Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт Лукашэнка ніколі не казаў, што ня хоча бачыць Беларусь дэмакратычнай”


Валянцін Жданко, Менск Як беларуская ўлада ставіцца да магчымасьці дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі? Адказ на гэтае пытаньне, магчыма, не такі відавочны і пэўны, як можа падацца на першы погляд.

Прынамсі, наш слухач Алесь Ціманкоў зь Віцебску лічыць, што насамрэч сёньняшняя беларуская ўлада імкнецца да дэмакратыі, але ў гэтым ёй замінаюць аб’ектыўныя абставіны. У сваім лісьце спадар Ціманкоў піша:

“Вы на “Свабодзе” замоўчваеце адну надзвычай важную рэч. Прэзыдэнт Лукашэнка нідзе і ніколі не казаў, што ня хоча бачыць Беларусь дэмакратычнай. Якраз наадварот. Пачытайце яго апошнія інтэрвію заходнім газэтам і агенцыям. У якасьці ўзору называюцца якраз заходнія дэмакратычныя краіны — Нямеччына, Швэцыя, Нарвэгія, дзе людзі жывуць заможна і маюць усе дэмакратычныя правы.

Але Лукашэнка, як мудры і дальнабачны палітык, ведае і разумее, што беларускі народ да дэмакратыі яшчэ не дасьпеў — не гатовы да яе. Каб дасьпець, патрэбен пэўны гістарычны прамежак, на працягу якога і захаваецца аўтарытарны рэжым улады.

Такі рэжым патрэбен, каб не дапусьціць раскраданьня народнай маёмасьці, захаваць дысцыпліну і парадак, сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць. Каб засьцерагчы Беларусь ад рознага кшталту рэвалюцыяў, якія розныя прайдзісьветы могуць выкарыстаць дзеля таго, каб абрабаваць народ і набіць уласныя кішэі.

Вось у гэты пераходны пэрыяд мы цяпер і жывем. І Захад павінен не крытыкаваць Лукашэнку, а пакланіцца яму ў ногі за тое, што ён вядзе Беларусь да дэмакратыі такім асьцярожным і вывераным курсам”.

Калі гэта і сапраўды шлях да дэмакратыі, спадар Ціманкоў, то надта ўжо ён абходны, кружны і глыбока засакрэчаны. Амаль трынаццаць гадоў рухаецца гэтай дарогай беларуская дзяржава — і чамусьці замест таго, каб хоць крыху наблізіцца да дэмакратычных стандартаў, паступова страціла тое нямногае, што мела да сярэдзіны 1994 году.

На той час у Беларусі выходзілі дзясяткі незалежных грамадзка-палітычных газэт, бесьперашкодна рэгістраваліся сотні новых грамадзкіх арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў і палітычных партыяў. Тады ў Беларусі не было палітвязьняў і бясьсьледна зьніклых апазыцыйных палітыкаў, а выбарчая сыстэма (пры ўсіх яе хібах) не блякавала апазыцыі шлях да ўлады. Чым, уласна, і скарыстаўся ў 1994 годзе дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка.

Што да таго, ці дасьпеў да дэмакратыі беларускі народ… Калі зыходзіць з вашай, спадар Ціманкоў, лёгікі, дык палякі, літоўцы, украінцы, зь якімі беларусы стагодзьдзямі жылі ў адной дзяржаве, да яе дасьпелі, а беларусы чамусьці не? Ці не прыніжальная і абразьлівая для беларускай нацыі такая выснова?

Наш слухач Леў Закрэўшчын зь Менску адклікнуўся на нядаўняе паведамленьне “Свабоды” пра тое, як судзяцца Валянціна Сьвяцкая і Юры Сівакоў.

Нагадаем, грамадзкая актывістка падала ў суд на былога міністра ўнутраных справаў за публікацыю ў галіновым часопісе “Честь”. У ёй міліцэйскі генэрал, падазраваны ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў, цытуе ў якасьці станоўчага ўзору гітлераўскі Кодэкс гонару афіцэра. Леў Закрэўшчын з нагоды пачутага піша:

“Падтрымліваю спадарыню Сьвяцкую і вельмі ёй удзячны, бо яна абараняе ня толькі свой гонар, але і мой, і ўсіх тых, хто лічыць сябе беларусам, хто пацярпеў ад фашызму. Я ўдзячны лёсу за тое, што падчас вайны ня трапіў у рукі такіх, як Сівакоў, якія таксама дзейнічалі ў адпаведнасьці з гітлераўскім кодэксам гонару афіцэра.

Я быў дзіцём, і застаўся жывы толькі дзякуючы маці. Яна выкінула мяне праз акно хаты, у якой нас і іншых няшчасных зачынілі гітлераўскія каты. Хату павінны былі вось-вось падпаліць, і мы згарэлі б жывымі. Можа, тыя каты не былі падрыхтаваны так, як таго патрабаваў гітлераўскі кодэкс, вось нам з маці і ўдалося ўцячы. А хату тую спалілі.

Буду чакаць 20 сакавіка, каб даведацца, чым скончыцца суд. Спадзяюся, што “Свабода” паведаміць пра гэта. Хоць, зрэшты, ведаючы нашы суды, я мала сумняюся ў выніку”.

Мы, спадар Закрэўшчын, уважліва сочым за гэтай справай і абавязкова паведамім пра тое, як будзе праходзіць і чым закончыцца судовае разьбіральніцтва.

Дарэчы, генэрал Сівакоў праз свайго прадстаўніка ўжо перадаў прабачэньні Валянціне Сьвяцкай, але адначасова выказаў намер выставіць ёй сустрэчны пазоў аб абароне гонару й годнасьці, калі яна не папросіць у яго прабачэньня. Маўляў, спадарыня Сьвяцкая разгарнула шырокую кампанію ў мэдыях супраць яго, і многія пачалі казаць крыўдныя словы на ягоны адрас.

Вялікім непакоем і трывогай за лёс беларускай мовы прасякнуты ліст Генадзя Лойкі зь Менску. Дзеці спадара Лойкі вучацца ў беларускамоўнай гімназіі №14. Але і тут стаўленьне да мовы выклікае ў слухача шмат пытаньняў:

“Настаўніца на ўроку навучае: “Шануйце родную мову, бо яна мілагучная, пяшчотная” і гэтак далей. А на перапынку кожным сваім расейскім словам растоптвае сказанае на ўроку.

Які сэнс тлуміць галовы вучням ведамі пра часьціны мовы, усялякія там дзейнікі ды дзеясловы, калі гэта ня мова, а труп? Калі яна не патрэбная перш за ўсё настаўнікам. Калі настаўніца ня толькі дома грэбуе роднай мовай, але тут жа, у клясе, адвярнуўшыся ад дошкі, на якой толькі што пісала па-беларуску, крычыць на неслуха: “Петя! Сейчас же перестань дёргать девочек за косички!”

У настаўніцы ангельскай мовы я быў запатрабаваў, каб яна зьвярталася да маёй дачкі і іншых дзяцей па-беларуску. На што яна адказала: “Ещё в самом начале я спросила родителей, на каком языке обучать ваших детей — на русском, которым я владею в совершенстве, или на “трасянке”. И они выбрали русский”.

Далей у сваім лісьце Генадзь Лойка выказвае думку, што такімі сваімі выказваньнямі й дзеяньнямі настаўнікі фактычна спрыяюць зьнішчэньню роднай мовы. А заканчвае слухач свой допіс наступнай заўвагай:

“Я не хачу даваць ацэнкі ды распачынаць дыскусію, хто з нас мае рацыю, а хто — не. Мой ліст не пра гэта. А пра тое, што я беларус. Я жыву на беларускай зямлі. Мая беларуская мова гіне. Я гэта бачу. Мне балюча. І гэты боль прычыняеце мне вы — настаўнікі, якія гаворыце да нашых дзяцей па-расейску. І што вы зробіце, каб суцішыць гэтакі боль?”

Гэтыя настаўнікі, спадар Лойка, жывуць не ў ізаляванай беларускамоўнай прасторы. Яны ходзяць па тых жа вуліцах, што і вы, наведваюць тыя ж установы, размаўляюць з тымі ж чыноўнікамі, гандлярамі, медыкамі… Рабіць іх адзінымі вінаватымі ў той моўнай сытуацыі, якая рэальна існуе сёньня ў беларускай дзяржаве, наўрад ці выпадае.

Становішча беларускай мовы сапраўды крытычнае. Чыноўнікі добра ведаюць, што патрэбна дзеля таго, каб уратаваць дзяржаўную мову ад заняпаду.

Многія яшчэ памятаюць неблагую дзяржаўную праграму адраджэньня мовы, якая была прынятая напрыканцы 1980-х гадоў і пачала ажыцьцяўляцца на пачатку 1990-х. Але палітычнай волі дзеля таго, каб узяцца за гэту справу, ва ўлады няма. Як, зрэшты, няма і асэнсаваньня актуальнасьці гэтай праблемы сярод значнай часткі беларускага грамадзтва.

Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну — адзін з нашых шматлікіх сяброў, якія прысутнічалі напрыканцы лютага ў менскім Палацы мастацтва на прэзэнтацыі кнігі Вінцэся Мудрова “Альбом сямейны”, што выйшла ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Пад уражаньнем ад пачутага і ўбачанага слухач піша:

“Вяртаючыся цягніком дадому, амаль цалкам прачытаў кнігу Вінцэся Мудрова. Потым у спакойных абставінах дома яшчэ раз перачытаў павольна, каб паразважаць і асэнсаваць зьмест. Прыйшоў да высновы, што “Альбом сямейны” прадстаўляе кароткую гісторыю і майго юнацтва — самай шчасьлівай пары ў жыцьці.

Усё, пра што напісаў аўтар, закранула мяне поўнасьцю ў рэчаіснасьці. На маю думку, кожны чалавек, які зьяўляецца сучасьнікам “Альбому сямейнага”, можа нешта дадаць да любога слова пра рэчы, пашырыўшы іх значэньне і зьмест.

А ўвогуле, збыліся мае пажаданьні й надзеі, бо на прэзэнтацыі я атрымаў некалькі розных кніг сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Вельмі прыемнае ўражаньне засталося ад сустрэчы з супрацоўнікамі Беларускай Свабоды і актыўнымі слухачамі”.

Сапраўды, спадар Пакульніцкі, многія нашы слухачы, якія чулі эсэ Вінцэся Мудрова ў нашым эфіры альбо прачыталі іх у кнізе, дапаўняюць пералік уласнымі ўспамінамі пра тую эпоху і прапануюць пашырыць яго новымі словамі. Напэўна, магла б атрымацца цікавая кніга і ў тым выпадку, калі скласьці такі “Альбом” паводле вэрсіі нашых слухачоў.

А той ліст, спадар Пакульніцкі, які вы даслалі ў рэдакцыю на імя Вінцэся Мудрова, мы абавязкова перадамо адрасату.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG