Ці «састарэла» ідэя Вялікай Літвы?
Днямі ў Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні адбыўся «Мысьлярскі салён», як абвясьцілі арганізатары: «Вечар на ўзор літаратурных салёнаў XIX стагодзьдзя — дыскусіі, эсэ і развагі беларускіх мысьляроў пра ідэнтычнасьць і культуру».
Народу сабралася поўная заля, было нямала публічных асобаў. Сьпікеры: прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Альфрэдас Бумблаўскас (яго перакладаў Андрэй Антонаў) і сацыёляг Аляксей Ластоўскі, весьці гутарку выпала мне.
Ужо каторы час адчуваю бездапаможнасьць аналітыкаў ад таго, што рэй у сьвеце павялі аўтакраты, а свабода не праменіць сваю магічную сілу, нават зьнікла з прыярытэтаў. Так бывае, калі прастора мысьленьня застаялася ў сваёй абмежаванасьці, і значыць, трэба выйсьці за гэтыя межы. Заяўленая была тэма Вялікага княства Літоўскага і беларуска-літоўскіх адносінаў, і я прапанаваў пагаварыць пра Вялікую Літву.
Вядома, ідэя адраджэньня ВКЛ існавала здаўна — ад самага канца той слыннай дзяржавы
Але ня столькі пра тую дзяржаву, што існавала на землях Беларусі, Літвы і Ўкраіны 500 гадоў, дзе беларуская мова была афіцыйнай, дзе выйшлі з друку першыя кнігі, дзе была славутая беларуская палемічная літаратура… Я прапанаваў паразмаўляць пра ўмоўнае новае ВКЛ, пра дзяржаву будучыні. Калі мы зь літоўцамі так ладна існавалі большасьць сваёй гісторыі, чаму ня можам у будучыні? Што тут на перашкодзе?
Вядома, ідэя адраджэньня ВКЛ існавала здаўна — ад самага канца той слыннай дзяржавы. Ад паўстаньня Касьцюшкі, ад Напалеонаўскага паходу 1812 году, да якога далучылася Вялікая Літва, ад паўстаньняў ХІХ ст. Так ці інакш, цэнтральная тэма — аднаўленьне ВКЛ.
У 1915 быў створаны ўнівэрсал канфэдэрацыі ВКЛ. Прафэсар Бумблаўскас прыгадваў, што і Пілсудзкі хацеў Вялікую Літву, і Ромэр… Ежы Гедройць — апошні, хто адстойваў УЛБ (Украіна—Літва—Беларусь). Але з гэтых ідэяў нічога ня выйшла. Бо яны «састарэлі»? А можа быць, не дасьпелі — столькі ў іх натхненьня ды ініцыятыўнае сілы?
І тут хтосьці вельмі прагматычна растлумачыў: літоўцы разумелі, што іх меней, чым беларусаў і, баючыся зьнікнуць як нацыя, стварылі монаэтнічную дзяржаву Літву, дзе была адна мова — літоўская. Выглядае, што іншай рацыянальнай прычыны таго, што ідэя Вялікай Літвы «састарэла», не існуе.
Канец гісторыі не надышоў
Напэўна, яшчэ пяць гадоў таму яно так і выглядала. Як шчасьлівы «канец гісторыі». Літва ўступіла ў NATO і Эўразьвяз, усталявала свабоду і дэмакратыю, капітальна адгарадзілася ад Расеі, літоўскае мовы няма ў сьпісе моваў, якім пагражае зьнікненьне. Асабіста я шчыра радаваўся за Літву, за тое, што яна заўсёды спрыяла беларускай дэмакратыі і асабліва моцна падтрымала нас пасьля 2020 году. Мне адчувалася ў гэтым сіла адзінства Вялікай Літвы, зусім не састарэлая, жывая, хіба што прызабытая.
Раптам ізноў становіцца важна, ці можа ў цяперашнім сьвеце камфортна і дэмакратычна існаваць маленькая дзяржава і нацыя
Але цяпер аказваецца, што ніякага канца гісторыі няма, усё толькі пачынаецца. Калі на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць — ці спрацуе пяты артыкул статуту NATO, калі Расея нападзе на маленькую Літву? То бок статутны артыкул на вачах ператвараецца ў дыскусійны.
Раптам ізноў становіцца важна, ці маленькая ты краіна, ці вялікая. І ці можа ў цяперашнім сьвеце камфортна і дэмакратычна існаваць маленькая дзяржава і нацыя — гэта пытаньне. Асабліва цяпер, калі яшчэ ўчора адназначныя рэчы пачынаюць абвяргацца, зрынацца ў нішто. Мы перастаем верыць у непарушнасьць межаў, ніхто не гаворыць пра свабоду як абсалютную каштоўнасьць, правы чалавека становяцца прадметам гандлю, выбары — як быццам і ня выбары, аўтарытарызм ужо не пачварства, а пазнака «шматпалярнасьці сьвету»… Гэта ўсё насоўваецца на чалавечую цывілізацыю, якая ня мае чаго адказаць, апроч перайманьня тых самых практыкаў.
Вялікая Літва — як свая Старажытная Грэцыя
Прафэсар Бумблаўскас наракаў на літоўскую школьную гістарычную праграму, якая зводзіцца да завучваньня датаў. Наракаў на нацыяналізм, калі адзін толькі й думае, як адабраць у другога, жартаваў з глупстваў, якія ўсё часьцей вылазяць у гуманістыцы…
Аляксей Ластоўскі прапанаваў лінію дэканструкцыяў: старажытны Полацак быў не беларускім, а вараскім, слуцкія паясы зусім ня слуцкія і Вялікая Літва была краінай людзей іншага кшталту — ня наша. То бок увесь напрацаваны беларускі гістарычны пазытыў можна абвергнуць на горкі яблык. Але навошта?
І тут зноў прыходзіць на памяць Вялікая Літва, бо нічога лепшага, рацыянальнага і адрасаванага чалавеку ў нас у гісторыі не было. Не было ў ВКЛ нацыяналізму, гэта была рознаэтнічная і мультыкультурная дзяржава з выдатнай адукацыяй, перадавой прававой культурай, росквітам мастацтваў, палемічнага мысьлярства, архітэктуры. І не было галоўнага глупства — дзяржаўнай ідэалёгіі. Вы скажаце, што я ідэалізую ВКЛ? Адкажу словамі Ўладзімера Караткевіча, які на папрокі ў ідэалізацыі гісторыі адказваў: «Дык я ж яе ідэалізую, а не ачарняю».
Нічога лепшага, рацыянальнага і адрасаванага чалавеку ў нас у гісторыі не было
Для Беларусі Вялікая Літва — як свая Старажытная Грэцыя. А мне іншы раз думаецца, што гісторыя Старажытнай Грэцыі — гэта ўсё, што варта вывучаць у школе, каб выхаваць адэкватных сучасных людзей. Усё пазьнейшае, пазначанае дэградацыяй і няпраўдай, вывучаць ня варта.
Зразумела, што гэта толькі пытаньні, калі хочаце, фантазіі. Але нагадаць пра іх варта сёньня, калі зноў вырашальным стаў фактар маштабу краіны, дзе меншыя ўсё менш вырашаюць… Калі гістарычная адказнасьць за спадчыну падзеленая на дробныя кавалкі, калі асноўная частка колішняга ВКЛ — Беларусь — гібрыдна захопліваецца Расеяй, калі гістарычныя падзелы становяцца прычынай для новых расейскіх агрэсіяў. Калі ўсе фактычна аддалі ініцыятыву Маскве. Калі сама Эўропа адкрыта гаворыць пра імаверны расейскі напад, але ўсё, што можа — спадзявацца на NATO ці Амэрыку — без асаблівых гарантыяў. Відавочна, што мы напярэдадні дзіўных пераменаў, у якіх нашага, суб’ектнага ўдзелу не відаць. Пагатоў так мала нашага адзінства, нашае сілы і нашае ініцыятывы…
Мысьлярскі салён доўга не разыходзіўся. Быццам людзі расплюшчылі вочы на сваё заўтра і задумаліся пра свой удзел, сваю ініцыятыву ў ім. Быццам сама тэма аднаўленьня Вялікай Літвы вярнулася ў публічную дыскусію.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум