Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія не працягнула дазволаў на аўтобусныя маршруты ў Беларусь. Цяперашнія дзейнічаюць да студзеня, лютага і чэрвеня 2026 году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дырэкцыя аўтатранспарту Латвіі пакуль не плянуе выдаваць новых дазволаў на маршруты для рэгулярных аўтобусных пасажырскіх перавозак з Латвіі ў Беларусь і Расею.

Гэта датычыць і транзытных маршрутаў, піша Delfi са спасылкай на агенцтва LETA. Дырэкцыя лічыць, што з увагі на геапалітычную сытуацыю і пагрозы нацыянальнай бясьпецы Латвіі, мэтазгодна разгледзець пытаньне аб падрыхтоўцы праекту распараджэньня Кабінэту міністраў аб спыненьні міжнародных рэгулярных пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расею і перадаць гэты праект на разгляд Кабінэту міністраў.

Цяпер з Латвіі пасажырскія аўтобусныя перавозкі ў Беларусь ёсьць па трох маршрутах. У Беларусь езьдзяць аўтобусы фірмаў SIA «Latlines» і SIA «Dautrans». Дазвол «Dautrans» на маршрут у Віцебск скончыцца 31 студзеня 2026 году, а «Latlines» у Менск — 26 лютага 2026 году, у Гомель — 27 чэрвеня 2026 году.

Калі краіны Балтыі ня прыйдуць да пагадненьня аб спыненьні рэйсаў у Беларусь, пасьля спыненьня маршрутаў з Латвіі пасажыры змогуць езьдзіць у Беларусь і Расею празь Літву і Эстонію.

Раней Латвія забараніла з 1 лістапада 2025 году да 31 кастрычніка 2026 году міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія аўтобусныя перавозкі празь мяжу зь Беларусьсю і Расеяй. Так 7 кастрычніка вырашыў Кабінэт міністраў Латвіі.

Як патлумачыла Міністэрства транспарту Латвіі, забарона зьвязаная з рэзкім ростам колькасьці аўтобусаў, што выконваюць нерэгулярныя рэйсы празь мяжу, а таксама з рызыкамі для бясьпекі, у тым ліку пагрозаю нелегальнай міграцыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG