач. – Іначай вечна будзеце бачыць жыцьцё не беларускімі, а чужымі вачыма!”

Вашыя словы пра расейскіх дэмакратаў XIXст., сп.Сінчук, справядлівыя, як гэта ні сумна прызнаваць, і ў дачыненьні да іхных сучасных спадкаемцаў. Здаецца, для абсалютнай большасьці прадстаўнікоў дэмакратычных, інтэлектуальных колаў сёньняшняй Расеі існаваньне незалежнай Беларусі выглядае нейкім гістарычным казусам, які трэба выправіць. У Маскве Лукашэнка шмат каму недаспадобы, але штосьці я ня ўспомню выпадку, каб адтуль пачуліся галасы супраць ягонай русыфікацыйнай палітыкі. Гэтая палітыка, што б’е па нашым сувэрэнітэце, якраз ціха, а часам і публічна вітаецца. Згаданы вамі Мураўёў-вешальнік мог бы толькі задаволена пацерці рукі, даведаўшыся пра закрыцьцё беларускіх школ і газэт або пра ліквідацыю Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Справа Мураўёва не прапала, яе доўжаць тыя (дакладней, той), хто ёсьць прадуктам намаганьняў мураўёўцаў розных гатункаў і эпох.

Сп.Сінчук піша далей пра стваральную сілу гістарычнай сьвядомасьці: “Швайцарцы гавораць на розных мовах, але агульная гістарычная памяць робіць іх моцным эўрапейскім народам”.

Так, гісторыя – магутная стваральная сіла. Але адна ўлада ставіць яе на службу свайму народу, а другая гэтай сілы баіцца.

Тэму гісторыі ў жыцьці сучаснага грамадзтва працягвае Алесь Марціновіч з Баранавіч, які называе сябе супэррэалістам і супэрпрагматыкам. Свой аб’ёмісты й грунтоўны ліст, які мог бы, дарэчы, стаць цікавым газэтным артыкулам, наш слухач пачынае з разваг пра ролю асобы ў асталяваньні маладых дзяржаваў. Узорам харызматычнага кіраўніка, што павёў сваю краіну правільным шляхам, сп.Марціновіч лічыць нацыянальнага героя Фінляндыі маршала Манэргайма.

“Перад намі выдатны прыклад надзвычай пасьпяховага разьвіцьця пасьля разрыву з Расейскай імпэрыяй, – гаворыцца ў лісьце. – Ці будзе ў найноўшай гісторыі Беларусі падобны палітык, які ўрэшце накіруе краіну на шлях у Эўразьвяз?

Сёньня вашае пытаньне яшчэ ня мае дакладнага адказу, але такі палітык непазьбежна зьявіцца, бо мільёны беларусаў, і найперш моладзь, ужо арыентуюцца на эўрапейскі вектар разьвіцьця.

Наш слухач зьвяртае ўвагу на сувязь, як ён піша, “гістарычных харызмаў” продкаў з сучасным станам дзяржаваў:

“Нашчадкі ваяўнічых вікінгаў стварылі самыя зручныя для жыцьця краіны – Данію, Швэцыю, Нарвэгію… Нашчадкі гусітаў і табарытаў – чэхі – сталі самым мадэрновым народам Усходняй Эўропы… Балтамоўная Летува атрымала ня толькі Вільню-Вільнюс, але й прыватызавала ўсю гісторыю ВКЛ…”

Праблема, якую вы закранулі, сапраўды надзвычай цікавая й вымагае грунтоўнага абмеркаваньня. Яна магла б стаць тэмаю для адной з праграм “Беларускай Атлянтыды”.

У межах агляду рэдакцыйнае пошты я зазначу адно: давайце зыходзіць з рэаліяў гісторыі й геапалітыкі. Нашыя продкі былі, на жаль (а можа, у нечым і на шчасьце), ня вікінгамі, а крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі, потым ліцьвінамі, і нарэшце сталі беларусамі. Вы лічыце, што ўсё ў гісторыі Беларусі магло б скласьціся іначай, каб мы гаварылі “не па-славянску”, і адразу пярэчыце самому сабе, бо толькі што захоплена пісалі пра дасягненьні чэхаў, якіх назвалі “славянскімі галянцамі”.

Не магу з вамі, сп.Марціновіч, пагадзіцца й там, дзе вы скептычна ставіцеся да працы гісторыкаў і пісьменьнікаў, якія, паводле вашых словаў, “імкнуцца пераканаць, якімі вялікімі былі Ўсяслаў Чарадзей, Міндоўг, Вітаўт і Сапега з Радзівіламі” ды “вядуць бясплённыя баі ў трохкутніку Полацак-Ноўгарад-Кіеў”.

Насамрэч, гэта нялёгкія баі з замшэлымі, але жывымі імпэрскімі мітамі, якімі шырока карыстаюцца палітыкі і ў Крамлі, і, на жаль, у сувэрэннай Беларусі. І гэтыя міты, напрыклад, пра існаваньне адзінай “старажытнарускай народнасьці” або пра тое, што беларусы атрымалі дзяржаўнасьць толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі, цяперашняя ўлада ў сваіх мэтах імкнецца вярнуць у падручнікі.

Што да трохкутніку “Полацак-Ноўгарад-Кіеў”, дык асобнае месца незалежнага Полацкага княства ва ўсходнеэўрапейскай геапалітыцы было й застаецца праблемаю, “галаўным болем” для ўсіх расейскіх гісторыкаў, пачынаючы ад Тацішчава. Нашая першая дзяржава ўпарта ня клалася ў схему “адзінай старажытнай Русі”, таму і ў навучальных дапаможніках, і ў манаграфіях на гэтую тэму Полацкае княства часам увогуле ня згадваецца.

“Калі я, беларус, буду адчуваць сябе сваім ня ў Бранску, Смаленску й у Маскве, а ў Капэнгагене, Осла, Стакгольме, Амстэрдаме? Калі я стану эўрапэйцам, заходнім чалавекам?” – пытаецца ў сябе самога сп.Марціновіч, прагнучы вырвацца з расейкацэнтрычнага сьвету.

Задача, напэўна, у тым, што беларусам сьпярша трэба вярнуцца да саматоеснасьці, стаць беларусамі. І дзеля гэтага патрабуюцца пэўныя намаганьні. Можна, напрыклад, змагацца за беларускую мову, а можна ёю проста пасьлядоўна карыстацца. Дарэчы, вы, сп.Марціновіч, свой ліст на беларускую службу Радыё Свабода напісалі па-расейску, на мове таго народу, ад якога так марыце дыстанцавацца.

Ільля Копыл зь Менску, адрозна ад аўтара папярэдняга лісту, упэўнены, што праца беларускіх гісторыкаў і літаратараў у вяртаньні народу гістарычнай памяці дае свой плён.

“Я быў вельмі далёка ад Беларусі, як геаграфічна, так і духоўна, – піша сп.Копыл. – Геаграфічна – таму што я, былы афіцэр савецкай Арміі, нёс службу ў Кіраўскай вобласьці. Духоўна – таму што хоць і вучыўся ў беларускай школе, але ў савецкіх падручніках нічога не гаварылася пра Полацкае княства, пра ВКЛ, пра “Пагоню”. Нам распавядалі пра Івана Жахлівага, Пятра I, Суворава й маўчалі пра Рагвалода, Вітаўта, Астроскага, Касьцюшку… Кнігі, якія я прачытаў у 1990-я гады, наблізілі мяне да Беларусі больш, чым усе разам узятыя апазыцыйныя партыі”, – прызнаецца наш слухач.

Эдуард Красоўскі, які цяпер жыве ў польскім горадзе Радаме, тэмай допісу абраў падзеі адносна нядаўняй гісторыі. Ягоны бацька быў у часе сталінскіх рэпрэсіяў расстраляны, а маці засудзілі на 10 гадоў лягераў. Цяпер бацькі рэабілітаваны, і сп.Красоўскі просіць дапамагчы яму атрымаць матэрыяльную кампэнсацыю як за іх, так і за свае ваенныя й працоўныя заслугі.

Сп. Красоўскі, Радыё Свабода – інфармацыйная служба, а ў пытаньнях кампэнсацыі вам трэба зьвярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

Пра розныя аспэкты гістарычнага мінулага напісалі нам Алесь Шустоўскі з Барысава й Мікалай Бельскі зь Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці. Сп. Шустоўскі сабраў малавядомыя зьвесткі пра 2-ю усясьветную вайну – у прыватнасьці, пра прыезд у Беларусь Гітлера й Мусаліні. Сп.Бельскі піша пра злачынствы камуністаў. Ён марыць дачакацца той пары, “калі ўлада змушана будзе правесьці адзіны даўно патрэбны рэфэрэндум – пра насьпеласьць суду над камунізмам!”

Як мы ведаем, нашая ўлада заклапочана пакуль што зусім іншымі рэфэрэндумамі. Але ня будзем забываць і пра такі панятак, як суд гісторыі. Пошта Свабоды пацьвярджае: усё больш нашых суайчыньнікаў прыходзяць да высновы аб тым, што ў нас, беларусаў, эўрапейская гісторыя. А гэта – своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для лісту на Свабоду. Чакаем ад вас новых вестак і разваг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG