Куды мігранты імкнуліся сёлета?
— Генадзь, вы ўважліва вывучаеце дынаміку міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой, Польшчай. Якія тэндэнцыі ў гэтым крызісе назіраліся сёлета?
— 2025 год стаў самым напружаным, калі не лічыць 2021 год, калі крызіс пачаўся і хвалі мігрантаў хлынулі спачатку ў Літву, потым у Польшчу. Сёлетнія паказьнікі перавысілі паказьнікі 2023 году, калі пасьля 2021 году міграцыйны паток быў самым інтэнсіўным. Ну і зразумела, што ён быў больш моцны, чым летась.
Калі казаць па краінах, то выбухова, параўноўваючы з 2024 годам, павялічылася колькасьць спробаў мігрантаў нелегальна патрапіць у Латвію. Латвійскі накірунак для мяне загадка. Я ня вельмі разумею, чаму туды ідзе столькі людзей. Калі мы паглядзім на мапу, мяжа там вельмі кароткая. Да таго ж Латвія параўнальна далёка ад канчатковых пунктаў прызначэньня мігрантаў, яна імкнуцца пераважна ў Нямеччыну. Сёлета ў Латвію спрабавалі нелегальна патрапіць каля 12 тысячаў мігрантаў.
А адносна Літвы сёлета былі мінімальныя лічбы — каля 2 тысячаў чалавек. Хаця гэта больш, чым летась.
На польскім накірунку па выніках году будзе каля 30 тысячаў спробаў нелегальна перасекчы мяжу. Гэта менш, чым леташні рэкорд.
— Ці зьвязаная апісаная вамі дынаміка з захадамі, якія прымалі краіны Эўразьвязу для супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі — узьвядзеньнем «сьценаў» на мяжы, зьменай умоваў атрыманьня прытулку і г. д.?
— Суседзі Беларусі намагаюцца, безумоўна, рэагаваць, але нельга сказаць, што іх высілкі маюць вырашальнае значэньне. Мне падаецца, што меры, якія прымаюць суседнія краіны супраць нелегальнай міграцыі, маюць выключна палітычнае значэньне. На інтэнсіўнасьць міграцыйнага патоку яны ўплываюць вельмі слаба. Вашае, Юры, дасьледаваньне паказала, што пэўны ўплыў на гэта робіць прыняцьце чарговых санкцыйных пакетаў.
Што, магчыма, уплывае, дык гэта пазыцыя Кітаю. Ён узьдзейнічае на паводзіны Лукашэнкі больш, чым палітыка Варшавы, Вільні ці Рыгі.
— Ці ёсьць пацьверджаньні таго, што беларускія ўлады рэгулююць міграцыйныя патокі? Прычым рэгулююць, як узмацняючы ціск адпаведна з палітычнымі мэтамі, гэтак і аслабляючы яго, зьмяншаючы ледзь не да нуля. Ці гэта прыродныя зьявы: робіцца холадна — паток зьмяншаецца, робіцца цёпла — паток павялічваецца?
— З аднаго боку, безумоўна, надвор’е ўплывае, зімой заўсёды гэтыя патокі слабеюць. Але, калі мы паглядзім на дадзеныя па гадах, то ўбачым, што ў сьнежні, студзені ці лютым інтэнсіўнасьць патоку была вельмі рознай у розныя гады, адрозьненьні — у разы. То бок гэта не натуральны працэс, гэта штучны працэс, якім кіруюць.
І хутчэй за ўсё гэтае кіраваньне адбываецца і зь Менску, і з Масквы.
Было некалькі расьсьледаваньняў журналістаў з аналізам дакумэнтаў, дзе вывучалася, як запускаўся гэты міграцыйны паток, як ён быў арганізаваны, наладжаны. Пасьля ён ужо пачаў, так бы мовіць, жыць сваім жыцьцём, але цяпер ім усё роўна кіруюць. Але я б казаў, што ня жорстка, не наўпрост. «Сёньня ў Польшчу адправім 150 мігрантаў, у Латвію — 100, у Літву — 35» — гэтак ня робіцца. Рэгуляцыя больш выразна адбываецца, калі паток зьмяншаецца ці спыняецца. Такое было падчас саміту NATO у Вільні ў ліпені 2023 году. Тады паток на некалькі дзён раптоўна зьнізіўся да нуля. А пасьля саміту праз пэўны час ізноў зьявіўся.
Так што гэта хутчэй дзейнічае так: на кароткі тэрмін могуць павялічыць ці паменшыць з палітычных патрэбаў, а ў астатні час — у рутынным рэжыме ідзе.
Хто накіроўвае балёны ў раён віленскага аэрапорту?
— Адной з найважнейшых падзеяў 2025 году стаў крызіс у адносінах Беларусі і Літвы з прычыны запуску балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Ён насамрэч пачаўся яшчэ летась. Але сёлета сталі рэгулярнымі прылёты балёнаў на тэрыторыі, блізкія да віленскага аэрапорту. Праз іх праца аэрапорту некалькі разоў спынялася. У якой ступені гэтыя палёты інсьпіруюцца беларускімі ўладамі? Ці яны проста іх не спыняюць, заплюшчваюць вочы?
— Кантрабанда цыгарэт зь Беларусі — гэта ўжо і традыцыя, і агромністы ды прыбытковы бізнэс. У свой час велізарныя партыі цыгарэт перавозілі ў чыгуначных вагонах, і гэта была фабрычная ўпакоўка. Калі гэты шлях стаў праблематычным, пачалі выкарыстоўваць дроны, пасьля сплаўлялі кантрабанду па рэчках. Летась вынайшлі новае know-how — паветраныя балёны. Але яны ляцяць на аэрапорт і ствараюць пагрозу палётам, пагрозу жыцьцям пасажыраў. І праз тое ўводзяцца забароны на палёты, спыняецца праца аэрапорту.
— А чыста тэхнічна — ці можна накіраваць балён на аэрапорт? Гэта ж не самалёт, ня дрон, ім не кіруюць, ён ляціць, куды вецер дзьме. Мо зараз такая ружа вятроў, што іх выпадкова нясе на аэрапорт?
— Так, балён не самалёт і ня дрон. Але калі ведаць прагноз надворʼя, ведаць, куды будзе дзьмуць вецер бліжэйшыя 12 гадзін, то даволі нескладана прыехаць на адпаведны ўчастак мяжы і запусьціць 5, 7 ці 10 балёнаў, каб яны ляцелі ў той бок, куды трэба.
І наадварот — можна з улікам прагнозу надворʼя выбраць месца і час, каб яны ляцелі падалей ад людзкіх вачэй і нікому не заміналі. Калі мэта адно даставіць кантрабанду, дык так бы і рабілі ўвесь час. Але калі балёны ляцяць у бок аэрапорту рэгулярна і масава, гэта не выпадковасьць.
Менавіта так мяркуе літоўскі бок, які кажа пра мэтанакіраваную гібрыдную пагрозу.
Які плён гібрыдных атак?
— Не выглядае, каб Варшава, Вільня і Рыга неяк мянялі сваю палітыку пад ціскам міграцыйных ці балёнавых атак. Яны трываюць, умацоўваюць межы, ловяць кантрабандыстаў, спыняюць мігрантаў. А калі так, то ў чым мэта Лукашэнкі?
— У 2021 годзе Лукашэнка палічыў, што мусіць нечым адказаць на санкцыі за прымусовую пасадку самалёту Ryanair. Хаця, дарэчы, ёсьць зьвесткі, што міграцыйны паток спакваля пачаўся з першых месяцаў 2021 году. То бок ішла падрыхтоўка. І ў гэтым сэнсе тэарэтычна можна разглядаць міграцыйны ціск як частку ціску на Захад, якую ўзяў на сябе рэжым Лукашэнка ў межах падрыхтоўкі да нападу Расеі на Ўкраіну.
Міграцыйны паток мусіў дэстабілізаваць сытуацыю ў Літве і ў Польшчы, аднак першапачатковы разьлік не спрацаваў.
Міграцыйны паток мусіў дэстабілізаваць сытуацыю ў Літве і ў Польшчы. Напачатку праблемы сапраўды былі, калі трэба было ўладкоўваць дзясяткі тысячаў людзей, якія нелегальна трапілі ў краіны-суседкі Беларусі. Але яны далі рады гэтым праблемам. І разьлік на дэстабілізацыю ўнутры пэўных краінаў, на рост напружаньня паміж імі ня спраўдзіўся. Там адбылося хутчэй адваротнае — краіны ЭЗ, асабліва нашыя суседзі, выбудавалі экстранную камунікацыю паміж сабой, адпрацавалі пэўныя моманты працы з міграцыйнымі патокамі, з краінамі, адкуль паходзяць мігранты.
Гэтая арганізаванасьць нашых суседзяў павялічылася пасьля пачатку міграцыйнага крызісу і адыграла нават станоўчую ролю, калі пачалася поўнамаштабная вайна і пераважна ў Польшчу хлынулі мігранты з Украіны.
Так што першапачатковы разьлік не спрацаваў. Але пазьней адмовіцца ад яго было ўжо даволі складана. Бо наладжаная лягістыка, шляхі прыбыцьця мігрантаў у Беларусь — як самалётамі, гэтак і чыгункай праз Расею.
Тут варта памятаць, што гэта акрамя ўсяго іншага яшчэ і вельмі прыбытковы бізнэс. Мігранты плацяць велізарныя грошы, каб атрымаць магчымасьць трапіць у Эўразьвяз. А навошта спыняць бізнэс, які прыносіць шалёныя грошы?
Нарэшце, Лукашэнка, напэўна, дагэтуль уводзіць Пуціну ў вушы, што ён такім чынам змагаецца з Захадам, але не вайсковымі мэтадамі, але гібрыднымі, у тым ліку і міграцыяй.
— Вы ўжо некалькі разоў сказалі пра ролю Расеі, прамую ці ўскосную. Ці ёсьць абʼектыўныя доказы гэтага? Ці гэта выснова з наратыву, які ў шмат якіх краінах прыняты, што Лукашэнка — гэта проста марыянэтка Пуціна? Калі марыянэтка нешта робіць, дык насамрэч гэта робіць не яна, а яе лялькавод — робіцца выснова з гэтага наратыву.
— Ёсьць сьведчаньні таго, што ладная частка мігрантаў, якія ўсё ж такі трапляюць у Эўропу праз Беларусь, першасныя візы маюць расейскія. То бок яны прыяжджаюць у Расею, адтуль — у Беларусь, у нас акумулююцца і накіроўваюцца на той ці іншы ўчастак мяжы з краінамі Эўразьвязу.
Тут варта таксама прыгадаць, што ў 2023 годзе былі спробы зладзіць такія ж міграцыйныя атакі з Расеі ў Фінляндыю. Але Фінляндыя, дзякуючы досьведу, які назапасілі Літва, Польшча і Латвія, проста наагул закрыла мяжу. І тыя мігранты вярнуліся з расейска-фінскай мяжы ў Беларусь. Былі інтэрвію зь імі, яны распавядалі, што ехалі спачатку ў Беларусі, адтуль іх дастаўлялі на расейска-фінскую мяжу, але калі там прарвацца не атрымалася, іх даставілі назад у Беларусь.
Мне складана сказаць, ці плянуюцца і каардынуюцца гэтыя манэўры на ўзроўні палітычнага кіраўніцтва Беларусі і РФ. Дапускаю, што каардынацыя і плянаваньне адбываецца на сярэднім узроўні кіраваньня, хаця ніякіх дакумэнтальных пацьверджаньняў няма.
Думаю, што на палітычным узроўні ёсьць рашэньне рабіць розныя пакасьці. Яго спускаюць на ўзровень ведамстваў — ФСБ, КДБ, памежных і консульскіх службаў. І тыя выконваюць рашэньне. І адначасова апэратары гэтага міграцыйнага патоку зарабляюць грошы.
«Для беларускіх уладаў тэма прылёту вайсковых дронаў у Беларусь — вельмі сьлізкая»
— Яшчэ адно пытаньне, зьвязанае зь мяжой, — шматлікія прылёты ў Беларусь вайсковых дронаў з поля бою ва Ўкраіне. Пра гэта, дарэчы, прыгадаў Лукашэнка ў сваім выступе на Усебеларускім народным сходзе. Ён выказаўся даволі няпэўна, сказаў, што залятаюць дроны розных краінаў, спаслаўся на працу ўкраінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Дасьледаваньне Свабоды, апублікаванае ў кастрычніку, паказала, што зь лета мінулага году гэтых прылётаў было ўжо амаль 700. Пытаньне да вас як да сацыёляга — якая рэакцыя на гэта беларускага грамадзтва?
— Гэта абʼектыўная рэальнасьць, але ў афіцыйнай інфармацыйнай прасторы зьвестак пра гэта вобмаль. Навіны пра гэта калі і зьяўляюцца, то затушоўваюцца, абмеркаваньня няма ўвогуле. Прапаганда часам кажа, што гэта вынік украінскіх маніпуляцыяў, бо выводзіць з ладу гэтыя дроны ўкраінскія сродкі РЭБ. Для ўладаў гэтая тэма вельмі сьлізкая. Таму лічаць за лепшае яе замоўчваць. Быў выпадак у Гомельскай вобласьці, як жанчына абнародавала відэа падзеньня такога дрону на яе лецішча, запісанае на яе прыладу відэаназіраньня. Дык канфіскавалі прыладу, жанчыну затрымалі.
На абмеркаваньне гэтай тэмы дзяржаўнае табу.
Форум