Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАПЦ пасьля сьмерці мітрапаліта Ізяслава


Удзельнікі: сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы з Таронта айцец Вячаслаў Логін і былы сакратар кансысторыі БАПЦ Барыс Данілюк.


26 лістапада ў ЗША памёр мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на эміграцыі Ізяслаў. Гэтай сумнай падзеі, сучаснаму стану БАПЦ і яе пэрспэктывам у аспэкце страты Першагерарха прысьвечаны сёньняшні выпуск перадачы “Сымбаль веры”.

Бандарук: Уладыка Ізяслаў памёр пасьля працяглай хваробы на 81-м годзе жыцьця. Жалобная багаслужба адбылася ў пятніцу 30 лістапада і ў суботу 1 сьнежня ў царкве Жыровіцкай Божай маці ў Гайлэнд-Парку, штат Нью-Джэрзі. Пахаваны мітрапаліт Ізяслаў на праваслаўных могілках у Іст-Брансуіку. Пахавальныя адправы ачольваў епіскап Дэтройцкі Аляксандар з Кіеўскага патрыярхату. Саслужылі яму 6 сьвятароў, у тым ліку адзін беларус, а.Вячаслаў Логін.

Пасьля паховінаў у парафіяльнай залі адбыўся памінальны пачастунак, падчас якога прамаўлялі: уладыка Аляксандар, сакратар кансысторыі БАПЦ Якуб Сапежынскі, старшыня парафіяльнай рады ў Брукліне Расьціслаў Гарошка, старшыня парафіяльнай рады ў Гайлэнд-Парку Віктар Дубяга, а таксама шматгадовы памочнік і блізкі ды верны сябра мітрапаліта Ізяслава спадар Барыс Данілюк. Ён узгадаў жыцьцёвы шлях Мітрапаліта і, сярод іншага, сказаў:

Данілюк: Зь ветлівасьцю ды ахвотай ахвярна працаваць з кожным суродзічам на карысьць Бацькаўшчыны ён ішоў шмат гадоў неперадзе дзейнасьці беларускай пасьля-ваеннай эміграцыі сьпярша ў Канадзе, а пасьля ў Амэрыцы. Калі была нагода пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, ён быў гатовы вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб пачаць там працу над узнаўленьнем Беларускай аўтакефальнай прваваслаўнай царквы, безь якой не магло быць і не стала сапраўды незалежнай, беларускай дзяржавы.

На жаль, ніхто з тых, хто павінен быў гэта разумець і дапамагчы ажыцьцявіць гэтую ідэю, насустрач ягонаму імкненьню не пайшлі. Не зважаючы на гэтую трагедыю, сьвятой памяці ўладыка Ізяслаў не зламаўся, а прысьвяціў сваю ўвагу забесьпячэньню далейшага існаваньня БАПЦ на чужыне як зарукі ейнага неабходнага і няўхільнага ўзнаўленьня на нашай Бацькаўшчыне ў будучыні.

Бандарук: Барыс Данілюк адзначыў вялікія заслугі нябожчыка мітрапаліта Ізяслава для новай хвалі беларускай эміграцыі з пачатку 1990-х гадоў. Мітрапаліт хадайнічаў перад амэрыканскімі ўладамі і прасіў іх шырэй адчыніць дзьверы для беларусаў, якія раней ня мелі ніякай магчымасьці перасяляцца, хіба што прымусова ў сыбірскую тайгу. Мітрапаліт Ізяслаў спадзяваўся, што прынамсі частка з новапрыежджых застанецца пры Царкве і прыйдзе на зьмену старой эміграцыі…

Данілюк: Зь ягоным подпісам былі выдадзеныя дзясяткам новапрыбылых у другой палове 1990-х гадоў мінулага і на пачатку гэтага стагодзьдзя беларусаў звароты да амэрыканскіх эміграцыйных уладаў з абгрунтаваньнем заслугаў гэтых людзей для атрыманьня палітычнага прытулку і з просьбамі, якія, дзякуй Богу, дапамаглі амаль усім заяўнікам застацца ў Амэрыцы, зь якіх частка сёньня прысутнічае сярод нас на разьвітаньні і ўшанаваньні памяці нашага сьціплага, а калі трэба – паможнага архіпастыра.

Урэшце, калі яго ўжо адольвала цяжкая хвароба, ён яшчэ спазнаў шчасьця і радасьці ад аб'яднаньня пад ягоным амафорам нашай царквы, непатрэбна і на ейную некарысьць расколатай, і з гэтым усьцешным пачуцьцём адышоў, каб стаць перад найвышэйшым Божым пасадам. Няхай жа Ўсемагутны прыйме ягоную душу ў рай і паспрыяе, каб ягоная архіпастырская праца дала шчодры плён і збыліся ягоныя мары, а ў нашых сэрцах каб засталася і пайшла ў наступныя пакаленьні па ім добрая памяць.

Бандарук: У якасьці біяграфічнай даведкі: мітрапаліт Ізяслаў, сьвецкае імя Янка Бруцкі, нарадзіўся 22 студзеня 1926 году у Белавушы Столінскага раёну Берасьцейшчыны. Скончыў польскую пачатковую школу. У траўні 1943 году быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны трапіў у лягер у Гановэры. Адтуль у 1947 годзе эміграваў ў Канаду.

Скончыў Манітобскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці інжынэр-будаўнік. З 1962 году жыў у ЗША, быў актывістам Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня. У 1979 годзе быў высьвячаны архіяпіскапам Мікалаем (Мацукевічам) на сьвятара. На другога япіскапа БАПЦ з манаскім імем Ізяслаў быў высьвячаны 22 лютага 1981 году. Ягоную хіратонію не прызнаў мітрапаліт Мікалай, што і прывяло да расколу БАПЦ. На ІІІ Саборы ў Манчэстэры ў траўні 1984 году абраны мітрапалітам часткі БАПЦ з сядзібай у Брукліне. Другую частку царквы узначальваў высьвячаны на япіскапа ў 1968 годзе мітрапаліт Мікалай, які памёр 20 чэрвеня 2002 году. Год пасьля ягонай сьмерці, у жніўні 2003 году, адбыўся аб'яднаўчы сход БАПЦ.

Што тычыцца ўласна беларускай аўтакефаліі, дык яе вытокі сягаюць у 13-е стагодзьдзе, калі існавала незалежная Наваградзкая мітраполія на чале з грэкам Фэафілам. Яна праіснавала да 1595 году, калі мітрапаліт Язэп Салтан перайшоў у вунію. У 1812 годзе ў часе напалеонаўскай вайны архіяпіскап Варлаам Шышацкі аднавіў аўтакефалію, але неўзабаве яна была скасаваная.

23 ліпеня 1922 году у катэдральным саборы Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Менску адбыўся царкоўны сынод, які вырашыў аднавіць незалежную беларускую мітраполію, абраць архіяпіскапа Мелхісэдэка Паеўскага мітрапалітам Менскім і Беларускім і аднавіць 4 эпархіі: Менскую, Бабруйскую, Мазырскую і Слуцкую. Другая спроба аднавіць аўтакефалію адбылася ў 1927 годзе. Да аўтакефальных структураў на чале зь япіскапам Філарэтам далучыліся 50 парафіяў.

30 жніўня 1942 году ў Менску адкрыўся І Ўсебеларускі праваслаўны сабор. Удзельнікі сабору ўхвалілі статут і накіравалі зварот да іншых праваслаўных цэркваў з просьбай аб прызнаньні. Напрыканцы чэрвеня 1944 году беларускія герархі і некаторыя сьвятары ўцяклі на Захад. 5 чэрвеня 1948 году на саборы ў Канстанцы БАПЦ была адноўленая.

Пасьля вайны большасць беларусаў зь лягероў для перасяленцаў эмігравалі ў Канаду і ЗША. Прыхільнікі аўтакефаліі скарысталі дапамогу Ўкраінскай аўтакефальнай царквы, герархія якой высьвяціла 19 сьнежня 1949 году архімандрыта Васіля Тамашчыка на япіскапа са званьнем “Віленскага”. 15 лютага 1968 году Андрэй Крыт быў высьвячаны на япіскапа Гарадзенскага, Наваградзкага і Кліўлендзкага. 10 сакавіка таго-ж году архімандрыт Мікалай Мацукевіч стаў япіскапам Турава, Пінска і Таронта. У якасьці другога япіскапа, як ужо згадвалася, быў высьвячаны Ізяслаў Бруцкі.

А які актуальны стан БАПЦ пасьля сьмерці мітрапаліта Ізяслава?

Логін: На сёньня мы маем дзьве моцныя беларускія парафіі ў Аўстраліі, маем некалькі парафіяў у Эўропе, у прыватнасьці, у Англіі, маем у Канадзе вельмі моцную парафію ў Таронта, маем моцныя парафіі ў Амэрыцы – гэта нашая катэдра ў Нью-Ёрку, якая ёсьць, можна сказаць, цэнтрам беларускай эміграцыі. Таксама ёсьць парафія ў Нью-Джэрзі.

Ёсьць таксама парафіі, якія яшчэ ня вызначыліся са сваім падпарадкаваньнем, напрыклад, вельмі моцная парафія у Кліўлендзе. Але думаю, што калі вырашыцца ў беларускай царкве пытаньне з нашай герархіяй, то думаю, што шмат якія парафіі прыяднаюцца. Ёсьць некалькі парафіяў, якія падпарадкоўваюцца грэкам, Канстантынопальскаму патрыярхату. Але, як паказала гісторыя пасьля ваеннай эміграцыі, усё-ткі тыя парафіі, якія належалі да БАПЦ, у большай ступені захоўваюць сваю беларускасьць, свае нацыянальныя абрады і мову. Таму што тыя парафіі, якія пад грэкамі, на жаль, ня маюць і ніколі ня мелі свайго япіскапа, і таму гэтая царква зусім не разьвіваецца, але трымаецца толькі на тым, што было закладзена пасьляваеннай эміграцыяй.

Бандарук: Некалькі гадоў таму дзеячоў так званай “старой эміграцыі” вельмі абнадзеіла высьвячэньне двух новых япіскапаў. Аляксандар Салагуб і Васіль Касьцюк мелі стаць пераемнікамі абодвух мітрапалітаў, мелі прывесьці да поўнага і рэальнага ўзьяднаньня падзеленай Царквы. На жаль, нічога з гэтага не атрымалася. Што сталася з гэтымі япіскапамі?

Логін: Гэтыя япіскапы, на жаль, адыйшлі ад нашай Царквы, а дакладней – былі адхіленыя ад кіраваньня, выйшлі за штат. На жаль, яны мала што мелі супольнага з беларускім праваслаўем. Наколькі я ведаю, уладыка Васіль Касьцюк на сёньня прадстаўляецца як япіскап Канстантынопальскага патрыярхату. Пра лёс уладыкі Аляксандра Салагуба мы нічога ня ведаем. Калі ён выйшаў за штат, ніякай дзейнасьці ён не праводзіў.

Я проста хацеў бы сказаць, што мы павінны заўсёды абіраць кандыдатаў на япіскапаў, якія былі б, па-першае, са сваёй царквы, якія былі б выхаваныя на беларускім праваслаўі. Таму, што калі чалавек выхаваны ў іншай нацыянальнасьці альбо ў іншай царкве, ён ставіцца да беларускай царквы з пункту погляду іншай канфэсіі, а павінен быць герарх, які жыве справамі гэтай царквы, для якога Беларусь і Праваслаўе – адно, бо часам людзі вельмі любяць сваю Бацькаўшчыну-Беларусь, але ў рэлігійных справах яны мала разьбіраюцца. Альбо бывае наадварот, калі чалавек – праваслаўны па-духу, але Беларусь для яго – гэта пустое месца. І тады ў гэтым выпадку таксама чалавек гэты ня зможа жыць беларускай царквою, беларускім праваслаўем, ня зможа даць свайму народу тое духоўнае багацьце, якое ён павінен несьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG