Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ААН супраць Ірану зноў уступілі ў сілу


Людзі праходзяць каля пункту абмены валютаў у Тэгеране. Пасьля аднаўленьня санкцый іранскі рыял абваліўся да рэкорднага мінімуму адносна даляра на чорным рынку
Людзі праходзяць каля пункту абмены валютаў у Тэгеране. Пасьля аднаўленьня санкцый іранскі рыял абваліўся да рэкорднага мінімуму адносна даляра на чорным рынку

Іран у нядзелю асудзіў як «неапраўданае» аднаўленьне санкцый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць яго, накладзеных у сувязі зь яго ядзернай праграмай.

Меры, якія забараняюць любую дзейнасьць, зьвязаную з ядзернымі і балістычнымі праграмамі Ірану, зноў уступілі ў сілу ў ноч на 28 верасьня — пасьля таго, як заходнія краіны актывавалі так званы «мэханізм вяртаньня» ў рамках ядзернай угоды 2015 году.

«Аднаўленьне ануляваных рэзалюцый зьяўляецца юрыдычна неабгрунтаваным і неапраўданым... Усе дзяржавы павінны ўстрымацца ад прызнаньня гэтай незаконнай сытуацыі», — заявіла Міністэрства замежных спраў Ірану. Ведамства падкрэсьліла, што Іран «цьвёрда абараняе свае нацыянальныя правы і інтарэсы», а любыя дзеяньні, накіраваныя на іх падрыў, «атрымаюць рашучы і адпаведны адказ».

Вяртаньне санкцый стала вынікам месяцаў напружанай дыпляматыі, накіраванай на аднаўленьне перамоваў па іранскай ядзернай праграме, якія сарваліся ў чэрвені пасьля бамбардаваньня іранскіх абʼектаў Ізраілем і ЗША. Нягледзячы на гэта, заходнія лідэры заявілі, што каналы для дыялёгу застаюцца адкрытымі. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заклікаў Іран «прыняць прамыя перамовы, заснаваныя на добрай волі».

Міністры замежных спраў Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны ў сумеснай заяве падкрэсьлілі, што маюць намер дабівацца «новага дыпляматычнага рашэньня, якое гарантуе, што Іран ніколі не атрымае ядзерную зброю». Яны таксама заклікалі Тэгеран «устрымацца ад любых крокаў, якія вядуць да эскаляцыі».

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян заявіў, што ЗША прапаноўвалі толькі кароткатэрміновыя паслабленьні ў абмен на перадачу ім усяго запасу ўзбагачанага ўрану, назваўшы такую прапанову «непрымальнай».

Спроба Расеі і Кітая ў апошні момант адкласьці ўвядзеньне санкцый да красавіка правалілася — за адпаведную рэзалюцыю не набралася дастатковай колькасьці галасоў у Радзе бясьпекі ААН, і санкцыі ўступілі ў сілу ў 3:30 па тэгеранскім часе (03:00 па менскім) у нядзелю. У суботу Іран паведаміў, што адклікае сваіх паслоў зь Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны «для кансультацый». Тым ня менш, Пэзэшкіян у пятніцу заявіў, што Іран не зьбіраецца выходзіць з Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёган Вадэфуль зазначыў, што Бэрлін «ня меў іншага выбару», бо Іран не выконвае свае абавязаньні. «Для нас прынцыпова: Іран не павінен валодаць ядзернай зброяй», — заявіў ён, дадаўшы, што «дзьверы для дыпляматыі застаюцца адчыненымі». Расея, у сваю чаргу, заявіла, што ня будзе прызнаваць і прымяняць гэтыя санкцыі, назваўшы іх «незаконнымі» і абвінаваціўшы Захад у «шантажы Тэгерану».

Сярод санкцыяў, у прыватнасьці, эмбарга на пастаўкі зброі; забарона на любыя работы па ўзбагачэньні і перапрацоўцы ўрану і на дзейнасьць, зьвязаную з распрацоўкай і вытворчасьцю балістычных ракет, здольных несьці ядзерныя зарады; забарона на паездкі для дзясяткаў іранскіх грамадзян; замарожваньне актываў мноства фізычных і юрыдычных асоб; забарона на пастаўку любых матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў ядзернай праграме Ірану.

Усе краіны ўпаўнаважаны канфіскоўваць і ўтылізаваць прадметы, якія падпадаюць пад санкцыі ААН, а Ірану будзе забаронена ўдзельнічаць у любой камэрцыйнай дзейнасьці ў іншых краінах, зьвязанай са здабычай урану, вытворчасьцю ці выкарыстаньнем ядзерных матэрыялаў і тэхналёгій.

Эканамічныя наступствы аднаўленьня санкцый ужо адчувальныя: іранскі рыял абваліўся да рэкорднага мінімуму адносна даляра на чорным рынку. Жыхары краіны асьцерагаюцца новага вітка інфляцыі і росту цэнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG