Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ігуменскі шлях": ля Чэрвеню паміналі ахвяраў НКВД


Севярын Квяткоўскі, Чэрвень “Ігуменскі шлях” – так завецца мэмарыяльная акцыя, якая ладзіцца ад 1989 году ў ваколіцах Чэрвеню (колішняга Ігумену). Штогод у найбліжэйшыя выходныя перад 26-м чэрвеня ва ўрочышчы Цагельня зьбіраюцца прадстаўнікі грамадзкасьці, каб памянуць палітычных вязьняў чэрвеньскай перасыльнай турмы, расстраляных 26 чэрвеня 1941 году – перад прыходам нямецкага войска. Крыжы ўздоўж дарогі стаяць на месцы гібелі беларусаў, літоўцаў і палякаў.

“Ігуменскі шлях” распачаўся з імшы побач з адным з крыжоў.

Сьвятар Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Леанід:

“Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Божа наш! Ты сам быў бязьвінна рэпрэсаваны. Пакутаваў, расьпяты на крыжы. Глянь ласкавым вокам на загінулых ад бязбожнай улады пры дэспату Сталіну пакутнікаў ігуменскіх”.

“Сёлета арганізатарамі мерапрыемства выступілі прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Таксама далучыліся сябры руху БНФ, гісторыкі, некаторыя жыхары гораду Чэрвеню.

Ігуменскі шлях, акцыя памяці ахвяраў НКВД

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

“Калі кожны беларус ня будзе расьціць сваіх дзяцей у беларускай культуры, у беларускім слове, з апорай на нашу хрысьціянскую веру, зноў будуць нашэсьці бязбожнікаў і зноў будзе ліцца нявінная кроў”.

Эрнст Сабіла, вязень ГУЛАГу, пастар Беларускай эвангельскай царквы:

“Мы чулі, што тут ляжаць бязьвінна расстраляныя людзі. А тых, хто страляў, ніхто ня бачыў, каб прыходзілі, укленчылі на гэтым месцы? Ня бачылі такіх… А Хрыстос кажа: “Пакайцеся”. А грамадзянскі закон таксама кажа: “Злачынцы, пакайцеся”.

Дождж перашкодзіў выступіць усім прысутным – навуковай кіраўніцы Курапацкага мэмарыялу Маі Кляшторнай, дасьледчыку пачатку вайны і сталінскіх рэпрэсіяў гісторыку Ігару Кузьняцову ды іншым.

Удзельнікі жальбінаў пачалі і скончылі мэмарыяльную акцыю выкананьнем гімну “Магутны Божа”.

• Чэрвень – другія Курапаты (фотарэпартаж), 27.06.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG