Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для мяне савецкі час — гэта пустыя паліцы і суцэльныя чэргі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У аглядзе пошты 25 жніўня прагучаў ліст Леаніда Лукіна зь Менску, у якім слухач дакараў “Свабоду” за няправільнае, як ён лічыць, асьвятленьне савецкага мінулага:

“Пра тое, якой магутнай і багатай краінай быў Савецкі Саюз, цяперашняя моладзь амаль нічога ня ведае. Патаюцца ў мяне: “А колькі тады каштавала кватэра ў Менску?” Адказваю: “Нічога не каштавала, дзяржава давала кватэры бясплатна”.

Леанід Лукін таксама нагадваў пра бясплатныя мэдыцыну, адукацыю, дзіцячыя летнікі й студэнцкія стыпэндыі.

На гэтыя развагі адклікнуўся наш слухач Ільля Копыл зь Менску. У сваім лісьце ён піша:

“Для мяне савецкі час — гэта пустыя паліцы ў крамах, суцэльныя чэргі, талённая сыстэма разьмеркаваньня.

Людзі атрымлівалі толькі мізэрную частку таго, што зараблялі. Большая частка заробленага ішла праз схаваныя падаткі ў так званыя грамадзкія фонды спажываньня.

Падчас гарбачоўскай перабудовы сталі вядомыя наступныя лічбы, апублікаваныя тады ў маскоўскай газэце “Социалистическая индустрия”: на пэнсію з заробку савецкага чалавека вылічвалі 36 працэнтаў, на жыльлё — 22, на ахову здароўя — 11, на адукацыю — 10. Ну, і гэтак далей.

У выніку на рукі чалавек атрымліваў толькі ад чатырох з паловай да шасьці з паловай працэнтаў таго, што зарабіў. Што і складала ад 70 да 150 рублёў. Заробку на 200 рублёў зайздросьцілі.

Няцяжка падлічыць, што рэальны фонд месячнай зарплаты на аднаго работніка павінен быў тады складаць каля 3000 савецкіх рублёў. Вось якія заробкі павінны былі нам плаціць.

А што было з так званымі “бясплатнымі” кватэрамі? Людзі стаялі ў чарзе дзесяць-пятнаццаць гадоў. А колькі яшчэ трэба было патраціць часу і нэрваў, каб стаць у тую чаргу.

Да таго ж, ня ўсе маглі карыстацца гэтым грамадзкім фондам спажываньня. Шмат хто не дачакаўся дзіцячага садка — дзеці вырасьлі. Людзі атрымлівалі не аднолькавую адукацыю: адзін закончыў сем клясаў, другі — ВНУ. Адзін адпачываў у санаторыі штогод, другі — ні разу за ўсё жыцьцё. А падаткі плацілі аднолькава”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл параўноўвае савецкую сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня зь цяперашняй беларускай сыстэмай:

“Савецкая сыстэма схаваных падаткаў і адмысловых фондаў захавалася, а магчыма, стала нават больш драпежнай. Напрыклад, калі карыстаемся платнай мэдыцынай, дык плацім двойчы — схаваны падатак плюс непасрэдная аплата паслугі. Тое ж і ў сыстэме адукацыі.

А пэнсійны фонд цяпер для дзяржавы — проста залатыя россыпы, Кландайк. У кожнага работніка на працягу ўсяго працоўнага стажу забіраюць 36 працэнтаў ад фонду зарплаты. Але да пэнсіі ў нас мала хто дажывае.

Я часта бываю на Паўночных могілках, там пахаваная мая жонка. Сьвежыя пахаваньні – амаль спрэс людзі пяцідзесяці-шасьцідзесяці гадоў. Такое ўражаньне, што дзяржаве гэта выгадна: эканомія грошай. Але куды ідуць гэтыя сродкі, грамадзтва пракантраляваць ня ў стане: мы добраахвотна адмовіліся ад кантролю ў выніку рэфэрэндуму 1996 году”.

Будзьма дакладнымі, спадар Копыл: да пэнсійнага веку дажываюць усё ж многія — ня “мала хто”, як вы пішаце. Іншая рэч, што цягнецца той пэнсійны век у Беларусі вельмі нядоўга, асабліва ў мужчынаў, сярэдняя працягласьць жыцьця якіх складае 64 гады.

Зразумела, што пэнсія за 48 месяцаў, якую пасьпявае атрымаць сярэднестатыстычны беларускі пэнсіянэр, несувымерная з тымі адлічэньнямі, якія ён рабіў на працягу ўсяго свайго працоўнага жыцьця — бывае, што больш за сорак гадоў.

Адзначым, адносна пэнсіянэрак сытуацыя іншая: сярэдняя працягласьць жыцьця беларусак — 74 гады, так што пэнсію яны атрымліваюць у сярэднім на працягу дзевятнаццаці гадоў.

Аўтар наступнага ліста — Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. Назіраючы за жыцьцём вакол сябе, слухачка схіляецца да ня надта аптымістычных высноваў:

“Працы ў многіх людзей няма. А ў каго шукаць праўды? Народ прыніжаны і абяздолены. Вось нядаўна выпрасіла ў Іўі ў цэнтры сацыяльнай абароны жабрацкую падачку — дапамогу на дзіця да пачатку навучальнага году. Дык настаўніца вырвала яе ў мяне з рук, ледзь толькі я расьпісалася — я нават не дакранулася да тых грошай. Якія дзікасьць і прыніжэньне.

…Нядаўна ў царкве пазнаёмілася з жанчынай, у якой маленькая дачка, гады тры-чатыры. Дзіця расьце сіратой: бацьку забілі. Вяртаўся ў дзень зарплаты дамоў, нёс грошы. Знайшлі ўтопленым.

…Дзякуй Радыё Свабода за тое, што даяце людзям выгаварыцца, што чытаеце горкія людзкія споведзі.

А ўвогуле, назіраючы за нашымі людзьмі, я ўсё больш пераконваюся: слугі, у якіх няма пана, не становяцца ад гэтага свабоднымі: лёкайства ў іх у душы”.

Магчыма, спадарыня Сакаловіч, у настаўніцы былі падставы дзеля таго, каб гэтак паступіць? Дзеці з малазабясьпечаных сем’яў — вялікая праблема для школы. А настаўнік — якраз той чалавек, які з гэтай праблемай сутыкаецца штодня.

Для яго зусім не абыякава тое, што дзіця, напрыклад, ня можа заплаціць за школьныя абеды, і праз гэта галадае альбо церпіць кпіны аднаклясьнікаў. Хоць, зрэшты, у любым выпадку гэтай настаўніцы варта было б сур’ёзна пагаварыць з вамі, перш чым гэткім чынам абыходзіцца з тымі сьціплымі грашыма, якія вы здабылі ў райвыканкаме.

Наступны ліст даслала нам Алена Кемерава з Горадні:

“Аднойчы лёс паслаў мне магчымасьць убачыць сваіх продкаў — такімі, якія яны былі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя.

Гартала часопіс і ўбачыла тых, каго ўжо ня думала ніколі пабачыць. На фатаздымках — габрэйская сям’я Гурковых, мае продкі. Мяркуючы па ня надта новых мужчынскіх чаравіках галавы сям’і, вялікага дастатку ў іх не было. Але дзеля таго, каб зрабіць фатаздымкі, адкладвалі па капейцы, ашчаджалі. Апраналіся ў тое, што ў суботы хадзілі ў сынагогу. Ведалі, што пакідаюць пра сябе памяць для ўнукаў і праўнукаў.

Часта думаю: у чыім архіве зьберагліся гэтыя здымкі, як перажылі вайну, галакост, справу лекараў 1953 году... Захоўваць такія фота ў сямейным альбоме было небясьпечна.

У мяне ёсьць здымкі маіх родных з тых, даваенных гадоў. На фота — і двух-, трохгадовыя дзеці, якія задыхнуліся ў газавых камэрах, і так і засталіся навечна дзецьмі.

Калі б яны, нашы продкі, змаглі паглядзець на нас зь небыцьця. Парадаваліся б яны? Ці засмуціліся б?”

Напэўна, спадарыня Кемерава, і парадаваліся б, і засмуціліся б. Увогуле, калі б мы часьцей задавалі сабе такія пытаньні — пра адказнасьць перад памяцьцю продкаў і перад нашчадкамі, якія будуць жыць пасьля нас, — многае на гэтым сьвеце выглядала б па-іншаму, а дачыненьні паміж людзьмі былі б больш зычлівымі і міласэрнымі.

Наш сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім электронным лісьце на “Свабоду” разважае пра культуру мовы і ўзровень пісьменнасьці журналістаў і чыноўнікаў:

“Неяк гляджу канал “Лад”. Перадача пра вайну, выступае яе ўдзельнік, сівенькі такі дзядок. На экране зьяўляецца надпіс па-расейску — прозьвішча вэтэрана і ягоная вайсковая прафэсія: “артелерист”. Так, дзьве памылкі ў адным слове.

Слухаю радыё, канал “Культура”. А вы ж ведаеце, што апошнім часам у нас многія ўжываюць дзе трэба і ня трэба словы “как бы”, гэта проста эпідэмія нейкая. І вось, ідзе размова пра паэзію (зразумела, па-расейску). Вядучая перадачы і кажа: “Бертольд как бы Брехт”. Ці варта тады зьдзіўляцца, што ў раённай газэце чытаеш: “"На ўсходзе ружавела закатнае сонца…”

А ўжо нашы чыноўнікі, выступаючы па радыё ці тэлебачаньні, пераплёўваюць усіх. Яны, напрыклад, амаль усе прапусьцілі ў школе тэму “парадкавыя лічэбнікі” па расейскай мове (пра беларускую мову не кажу, бо яны яе, здаецца, наагул не вывучалі).

Гэта стала заўважна з дзьве тысячы першага году. Чаго толькі не пачуеш ад іх — і “двухтысячнопервый”, і “дветысячнопервый”, і “двухтысячепервый”, ды яшчэ чорт ведае як. Падобна на тое, што гэта давядзецца выслухоўваць яшчэ нашым пра-пра-праўнукам, бо другое тысячагодзьдзе яшчэ ня хутка скончыцца”.

Калісьці, на пачатку 1990-х гадоў, многія чыноўнікі перапалохаліся, што іх прымусяць здаваць іспыты па беларускай мове. Магчыма, той страх стаў не апошняй прычынай згортваньня палітыкі беларусізацыі ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Але гэта не зрабіла чыноўнікаў больш пісьменнымі і не паглыбіла іхнага веданьня мовы расейскай, якой яны толькі і карыстаюцца. І моўныя іспыты былі б для многіх зь іх яўна ня лішнімі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG