Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спалохаўся, што калі прапануюць падпісаць прашэнне аб памілаванні, я згаджуся», — Павал Вінаградаў


Турма ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

«Паколькі я таксама лічу сябе крутым рэвалюцыянэрам, і прылічваю сябе да такіх людзей. І для мяне падпісаць прашэньне аб памілаваньні — гэта нешта подлае», — распавядае ў вялікім інтэрвію Свабодзе грамадзкі актывіст і былы палітвязень Павал Вінаградаў.

Падчас размовы ён выказвае сваё стаўленьне да падпісаньня прашэньня аб памілаваньні.

Паўла затрымалі ў сьнежні 2021 году, у 2022-м асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня за допіс у Facebook з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, Франака Вячоркі, Паўла Латушкі і Дзяніса Дудзінскага. У верасьні 2025 году яго разам з групай іншых палітзьняволеных вызвалілі і гвалтоўна вывезлі зь Беларусі ў Літву.

У вялікім інтэрвію Свабодзе Павал Вінаградаў распавядае як Лукашэнка стаў пацяреплым у ягонай крымінальнай справе, а таксама параўноўвае ўмовы ў сучаснай турме з тымі, якія былі за кратамі 10 гадоў таму (у 2011 годзе Павал быў асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году).

Вось невялікі ўрывак з інтэрвію:

— 6 верасьня 2022 года. Мой «пацярпелы» па радыё кажа: «Зараз мы будзем рабіць амністыю да Дня народнага адзінства, гэта значыць 17 верасьня». А ні для каго не сакрэт, што сядзяць людзі за злачынствы «экстрэмісцкага характару», і гэтая амністыя — таксама для іх. Маўляў, «усё ўжо, хопіць, трэба заканчваць, цяпер будзем усіх выпускаць».

Потым — ці ў той жа дзень, ці праз некалькі дзён — нейкі міліцэйскі чыноўнік, калі я не памыляюся, кажа, што, маўляў, «выпускаць будзем толькі тых, хто падпіша прашэньне аб памілаваньні».

А для мяне падпісаньне прашэньня аб памілаваньні — гэта прынцыповы момант!

Бо я лічу, што калі ты проста чалавек, які выходзіў на мітынгі ці нешта рабіў — дык падпісвай усё, што хочаш, толькі не здавай сваіх і нікога не ўцягвай. Падпісвай, прызнавай віну — і ідзі на волю. Ты мне ў турме не патрэбны. Лепш выйдзі, зарабі грошай і пералічы іх маёй жонцы — вось што мне трэба.

Але калі ты нехта — лідэр чагосьці, калі б’еш сябе кулаком у грудзі і сьцьвярджаеш, што ты круты рэвалюцыянэр, то якія могуць быць прашэньні аб памілаваньні?.. Калі такія людзі падпісваюць — я, вядома, засмучаюся.

А паколькі я таксама лічу сябе крутым рэвалюцыянэрам, то прылічваю сябе да іх. І для мяне падпісаць прашэньне аб памілаваньні — гэта нешта подлае.

І калі гэты чалавек сказаў, што выпусьцяць толькі тых, хто падпіша, — я вельмі спалохаўся. Спалохаўся, што калі да мяне прыйдуць і прапануюць падпісаць, каб выйсьці на волю, я згаджуся.

Я менавіта гэтага баяўся.

Бывала, нехта ідзе па калідоры, і мне здаецца — ідуць да мяне і зараз прапануюць. І сэрца — стук-стук-стук…

Інтэрвію з Паўлам Вінаградавым цалкам глядзіце тут:

Павал таксама дзеліцца думкамі пра стан беларускай эміграцыі, пра тое, чаму палітвязьні могуць выйсьці на волю раней за тэрмін і чаму галоўнае пытаньне для Беларусі — не «ці зьменіцца ўлада», а «калі яна зьменіцца».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG