Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беніца – ня бедніца


Тацяна Сапач, Беніца, Маладачанскі раён Новая перадача сэрыі “Падарожжа Свабоды”

Дзяўчынка: “Раней Беніца называлася ня Беніца, а Бедніца”.

Сапач: “Ад слова “бедны”?”

Дзяўчынка: “Напэўна... А потым, у сувязі з тым, што гаварыць было ня надта зручна, сталі вёску называць Беніцай”.

Дзяўчынка Васілінка запэўнівае, што гэта – адзіная вэрсія паходжаньня дзіўнае назвы Беніца. Зрэшты, калі й не адзіная,то гэтая гучыць дастаткова праўдападобна: зірнеш налева, у бок усім вядомага Крэва – а там набягаюць адзін на адзін пругкія пагоркі, пясок ды гліна, бедная зямля; глянеш направа, туды, дзе зноў-ткі ўсім вядомае Залесьсе Агінскага, – з таго боку роўнядзь, як стол, пыльныя тарфянікі, а колісь былі балоты. Неўрадлівыя, бедныя землі, а пасярод – вёсачка: дзе людцам сеяць? што жаць? Адным словам, бедніца. Вось нам і Беніца. Хаця... Магчымыя й іншыя варыянты.

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Маладая жанчына: “Мала хто толкам ведае гісторыю гэтай вёскі, карэнных людзей тут мала, практычна ўсе прыежджыя, але яны помняць, што колісь гэта было дужа значнае месца. І нават так успрымаюць: мы, з такога месца, як мы можам бяз крамы, бяз пошты, без бальніцы абыходзіцца?.. Гэта ж цэнтар! Тут павінна ўсё гэта быць!”

Выглядае, што не такая ўжо бедная была наша Бедніца-Беніца. На нечым жа мусяць грунтавацца смутныя ўяўленьні яе жыхароў пра былую веліч іх паселішча? Можа, нехта выпадкова натрапіў на гравюру Напалеона Орды, дзе ўвасоблены Беніцкі панскі двор – невялічкі, але ладненькі палацык на два крылы, у атачэньні прысадаў ды ставоў зь лебядзямі. Цяпер ад таго двору застаўся толькі сьвіран, які дагэтуль глядзіцца пыхлівым панам між хліпенькіх калхозных спарудаў.

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Жанчына сталага веку: “У нас тут была школа, быў клюб, прамтаварны магазін, лазьня, бальніца, аптэка, мэхдвор замячацельны... ой, чаго тут не было! Асабліва Беніца квітнела, калі старшынём калгасу працаваў Герой сацпрацы Калачык Уладзімір Міхайлавіч. Божа мой! Адкуль толькі хто ні прыяжджаў, скаціну везьлі... Ён сувязі меў добрыя паўсюль, гэтыя дарогі заасфальтаваныя скрозь, гэта ўсё-ўсё... Маладзец, маладзец! Але пасьля, паступова, як кажуць – хто мяняець, у таго хамуты гуляюць, так і ў нас тут выйшла...”

Сёньня ні клюбу, ні аптэкі, ні школы ў Беніцы няма. Школу зачынілі два гады таму, вясковую бальніцу – летась. Апошнімі прыкметамі нядаўняй пасьпяховасьці вёскі яшчэ застаюцца бібліятэка, крама ды амбуляторыя, але ці надоўга? 180 жыхароў, пераважна пэнсіянэры, – на цяпершчыну наракаюць, ды працягваюць жыць па завядзёнцы. Пэнсія малая – але ж “воўрамя”, лячыцца няма дзе – але ж жывыя пакуль. Абы горай не было. Звычайная гісторыя? Зусім звычайная. І можна было б абмежавацца спачуваньнем вёсцы Беніцы, беднай сёньня, як ніколі раней, калі б не рэальныя знакі яе адраджэньня.

Прышчэпіна: “Хочацца, каб хоць штосьці варушылася, каб хутчэй аднавілася гэта ўсё. Касьцёл – ён проста зачароўвае, прыцягвае да сябе. Да яго падыходзіш, а ён як бы просіць: вось я, працягніце мне руку, дапамажыце мне! Я – для вас, я толькі для вас!”

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Віка Прышчэпіна перакананая, што, калі адродзіцца касьцёл, адродзіцца й вёска.

Прышчэпіна: “Будуць ехаць з усяго сьвету! Будуць ехаць, глядзець. Касьцёл стаіць ля дарогі, людзі едуць на Смаргонь, на Літву. Усе будуць бачыць, усе будуць ведаць, што касьцёл ёсьць, ён жывы, і ўсе будуць прыходзіць”.

Глебец: “Далей што будзе – я ня ведаю. Адзінае, што я магу сказаць пэўна – што не прапушчу ніводнае імшы ў гэтым касьцёле”.

Гэта – яшчэ адна энтузіястка адраджэньня Беніцкага касьцёлу, Ірына Глебец.

Глебец: “У нашым прыходзе тры лідэры: Віка Прышчэпіна, Лена Дземеш, і сябе сюды залічаю. Атрымалася, што мы самыя маладыя, і, калі быў сход, старэйшыя ўсё “павесілі” на нас. Я ў нас старшыня касьцельнага камітэту, Віка намесьніца, а Лена бугальтарка, скарбніца”.

Яшчэ год таму пра Беніцкую парафію нават гаворкі не заходзіла. Каталікоў тут вельмі мала, актыўных зь іх ліку – яшчэ менш. Ажно аднойчы зьявіўся ў гэтых мясьцінах малады сьвятар, стаў хадзіць ад дому да дому, шукаць людзей аднае веры, ды на справы добрыя іх намаўляць. І знайшліся людзі, і пачаліся справы... Можна распавядаць гэта як казку, але гэта праўда. Так і было насамрэч.

Прышчэпіна: “Ксёндз у нас дужа харошы, ксёндз Сяргей. Ён у Палачанах цяпер, там за год касьцёл пабудавалі; мы езьдзілі на службу, калі біскуп прыяжджаў яго асьвячаць. Ён і Беразінскім касьцёлам таксама заняўся, будуе, у Менску... Ён актыўны такі! Арганізоўвае ўсялякія паездкі, каб мы паезьдзілі, паглядзелі, як у людзей... Ён прыехаў сюды, нікога ня ведаў, а хтосьці даў мой адрас – мы гадзіны паўтары прасядзелі, пра ўсё перагаварылі. І пра тое, што я ў касьцёл не хаджу, бо няма куды... Ён не злуецца, не абураецца. Бываюць такія ксяндзы: прыйдзеш – “ты ні разу не была тут, ты грэшніца, няма чаго табе тут рабіць!” А яму распавядаеш: я сапраўды грэшная, жыву з мужам невянчаная, ён кажа – нічога страшнага, гэта можна выправіць. Так ён нас падтрымлівае маральна”.

Разумны, душэўны сьвятар – можа, і не такая вялікая рэдкасьць. А ў практычных пытаньнях, і ў дачыненьнях зь мясцовымі ўладамі яму, бясспрэчна, належыць галоўная роля.

Прышчэпіна: “Ва ўладаў такое стаўленьне: людзям гэта ня трэба. Ня кажуць, што гэта трэба зьнішчаць ці забараняць...”

Сапач: “Людзям трэба хлеба, каўбасы, і даволі?”

Прышчэпіна: “Так, і гарэлачкі. Калі ж ксёндз зьвяртаецца, яны ня могуць сказаць “не”...”

Беніцкаму касьцёлу ўжо больш за 300 гадоў. Пераважную іх большасьць ён выкарыстоўваўся паводле прызначэньня – тут маліліся да Бога. Праўда, за саветамі зрабілі з храма зернясховішча. Аднак нават тады, прыніжаны й занядбаны, ён не пераставаў цешыць пагляд, гэты дасканалы ўзор стылю барока. За апошнія гадоў дзесяць было зроблена некалькі спробаў яго рэстаўраваць, зрэшты, досыць няўдалых. Яшчэ – наяжджалі кіношнікі, здымалі ў дармовых дэкарацыях нейкі праваслаўны фільм. Нарэшце -- бажніцу зачынілі, здавалася, назаўсёды.

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Вочы баяцца, а рукі робяць – цяпер самая ўлюбёная прымаўка розных людзей, якія супольна заняліся адной справай. А напачатку вачам баяцца і праўда было чаго. Здалёку – прыгожы й велічны, пры набліжэньні храм уяўляў зь сябе відовішча, вартае і жалю, і скрухі. Дварышча завалена сьмецьцем, пабітыя вокны, унутры – зноў сьмецьце і бруд...

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Прышчэпіна: “Першы раз на суботнік нас сабралася досыць многа, прыйшлі і хворыя, і нямоглыя, усім хацелася паглядзець, што там, як унутры. Мы пачалі аб 10-й гадзіне, і скончылі працу ў 17.00 – ніхто ня ўспомніў, што ня елі, ніхто ня ўспомніў, што не пілі – так усім было цікава, весела. Мы нагрузілі ня ведаю, колькі трактарных прычэпаў сьмецьця, вывозілі, выносілі... ніхто не заўважаў часу. Як сталі разыходзіцца, нават сумна зрабілася, і тады ўжо зразумелі, што стаміліся. І людзі, тыя, што паблізу жывуць: ой, як добра – ажыве гэта месца, прыгожа будзе, чыста!”

Якаўлева: “Пра касьцёл хочацца сказаць: дзякуючы католікам, а яны дружныя людзі, вельмі дружныя... прыбрана тут у гэтым годзе, так прыемна, што цяпер сюды прыедуць людзі – і ня будзе сорамна, што ў нас недагледжана”.

Сапач: “Але паслухайце, Тамара Іванаўна! Вядома, дзякуй католікам, і паклон ім нізкі! Але – ёсьць жа ўлада, магла ж бы ўлада наладзіць прыборку”.

Якаўлева: “Ну, пра ўладу я памаўчу...”

Аднак па ўсім бачна, што доўга маўчаць гэтая сухонькая жвавая бабулька ня ўмее.

Якаўлева: “Аграгарадкі, аграгарадкі... Ды Госпадзе! Колькі гэтых гарадкоў? – Ня ведаю. – А-а... А колькі вёсак пустуе!”

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Тамара Іванаўна Якаўлева, былая настаўніца былой Беніцкай школы, па-ранейшаму займае актыўную жыцьцёвую пазыцыю адносна ўсяго, што робіцца вакол. Кепскае – крытыкуе, станоўчае – ухваляе. Яе дом стаіць побач з касьцёлам, Тамара Іванаўна спачатку назірала жыцьцё навастворанай грамады здалёку, праз вакно, аднак апошнім часам усё часьцей выходзіць да касьцельных актывістаў на размовы.

Некалькі галасоў: “Дакумэнты аформілі ўжо? – Так, нават ужо заўтра паеду, пячатку забяру, і рахунак аформім. – Ну, то й харашо. – Але доўга, я думала, што хутчэй. Паўгода – дакумэнты... – Дакумэнты доўга робяць... – Самае галоўнае ў любой справе, каб знайшоўся чалавек, які ўмее дабіцца, умее зрабіць, тады ўсё будзе”.

З адраджэньнем касьцёла зьмяняецца й Беніца. Вельмі паступова, пакрысе, ледзьве заўважна. Вяскоўцы, якім было ўсё роўна, што будзе з храмам, цяпер падыходзяць, цікавяцца, цікуюць, калі касьцёл адчынены, каб увайсьці й падзівіцца з унікальнае акустыкі.

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Пакуль паўнаўладнымі гаспадарамі храма пачуваюць сябе галубы – іх тут дзясяткі й дзясяткі. Ірына Глебец і Віка Прышчэпіна чуюцца тут гаспадарамі толькі часткова. Што, аднак, не замінае ім марыць і ўяўляць – і як будзе выглядаць адноўлены касьцёл, і якія тут будуць ладзіцца канцэрты, і як будуць чакаць беніцкія людзі прыезду гасьцей з розных старон, і што за мова загучыць падчас імшы.

Прышчэпіна: “З мовай праблем няма, як народ захоча, так і будзе. Напэўна, будзем прасіць, каб па-беларуску. Вывучаць польскую мову толькі для таго, каб хадзіць у касьцёл, ня кожны захоча. – Дый сэнсу вялікага тут няма... – цяпер усе кніжкі – і малітоўнікі, і сьпеўнікі на беларускай мове друкуюцца...”

Глебец: “Анёле-Божа, дружа мой, ты заўсёды будзь са мной, Рана, ўвечары, ўначы будзь ласкаў мне памагчы Змагаць духа злога, верна служыць Богу. Душу-цела сьцеражы, да жыцьця вечнага давядзі. Амэн”.

З такой малітваю Іра Глебец зьвярталася да свайго анёла-ахоўніка, калі ўзялася рабіць першыя аздобы для адроджанага храма – анёлаў з саломы. Хоць рукі маладзіца мае залатыя, а баялася: ці ж атрымаецца? Атрымалася.

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007

Глебец: “Прыгожа атрымалася. Калі на гэтага анёла глядзіш пры сонцы – нешта проста нерэальнае, гэты анёл, у якога крылы раскрытыя. Калі ксёндз Сяргей пабачыў, кажа: Ой, пані Ірына, а калі б зрабіць цэлую сэрыю: Міхаіла Арханёла, бо прыход Міхаіла Арханёла, пасьля – анёл з разгорнутай кнігай, зьвястун са званочкам, і гэтак далей. І я ўжо загарэлася, каб далей працягваць”.

Сапач: “А ўжо месца прыгледзелі для сваіх анёлаў, месца ў касьцёле, у храме?”

Глебец: “Прыглядаю, прыглядаю...”

Беніца, Маладэчанскі раён, 30.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG