Адукацыйны праект «Бачныя»
«Бачныя» — аўтарскі адукацыйны інфармацыйны праект фэм- і квір-актывісткі, праваабаронцы 2024 году Насты Базар у рамках яе працы ў сфэры супрацьдзеяньня хатняму гвалту, гендэрнай няроўнасьці і сацыяльнай ізаляцыі. Праект мае на мэце ствараць прастору для бачнасьці тэмаў і людзей, якія звычайна застаюцца нябачнымі ў беларускай грамадзкай прасторы — для жанчын. Праект базуецца на фармаце анлайн-курсу, які можа доўжыцца некалькі тыдняў, якія ўключаць штотыднёвыя індывідуальныя сэсіі, лекцыі і дадатковыя матэрыялы.
Новыя кнігі жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм»
У жаночым выдавецтве «Пфляўмбаўм» сёлета выйшлі кнігі:
- «Любыя косьці» Катрыны Зіле. Сьвежы літоўскі бэстсэлер пра жаночы досьвед, фальклёр у дэкарацыях сучаснасьці з яе шматпавярховікамі і тралейбусамі. Пераклала Сюзанна Паўкштэла.
- «Эйфарыя» Марыі Пархімчык. Беларуская «Матрыца», вандроўкі ў мульцісусьветы іншых сьвядомасцяў, сон у сьне, сьмех скрозь сьлёзы.
- «Пасьпець да цемры»: містычныя гісторыі з Беларусі«. Знаныя беларускія аўтаркі хаваюцца за псэўданімамі Тафіля Багач і Паўліна Кот, каб распавесьці пра краіну, якая растае ў смузе часу.
- «Запаленыя сьвечкі» Бэлы Шагал. Успаміны Бэлы пра дзяцінства, знаёмства з Маркам Шагалам і пра Віцебск канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Па-беларуску надрукаваныя ўпершыню. Пераклаў з ідыш Ігар Крэбс.
Чакаюцца з друкарні:
- «Іду да вас, людзі: Анталёгія эсэ пра суседзяў». Укладальніца — Алена Казлова.
- «Шкляное дзіця» Маар’і Кангро. Пераклад з эстонскай — Агаты Крыхт.
- «Пра чалавечнасьць у цёмныя часы», зборнік эсэ Ханны Арэнт. Укладальніца — Мары Луізэ Кнот.
Праграма разьвіцьця жаночага лідэрства
Праграма Жаночага лідэрства для беларускіх актывістак была ініцыяваная прадстаўніцай МЗС Швэцыі Крысьцінай Ёханэсан (цяпер амбасадарка Швэцыі ў Маскве) і прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту па гендэрных пытаньнях Юліяй Міцкевіч і анансаваная падчас Жаночага палітычнага форуму ў Стакгольме міністаркай замежных справай Швэцыі Марыяй Мальмер Стэнэргард. Праграма для 10 адабраных беларусак з палітычных структур і грамадзкіхх арганізацый уключала правядзеньне тыднёвых стажыровак, якія складаюцца з трэнінгаў па фемінсцкаму лідэрству, пабудове сетак і стварэньню кааліцый, сустрэч і абмеркаваньняў з зацікаўленымі бакамі з эўрапейскіх інстытутаў.
Онлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp
Ужо трэці год для беларусак унутры краіны і за мяжой працуе сэрвіс дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту oliviahelp.org. Сэрвіс надае бясплатную інфармацыйную, псыхалягічную, праўную дапамогу беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. З пачатку 2025 году спэцыялісткі лініі oliviahelp далі беларускам, якія апынуліся ў сытуацыі хатняга гвалту, ужо больш за 700 кансультацый.
Распрацоўка законапраекту «Аб гендэрнай роўнасьці»
У ліпені 2025 года беларускія дэмакратычныя сілы прадставілі праект закона «Аб гендэрнай роўнасьці». Законапраект імкнецца стварыць праўную аснову для забесьпячэньня роўных правоў і магчымасьцяў для ўсіх людзей незалежна ад полу, ліквідаваць дыскрымінацыю па гендэрнай прыкмеце і прапанаваць мэханізмы абароны ад гендэрнага нераўнапраўя. Праект закона ў Каардынацыйнай Радзе прадставіла экспертка ў галіне медыя і сацыяльных камунікацый Ірына Сідорская, якая была адной з аўтарак законапраекту. Законапраект "Аб гендэрнай роўнасьці ўваходзіць у пералік дакумэнтаў, якія дэмакратычныя сілы прадстаўляюць як частку комплекснай стратэгіі законаў і рэформаў для перабудовы прававой сыстэмы краіны пасьля палітычных зьменаў.
«Нас вырашылі зусім зьвесьці са сьвету». Даклад «Вясны» пра гендэрную дыскрымінацыю жанчын у месцах несвабоды
Даклад праваабаронцаў «Вясны» прысьвечаны гендэрнай дыскрымінацыі і парушэньням правоў палітзьняволеных жанчын. Ён зьмяшчае сьведчаньні жанчын, якія перажылі катаваньні, прыніжэньні і гвалт падчас затрыманьня, адміністрацыйнага арышту, утрыманьня ў сьледчых ізалятарах і калёніях. Мэта дакладу — ня толькі сабраць факты, але і даць галасы самім пацярпелым, паказаць, як гендэрная прыкмета ўплывае на характар абыходжаньня з жанчынамі за кратамі і прыцягнуць увагу грамадзкасьці і міжнародных арганізацый. Даклад быў прадстаўлены праваабарончай арганізацыяй у Міжнародны дзень салідарнасьці жанчын 8 сакавіка, каб падкрэсьліць патрэбу ў абароне правоў жанчын у турмах і СІЗА Беларусі.
Рух рэпрэсаваных беларусак «Ружовыя хусткі»
«Ружовыя хусткі» у тэлеграме і інстаграме публікуюць гісторыі жанчын, якія прайшлі праз турмы, допыты, страту блізкіх. Гэта працяг справы ініцыятывы @politvyazynka, якая сёлета ў красавіку заявіла пра заканчэньне дзейнасьці. У ружовых хустках павінны хадзіць зьняволеныя гомельскай жаночай калёніі. Як кажуць аўтаркі праекту, «Ружовыя хусткі» сымбалізуюць жаночы твар рэпрэсій, салідарнасьць і надзею.
Імпрэза «Яе гісторыя, наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць сьвет»
У Францускім інстытуце ў Празе ў траўні адбылася імпрэза «Яе гісторыя, наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць сьвет», на якой вядомыя беларускі расказвалі, як жанчыны паўплывалі на пратэсты супраць дыктатуры ў 2020 годзе і як яны працягваюць змагацца за свабоду зараз. Імпрэзу ладзіў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Наўмана. На імпрэзе паказалі монаспэктакль Connection, прысьвечаны беларускім палітвязьняволеным, у прыватнасьці Марыі Калесьнікавай. Спэктакль стварыла і паказала беларуская рэжысэрка і акторка Марына Якубовіч. Адбылася дыскусія пра ролю беларускіх жанчын у пратэстах і пасьля іх. Сваімі гісторыямі і рэфлексіямі падзяліліся музыка Галіна Казіміроўская, філёзафка Вольга Шпарага і галоўная рэдактарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык.
CNI Women Fellowship: Advancing Visibility. Праграма для беларускіх экспэртак
Цэнтар новых ідэй пры падтрымцы Швэдзкага інстытута арганізаваў праграму для беларускіх экспэртак дзеля павышэньня іхнай бачнасьці ў публічнай сфэры. Паводле арганізатараў, праграма дапамагае экспэрткам «лепш прасоўваць свае ідэі, дасьледаваньні і погляды ў адкрытым полі і быць прыкметнымі для шырокай аўдыторыі, а таксама спрыяе ўмацаваньню ролі жанчын-экспэртак у дыскусіях пра Беларусь, грамадзкія трансфармацыі, дэмакратыю і правы чалавека».
Запрошаныя экспэрткі і мэнтаркі праграмы: Джэкі Тру, прафэсарка катэдры міжнародных адносін Унівэрсытэта імя Джона Монаша; Леся Руднік, дырэктарка Цэнтра новых ідэй; Арыся Луцэвіч, кіраўніца Украінскага форуму ў Chatham House; Валянціна Чэкан, Speaker-coach TEDxMinsk, TEDxWomen, TEDxYouth; Тацяна Кавалёнак, прадпрымальніца, мэнтарка Women in Tech, Ганна Герасімава, экспэртка ў сфэры арганізацыйнага разьвіцьця.
«Мара», жаночая арганізацыя ў Рызе
Журналістка і грамадзкая дзяячка Наста Захарэвіч разам з паплечніцамі стварыла ў Рызе жаночую арганізацыю «Мара», у якой дапамагаюць жанчынам адаптавацца ў новай краіне і інтэгравацца ў яе, лабіруюць беларускія інтарэсы ў Латвіі, кансультуюць па пытаньнях, зьвязаных з атрыманьнем статусу ўцекача ў Латвіі. Летась «Мара» стала суарганізатаркай першай беларускай пляцоўкі на фэстывалі дыскусій «Лампа», пазней ладзіла рэгулярныя сустрэчы з напісаннем лістоў палітзняволеным.
«Мара» ў Х
«Мара» ў Bluesky
Падкаст «Дочкі‐Маткі» на канале «Цёця Іра»
Youtube-канал і Цік-Ток Цёця Іра агулам вартыя ўвагі, але сэрыя «Дочкі-Маткі» зь вядучымі Дашай Гардзейчык і Ірынай Новік на ім — асабліва, бо гэта падкаст, дзе фэміністкі розных пакаленьняў дыскутуюць на розныя тэмы і шукаюць кансэнсусу. Сярод тэмаў выпускаў - "Чаму мы (не)баімся сьмерці?", "Камсамол vs БРСМ", "Нашы ўнівэрсытэты: рэктары і рэктаркі вачыма фэміністак" ды іншыя
Акадэмія жаночага палітычнага лідэрства
«Акадэмія жаночага палітычнага лідэрства» — адукацыйная праграма для жанчын з дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў выгнаньні, якую рэалізуе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай разам з Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. Паводле арганізатарак, праграма адкрывае шлях для тых, хто бачыць сябе ў ролі ўплывовых прадстаўніц грамадзтва ці сваёй сацыяльнай групы, гатовых актыўна ўдзельнічаць у палітычных працэсах. Першы этап Акадэміі жаночага палітычнага лідэрства прайшоў у Варшаве ў траўні 2025, калі праграму прайшлі 15 удзельніц, 2 зь якіх мелі досьвед палітычнага зьняволеньня. Другі этап Акадэміі жаночага палітычнага лідэрства для беларусак з досьведам палітычнага зьняволеньня прайшоў у лістападзе ў Празе. Праграму прайшлі 10 былых палітзьняволеных жанчын.
Адукацыйны курс пра малавядомых беларусак «Жаночыя (аб)рысы Беларусі»
Адукацыйны курс на плятформе «Васьміног» — гэта адкрытая адукацыйная онлайн-праграма, якая знаёміць з цікавымі, але малавядомымі гераінямі беларускай гісторыі, культуры і навукі. Курс расказвае пра выбітных беларускіх жанчын, чые імёны часта заставаліся менш вядомымі, але чые ўнёскі ў навуку, культуру, адукацыю, мастацтва і грамадзкае жыцьцё значныя. Сярод гераіняў курсу — Эльза Зубковіч, адна з першых беларускіх кампазытарак і музыка-выкладчык; Зінаіда Мажэйка, прадусарка этнічнай музыкі, дасьледчыца народнай культуры; Тацяна Бірыч, легенда беларускай афтальмалёгіі і навуковая дзяячка. Вольга Якушка, дасьледчыца геаграфіі беларускіх азёраў, прафэсарка і першая жанчына-доктарка геаграфічных навук у Беларусі; Надзея Шнаркевіч, асьветніца і рэдактарка першага незалежнага жаночага часопіса на беларускай мове, актывістка за жаночую адукацыю і самастойнасьць.
Жаночы палітычны форум у Стакгольме
16–17 чэрвеня ў Стакгольме прайшоў форум «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025», прысьвечаны ролі беларускіх жанчын у змаганьні за дэмакратыю. Гэта першае мерапрыемства высокага ўзроўню з фокусам на Беларусь праз гендэрную прызму. Было арганізавана МЗС Швэцыі сумесна з Камандай па гендэрная роўнасьці АПК пры падтрымцы SIDA. Сабраў больш за 100 гасьцей, якія прадстаўляюць беларускія дэмсілы, а таксама эўрапейскіх зацікаўленых бакоў. На Форуме былі прадстаўлены Канцэпцыя гендэрнай рэформы для дэмакратычнай Беларусі і Закон аб гендэрнай роўнасьці, абмеркаваны праблемы хатняга і гендэрна-абумоўленага гвалту і мэханізмы іх вырашэньня, узмацненьня жаночага голасу і ўдзелу ў палітыцы, большае ўцягненьне мужчын у адвакаціроўку гендэрнай роўнасьці.
ФэмМітап
ФэмМітап (раней ФэмФорум) — штогадовае мерапрыемства Фэмгрупы, якое зьбірае фэміністак з грамадзянскага і палітычнага актывізму, мэдыя і праваабароны. У 2025 годзе тэмай стаў міжпакаленчы дыялёг, празь які фэміністкі розных пакаленьняў змаглі абмеркаваць сваю дзейнасьць, абмяняцца вопытам, наладзіць сувязі і такім чынам зафіксаваць жывую гісторыю беларускага жаночага руху. У ФэмМітапе-2025 прынялі ўдзел 50 актывістак. Сёлета ўпершыню плянаваўся ўдзел Сьвятланы Ціханоўскай, аднак у апошні момант прыезд адмянілі, бо дата правядзеньня супала зь днём першага вызваленьня вялікай групы палітвязьняў.
Калі мы нешта прапусьцілі, пішыце пра важныя жаночыя ініцыятывы ў камэнтарах. Дадамо іх да сьпісу.