Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыйныя лідэры адстойваюць дробязі й ня могуць зразумець галоўнага”


Валянцін Жданко, Менск Новы выпуск праграмы "Паштовая скрынка 111".

Значная частка нашай пошты прысьвечаная стану беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Чаму выпрацаваная апазыцыйнымі лідэрамі тактыка не прыносіць заўважнага плёну? Ці надыдзе час, калі большасьць беларускага грамадзтва па-іншаму пачне ставіцца да тых каштоўнасьцяў, якія адстойваюць дэмакратычныя сілы? Многія слухачы даюць уласныя адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Дзьмітрыя Каліноўскага зь Віцебску. За пяро ён узяўся, паслухаўшы па “Свабодзе” дыскусію ў “Праскім акцэнце” паміж Аляксандрам Мілінкевічам і Анатолем Лябедзькам. Дзьмітры піша:

“Падтрымліваю Мілінкевіча ў тым, што ў апазыцыйным руху трэба стварыць дакладную ярархію. Краіне патрэбная канкрэтная асоба, з канкрэтным плянам дзеяньняў. Калі цэнтраў шмат і розныя лідэры — уся справа асуджаная на паразу. Прыклады: паўстаньне 1863 году, паўстаньне дзекабрыстаў і грамадзянская вайна ў Расеі. Калі б Урангель, Дзянікін, Калчак, Керэнскі, Карнілаў аб’ядналіся, а не высьвятлялі дачыненьні паміж сабой у пляне спрэчкі за ўладу, асабістых крыўдаў і бачаньня будучыні Расеі, дык бальшавіцкую гідру яны задушылі б у яе логаве, у Маскве. А так усіх перабілі паасобку.

Гэтак жа і БНФ, і АГП, і руху “За Свабоду!” варта рыхтавацца да такой пэрспэктывы, калі яны не пачуюць адзін аднаго. Я чуў маналёгі, а не дыялёг. Адстойваюць дробязі, ня могуць зразумець галоўнага. Трэба вярнуць Беларусь у сыстэму дэмакратычных каардынатаў, даць магчымасьць разьвівацца дэмакратычным шляхам. Нам не патрэбныя праграмы — патрэбная свабода.

Вось пасадзілі Садоўскую за абразу Лукашэнкі. Затрымалі актывіста — нібыта з фальшывымі грашыма. Найгоршыя чаканьні пачынаюць збывацца. Хутка гэта набудзе масавы характар. У дэмакратычных актывістаў пачнуць знаходзіць ня толькі грошы й забароненую літаратуру, але і многае іншае. Каб толькі ў Мілінкевіча не атрымалася, як у Кастуся Каліноўскага. Каліноўскаму ўрэшце далі ўсе паўнамоцтвы кіраўніка паўстаньня 1863 году, але ўжо напярэдадні паразы, калі ўсё ішло на спад.

Усе апазыцыянэры старой гвардыі страцілі рэальную палітычную вагу, а галоўнае — веру народу. А Мілінкевіч — той палітык, у якога вераць. Старой гвардыі трэба проста зразумець, што супраць рэйтынгу ня пойдзеш”.

Прыведзеныя вамі, Дзьмітры, гістарычныя паралелі, відаць, не зусім карэктныя. Антыманархічныя й нацыянальна-вызвольныя паўстаньні ХІХ стагодзьдзя (а тым больш грамадзянская вайна ў Расеі на пачатку ХХ стагодзьдзя) маюць мала агульных рысаў зь цяперашняй беларускай сытуацыяй. Розныя гістарычныя ўмовы, розныя мэты й задачы, розныя мэтады барацьбы за ўладу.

Нязьменнай з таго часу засталася хіба што чалавечая прырода, слабасьці й заганы, памкненьні й жаданьні. У гэтым сэнсе заклікі да палітыкаў аб’ядноўваць намаганьні дзеля дасягненьня высакародных мэтаў застаюцца актуальнымі што для ХІХ, што для ХХІ стагодзьдзя. Зрэшты, як паказвае гістарычны досьвед, да заклікаў гэтых ва ўсе часы рэдка прыслухоўваюцца. Бо ня дзеля таго ідуць людзі ў палітыку, каб адмаўляцца ад уласных палітычных амбіцыяў.

У адной зь нядаўніх перадачаў “Летні альбом”, якую вядзе Вінцэсь Мудроў, прагучаў успамін пра такі дэфіцытны ў савецкі час атрыбут капіталістычнага сьвету, як жавальная гумка. Нашаму слухачу Ўладзіславу Хархардзіну зь Верхнядзьвінску гэтая перадача нагадала ягонае галоднае паваеннае й ваеннае дзяцінства. У сваім лісьце ён піша:

“Я нарадзіўся перад вайной у Арле. Падчас акупацыі мы з маці выехалі ў эвакуацыю, а бацька быў на фронце. Увосень 1943 году, калі Арол вызвалілі, мы вярнуліся дадому. На шчасьце, наш дом ацалеў, хоць увесь горад ляжаў у руінах. Дагэтуль памятаю віскат бомбаў, промні пражэктараў, стрэлы зэнітак, бамбасховішчы, палонных немцаў, якія адбудоўвалі горад. І яшчэ многае іншае. А яшчэ памятаю, як у той цяжкі для ўсіх нас час Злучаныя Штаты аказвалі гуманітарную дапамогу — вопраткай і харчаваньнем. Як сёньня, памятаю блакітную бляшанку сьвініны, якая, на дзіва нам усім, адкрывалася не нажом, а прымацаваным збоку ключыкам. Памятаю малочны й яечны парашок, зь якіх можна было прыгатаваць малако і амлет. Памятаю амэрыканскую фасолю, чачавіцу, іншае… Зразумела, усяго гэтага давалася небагата. Але выжыць нам дапамагло. І ў памяці адбілася назаўжды.

І калі сёньня нехта распальвае варожасьць да ЗША — я сьведка, як у цяжкі галодны час амэрыканцы працягнулі нам руку дапамогі — руку, у якой была ежа. Той, хто хоць аднойчы галадаў, ведае, што гэта значыць.

Аб падобным чытаў у кнізе Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі” — толькі там гаворка ішла пра дапамогу пасьля Першай ўсясьветнай вайны. Чаму гэтыя ўспаміны выклікала эсэ Мудрова? А таму, што сярод прадуктаў у амэрыканскіх пасылках была й жавальная гумка. Маці давала нам, малым, па пласьцінцы гэтай жуйкі, і мы стараліся жаваць яе як мага даўжэй. Што праўда, голад яна не заглушала, а наадварот — яшчэ болей хацелася есьці. Вось такую сумную старонку майго жыцьця нагадаў мне Вінцэсь Мудроў сваім эсэ. Дзякуй яму за гэтыя перадачы”.

Дзякуй, спадар Хархардзін, і вам за цікавыя шчымлівыя ўспаміны дзяцінства. У тых харчовых пасылак з Амэрыкі, якія атрымлівалі падчас вайны дзясяткі тысяч савецкіх сем’яў, асаблівая цана ня толькі таму, што яны ратавалі дзяцей ад галоднай сьмерці. Шлях іх са Злучаных Штатаў быў зусім ня просты. Канвоі амэрыканскіх караблёў прабіваліся да савецкіх портаў праз агонь нямецкай авіяцыі і рэйды варожага флёту. Тысячы амэрыканскіх салдат заплацілі сваімі жыцьцямі ў Нарвэскім і Баранцавым морах за тыя харчовыя пасылкі, якія яны везьлі галодным савецкім дзецям.

Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну напісаў ліст на “Свабоду”, пачуўшы пра тое, што ў Беларусі зьбіраюцца пабудаваць дзесяць новых дрэваапрацоўчых заводаў.

“Для мяне гэтая навіна — як абухом па галаве. Няўжо чыноўнікі, якія давалі на тое згоду, ні разу апошнім часам не выяжджалі за горад і ня бачылі, што робіцца зь лесам, які яны зьбіраюцца яшчэ больш вынішчыць? Ці ж вытрымае той падлесак гэтыя заводы? Няўжо яны ня ў курсе, колькі лесапілак павырастала пасьля перабудовы ва ўсіх кутках Беларусі? І каго гэта яны так цынічна заклікаюць “Берегите лес!” размаляванымі валунамі ўзбоч дарог?

Да кожнага дрэўца прырастаеш душой, а нехта без усялякай на тое маёй згоды па-бальшавіцку пілуе і прадае. Якія тут заводы! Тут прынамсі на пяцьдзясят гадоў трэба заглушыць пілы — асабліва тыя мадэрновыя, што падсунуў Захад. Такое ўражаньне, што яны самі рвуцца з рук, каб пілаваць. А вось ці ўмеюць тыя пілы спыняцца перад зусім яшчэ нясьпелым, маладым лесам? Бо сьпелы лёг яшчэ на пачатку ўсяго бізнэс-вэрхалу.

Лес — лёгкія грошы. І такім заманлівым падаўся гэты бізнэс, што нават палі былыя саўгасныя пачалі засяваць саджанцамі, нібы бульбаю — радочкамі. Тыя палі, што ў свой час неверагоднымі высілкамі пасьля вайны галоднымі жанчынамі й дзецьмі былі ачышчаныя ад валуноў ды карчоў.

Лес лёгка пілаваць, асабліва радамі, — як лёгка маніпуляваць людзьмі, калі іх паставіць у шарэнгу альбо сагнаць у статак. Так яно ў бальшавікоў і склалася. Толькі вось ці дачакаюцца іхныя дзеткі таго часу, бо сеяны (ды яшчэ так густа, у радкі-траншэі) лес ёсьць найвялікшым зьдзекам з жывой прыроды й насьмешкай над Стваральнікам. У лесе ўжо ў футбол можна гуляць, а яны ўсё зь піламі ды сякерамі туды…”

Сапраўды, спадар Васілеўскі, многія колішнія калгасныя ды саўгасныя палі сёньня засаджваюцца лесам. Ня думаю, што гэта варта лічыць гвалтам над прыродай. Памятаю, як гадоў трыццаць-трыццаць пяць таму пясчаныя пусткі за маёй вёскай засаджвалі маладымі саджанцамі: сёньня там шуміць высокі сасновы бор. На пясчанай глебе, успамінаюць старыя людзі, не расьлі ні бульба, ні жыта. А тое, што пасаджаныя гэтыя дрэвы радамі, вы праз сорак год і не здагадаецеся. Ня ўсе яны прыжывуцца. Дый прарэджваць будуць маладыя пасадкі.

Саўгасныя палі засаджваюць сёньня лесам не ад добрага жыцьця. Вёскі абязьлюдзелі, апрацоўваць гэтыя землі няма каму. Вазіць людзей з гораду — дорага і эканамічна неабгрунтавана. Можа, і няблага, што замест бур’яну і лебяды будуць расьці там сосны?

Вядома, душы чалавека, які вырас сярод лесу, цяжка зьмірыцца з тым, што гэты лес пілуюць, што мяняюцца краявіды, якія зь дзяцінства былі роднымі й блізкімі. І зразумець вас, спадар Васілеўскі, няцяжка. Хоць і цалкам абысьціся бяз гэтых высечак, напэўна, наўрад ці магчыма.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG