Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі кватэрная плата вырасьце тысяч на пяцьдзясят, я і мой сын пачнем галадаць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111"

Пошта апошняга тыдня адметная трывожнымі нотамі, што гучаць у многіх лістах у сувязі зь няпэўнымі эканамічнымі пэрспэктывамі Беларусі. Таннага расейскага газу ў новым годзе, найхутчэй, ня будзе. Як ня будзе і безакцызнай расейскай нафты, дзякуючы якой беларускі бюджэт атрымліваў штогоду некалькі мільярдаў даляраў, пастаўляючы на Захад нафтапрадукты.

Як усё гэта адаб’ецца на жыцьці звычайных беларускіх грамадзянаў? Многія нашы слухачы лічаць, што наперадзе — цяжкі час.

Вось як апавядае пра цяперашняе жыцьцё Тацяна Носава зь Менску:

“На сваім паўжывым заводзе я атрымліваю 300 тысяч рублёў. За кватэру за апошні месяц заплаціла 120 тысяч. Яшчэ 25 тысяч — праезны білет на грамадзкі транспарт. 30 тысяч — школьныя сьняданкі для дзіцяці. Што застаецца? І што я магу сабе дазволіць на гэтыя грошы? Локшыну, крупы й сьвіныя капыты? Добра, што прывезла зь вёскі некалькі мяхоў бульбы.

Калі тое, пра што цяпер так шмат гавораць, адбудзецца, і калі камунальныя плацяжы сапраўды вырастуць тысяч на пяцьдзясят, будзе азначаць, што я і мой сын пачнем па-сапраўднаму галадаць. Іншае выйсьце — перастаць плаціць за кватэру. Але тады могуць выселіць. І дзе для мяне выйсьце? Шукаць новай працы? Але каму я патрэбная ў свае пяцьдзясят гадоў?

Я слухаю “Свабоду” — і проста дрыжу, бо баюся за лёс сваёй сям’і. Гэта проста злачынства з боку Расеі — так абыходзіцца з народам, які ёй блізкі, які зь ёй у адным саюзе. І каму пойдуць адабраныя ў нас капейкі? Расейскім алігархам, якія й так шалеюць ад свайго багацьця. У іх цяпер мільярды, а яны ўжо хочуць, відаць, трыльёны. Будуць купляць новыя маёнткі на акіянскіх выспах, уласныя самалёты і параходы”.

Як і любы тавар, спадарыня Носава, расейскія газ і нафта маюць рынкавую цану. Па гэтай цане іх купляюць Нямеччына, Італія, Польшча, Літва… І ўласьнік тавару, Расея, мае права патрабаваць такой жа рынкавай цаны і ад Беларусі. Абвінавачваць за гэта расейскіх уласьнікаў у амаральнасьці й сквапнасьці, прынамсі, дзіўна.

Вось вы, спадарыня Носава, вырабляеце на сваім заводзе нейкі тавар. Прадаяце яго за пэўны кошт. І раптам расейскі спажывец просіць прадаваць яму гэты тавар удвая таньней — зважаючы на вашы сяброўскія дачыненьні. Як бы да гэтага паставіліся на вашым заводзе? Гэты момант — калі Беларусь за ўсе рэсурсы павінна плаціць столькі ж, колькі й яе суседзі, быў непазьбежны.

Вялікай палёгкай для ўсёй беларускай гаспадаркі было тое, што яна апошнія пятнаццаць гадоў купляла расейскія газ і нафту за значна ніжэйшыя цэны. Гэтак беларуская эканоміка атрымлівала бясплатныя субсыдыі ад суседняй дзяржавы. Руплівы й ашчадны гаспадар павінен быў выкарыстаць гэты нечаканы падарунак, каб з найменшымі стратамі перабудаваць сваю эканоміку на рынкавыя рэйкі, падрыхтавацца да непазьбежнага моманту, калі цэны стануць усясьветныя.

На тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў выказваецца ў сваім лісьце і наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Стаўленьне да саюзу з Расеяй у людзей цяпер неадназначнае. З маіх назіраньняў, моладзь — у асноўным супраць такога саюзу. За — у асноўным старыя. Дый тое ня ўсе. Яно й зразумела: калі паглядзіш па тэлевізары, што ў той Расеі адбываецца, як гадамі ня плацяць заробкаў — дык ня надта захочаш такога яднаньня. Расея цяпер шантажуе Беларусь нафтай і газам. Няўжо там не разумеюць, што прымусовае далучэньне Беларусі прывядзе да развалу Расеі? Бо незалежнасьці так проста ніхто не аддае.

Беларусь цяпер праводзіць вельмі спэцыфічную замежную палітыку. Каго ўвесь сьвет апасаецца — з тымі мы сябруем. У сьвеце занепакоеныя іранскай і паўночнакарэйскай ядзернымі праграмамі. А ці абышлося там безь Беларусі? Пытаньне. Магчыма, іранцам ды карэйцам паспрыяла Расея, але ўрэшце ўсё роўна ўсё сьпішуць на Лукашэнку. Яму і так губляць няма чаго. Беларусь бразгае зброяй — напэўна, думае, што суседзі спалохаюцца. А ўсё гэта адбіваецца на нашым жыцьці. Пэнсіі, здаецца, падвышаюць. Але пойдзеш у краму ці на рынак — і з засмучэньнем заўважаеш, што ўся падвышка не пасьпела за ростам цэнаў”.

Сапраўды, спадар Сац, за мінулае дзесяцігодзьдзе ў нас на вачах адбыўся круты паварот у сьветапоглядзе значнай часткі беларусаў. Тое, што выглядала неверагодным у сярэдзіне 1990-х, сёньня стала рэальнасьцю: большасьць беларускага грамадзтва хоча жыць ва ўласнай незалежнай дзяржаве й выступае супраць далучэньня да Расеі. Гэтак жа кардынальна за мінулыя гады зьмянілася і стаўленьне беларускага кіраўніцтва да гэтай праблемы.

Прэзыдэнт Лукашэнка апошні час ня раз заяўляў, што незалежнасьць Беларусі — недатыкальная, і ён увогуле ня будзе ні з кім абмяркоўваць магчымасьці ўваходжаньня сваёй краіны ў склад Расеі. На гэтую пазыцыю не паўплываў нават востры крызіс у беларуска-расейскіх эканамічных дачыненьнях. І хоць за ілюзіі беларусам, верагодна, давядзецца ў недалёкай будучыні заплаціць высокую цану, пагроза беларускай незалежнасьць сёньня значна меншая, чым была ў сярэдзіне 1990-х. Бо грамадзкая думка ў гэтай справе значыць цяпер больш, чым газ і нафта.

Наш слухач Міхаіл Данько з Давыд-Гарадка Столінскага раёну ў сваім лісьце згадвае падзеі дзесяцігадовай даўніны — лістападаўскі рэфэрэндум, у выніку якога ў Беларусі была кардынальна зьмененая Канстытуцыя і ў дзяржаве фактычна ўсталяваўся аўтарытарны рэжым. Слухач піша:

“У мяне захаваўся спэцыяльны выпуск газэты “Советская Белоруссия” за лістапад 1996 году, у якім упершыню надрукаваны праект новай Канстытуцыі. На першай старонцы нумару паведамляецца, што папярэдняе галасаваньне пачалося 9 лістапада. А на апошняй дробным шрыфтам указана, што газэта паступіла ў друк 10 лістапада. З улікам часу на дастаўку нумар трапіў да чытача ў найлепшым выпадку 11 лістапада. Такім чынам, відавочны факт, што выбарцы тры дні галасавалі, ня маючы магчымасьці загадзя прачытаць праект, які быў вынесены на галасаваньне. Гэта значыць, галасавалі — і ня ведалі, за што.

А што ўжо казаць пра тое, як ішоў падлік галасоў, як абышліся са старшынём Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром напярэдадні галасаваньня… Я пра ўсё гэта адкрыта гавару і пішу, бо гэта неабвержная праўда. У свой час я нават даваў такія тлумачэньні пракурору Столінскага раёну пасьля сваёй публікацыі ў “Народнай Волі”.

Сапраўды, спадар Данько, той рэфэрэндум вызначыў лёс Беларусі на доўгія гады наперад — таму такім вострым быў тады палітычны крызіс у дзяржаве. Відавочная недарэчнасьць з друкаваньнем прэзыдэнцкага праекту Канстытуцыі — толькі адзін з эпізодаў таго крызісу, адно (і, напэўна, ня самае вырашальнае) парушэньне дзейнага заканадаўства аб рэфэрэндумах і зьмене Канстытуцыі. Нават калі б насельніцтва атрымала той праект своечасова — колькі-небудзь істотна на сытуацыю гэта не паўплывала б. Усё роўна большасьць выбарцаў тых праектаў не чытала, не аналізавала й не зьбіралася іх супастаўляць. Галасавалі не за юрыдычныя дакумэнты — галасавалі за асобаў.

Але галоўнае нават ня тое, як галасавалі — галоўнае, як лічылі галасы. Менавіта тады, у 1996 годзе, у Беларусі былі зьнішчаныя апошнія магчымасьці для незалежнага кантролю за хадой выбараў і падлікам галасоў. Уся выбарчая сыстэма пакрысе была перабудаваная паводле савецкага ўзору.

На заканчэньне кароткі ліст ад Андрэя Паска зь Берасьця:

“Па-ранейшаму цаню ваша радыё і зь цікавасьцю сачу за навінамі, падрыхтаванымі вашымі карэспандэнтамі. Пачуў паведамленьне, што Садам Хусэйн асуджаны на сьмерць. Асабіста я супраць сьмяротнага прысуду былому дыктатару. Хапіла б і пажыцьцёвага зьняволеньня. Я лічу, што чалавек ня мае права забіваць чалавека”.

Садама Хусэйна, Андрэй, судзіў ірацкі суд у адпаведнасьці з ірацкімі ж законамі. Былы дыктатар пакінуў пасьля сябе такі шлейф забойстваў ды іншых злачынстваў, што шанцы на мяккае пакараньне ў яго наўрад ці заставаліся. У Эўропе цяпер іншае ўяўленьне пра мэтазгоднасьць сьмяротнага пакараньня, але нават сёньняшнім эўрапейцам цяжка ўявіць, што, напрыклад, пасьля Другой усясьветнай вайны трыбунал у Нюрнбэргу мог падарыць жыцьцё фашысцкаму дыктатару Адольфу Гітлеру. А Садам у лёсе многіх іракцаў адыграў такую ж ролю, што і Гітлер у лёсе мільёнаў эўрапейцаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG