Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму за квіткі на 180 кілямэтраў дарогі трэба плаціць 80 эўра?». Як беларусы цяпер езьдзяць празь мяжу з Эўразьвязам


Машыны на мяжы, ілюстратыўнае фота
Машыны на мяжы, ілюстратыўнае фота

Прайшоў тыдзень пасьля адкрыцьця польскай мяжы. Калі месяц таму ў чарзе ў Берасьці стаялі да 3 тысяч легкавікоў і сотня аўтобусаў, то цяпер сотні машын, аўтобусаў у чарзе няма.

Амаль два тыдні беларуска-польская мяжа была цалкам закрытая. Каму трэба было пільна ехаць, дабіраліся зь Беларусі да Польшчы і далей ў эўрапейскія краіны празь Літву, Латвію, Калінінград. Натуральна, гэта адразу адбілася на працягласьці паездкі і на яе кошце.

Нягледзячы на адкрыцьцё беларуска-польскай мяжы яшчэ 25 верасьня, некаторыя перавозьнікі (да прыкладу, Ecolines) па-ранейшаму езьдзяць у Польшчу празь Літву.

Паездка зь Менску ў Варшаву і назад займае ад 16 да 30 гадзін зь перасадкай у Вільні. Квіткі каштуюць 80 эўра.

Аднак бальшыня аўтобусаў едзе зь Менску ў Варшаву і назад празь Берасьце і Тарэспаль, паводле раскладу дарога павінна займаць 11-12 гадзін, цэны на квіткі вагаюцца ад 40 да 50 даляраў. 30 верасьня зь Менску ў Варшаву беспасярэднія аўтобусы прыходзілі амаль паводле раскладу.

Анастасія выехала зь Менску аўтобусам 29 верасьня а 20-й гадзіне. У Варшаве была 30-га а 9:20.

«У 00:50 мы прыехалі ў Берасьце на мяжу, былі першыя каля шлягбаўму, заехалі практычна адразу. Унутры былі два аўтобусы. Чакалі, пакуль да нас дойдзе чарга, гадзіны тры. У 5:10 заехалі да палякаў. У 6:10 прайшлі польскую мяжу. Так хутка я ніколі не даяжджала! Хочацца верыць, што сытуацыя на мяжы нармалізавалася», — эмацыйна кажа Анастасія.

Як вынікае з тэлеграм-чатаў, амаль усе аўтобусы зь Менску ў Варшаву, зь Менску ў Вільню прыходзяць паводле раскладу, максымальныя затрымкі 1-2 гадзіны.

Што да аўтамабіляў, то на выезд зь Беларусі 3 кастрычніка раніцай на Варшаўскім мосьце чакае 500 аўтамабіляў.

30 верасьня у чарзе было 150 машын, мяжу праяжджалі ў сярэднім за 5 гадзін. На літоўска-беларускай мяжы чарга ў 40 машын.

Квіток Менску да Вільні — 80 эўра, зь Вільні да Варшавы — 25 эўра

Андрэй езьдзіць зь Менску ў Варшаву раз на 2-3 месяцы — у яго ў Польшчы сям’я. Даўно прызвычаіўся дабірацца празь Вільню, хоць гэта і даражэй, чым просты аўтобусны рэйс Менск — Варшава. Заўсёды ашчаджаў час, бо праз чэргі на мяжы людзі дабіраліся наўпрост зь Менску да Варшавы за 30 гадзін. А яму ўдавалася даяжджаць з праходам усіх межаў за 14-15 гадзін.

Таму 28 верасьня, нягледзячы на адкрыцьцё мяжы за два дні да яго паездкі, паехаў празь Літву. Але непрыемна зьдзівілі цэны на квіткі.

«Калі яшчэ два месяцы таму квіток зь Менску ў Вільню каштаваў прыкладна 50 эўра, то ў верасьні, калі палякі закрылі мяжу, — ужо ад 75 да 83 эўра (бо вырас попыт на квіткі). Натуральна, калі мяжу адкрылі, цэны назад не адкруцілі. Я ўсё адно не разумею, як адбываецца цэнаўтварэньне: чаму за 180 кілямэтраў дарогі зь Менску да Вільні квіткі каштуюць 80 эўра, а за 500 кілямэтраў зь Вільні да Варшавы — 25 эўра?», — задае рытарычнае пытаньне Андрэй. Што да часу, то гэтым разам яму ўдалося ўкласьціся ў 14 гадзін.

Закрыцьцё мяжы амаль на 2 тыдні Андрэя вельмі непакоіць, бо ўзьяднацца з жонкай ён пакуль ня можа, у Беларусі ў яго бацькі сталага веку.

«Празьвінеў трывожны званочак. Цяпер пільна сачу за навінамі. Палякі паказалі, што ўсё магчыма. Мяне непакоіць, што МЗС розных краін рэкамэндуюць сваім грамадзянам ня езьдзіць у Беларусь: раней Польшча і ЗША выступілі з заявамі, днямі — Эстонія. Парадавала, калі нейкі высокі літоўскі чыноўнік запэўніў, што Літва ня будзе аўтаматычна ісьці за Польшчай што да закрыцьця мяжы», — кажа суразмоўца Свабоды. (РС: былы міністар замежных справаў і абароны Літвы, цяпер амбасадар Літвы ў Швэцыі Лінас Лінкявічус)

Апоўначы 12 верасьня Польшча закрыла мяжу зm Беларусьсю. Польскі ўрад патлумачыў гэта небясьпекай, якая ідзе ад вучэньняў «Захад-2025» на беларускім баку. У ноч на 25 верасьня мяжу зноў адкрылі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG