Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Малдовы атрымала інфармацыю, што выбарнікаў арганізавана вязуць з Расеі ў Беларусь. Гэта парушэньне закону


Кадры зь відэа, апублікаваныя паліцыяй Малдовы. Твары размытыя для захаваньня прыватнасьці
Кадры зь відэа, апублікаваныя паліцыяй Малдовы. Твары размытыя для захаваньня прыватнасьці

Паліцыю Малдовы паінфармавалі аб арганізаванай перавозцы выбарнікаў з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусь.. У Малдове 28 верасьня праходзяць парлямэнцкія выбары, вынік якіх шмат у чым вызначыць далейшы напрамак разьвіцьця краіны.

Арганізаваная перавозка выбарнікаў забаронена законам і кваліфікуецца як спроба незаконнага ўплыву на выбарчы працэс, заяўляе паліцыя Малдовы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У сувязі з гэтым пачалі праверку.

Паліцыя таксама публікуе відэа з аўтобуса, дзе грае музыка і людзі наліваюць нешта ў кубачкі.

Беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА піша, што ў Расеі працуюць толькі 2 участкі для галасаваньня на выбарах у Малдове, разьмешчаныя ў Маскве, і яны не спраўляюцца з колькасьцю малдаван, якія хочуць прагаласаваць на выбарах у парлямэнт. Паводле БелТА, менавіта таму прадстаўнікі малдаўскай дыяспары прыяжджаюць у Менск, дзе прагаласаваць можна на ўчастку, адкрытым у пасольстве Малдовы ў Беларусі.

У выбарах удзельнічаюць 14 палітычных партый, чатыры выбарчыя блокі і чатыры незалежныя кандыдаты. Асноўная барацьба, паводле прагнозаў, будзе паміж кіруючай праэўрапейскай партыяй «Дзеяньне і салідарнасьць» (PAS) і прарасейскім Патрыятычным блокам, у які ўваходзяць сацыялісты, камуністы, партыя «Сэрца Малдовы» і партыя «Будучыня Малдовы».

Парлямэнцкія выбары 28 верасьня разглядаюцца як ключавы момант для будучыні Малдовы, якая зьяўляецца краінай-кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Партыя PAS, якую заснавала Санду, мае парлямэнцкую большасьць з 2021 году. Аднак, паводле апытаньняў, PAS можа страціць гэтую перавагу. Неабходнасьць фармаваць кааліцыйны ўрад ускладніць дасягненьне мэты PAS дабіцца інтэграцыі Малдовы ў ЭЗ да 2030 году, адзначаюць аналітыкі.

Напярэдадні выбараў Мая Санду зьвярнулася да грамадзян з заклікам падтрымаць праэўрапейскія сілы, падкрэсьліўшы, што Расея ўкладвае значныя сродкі, каб прывесьці да ўлады сваіх прыхільнікаў. Паводле яе, Масква траціць «сотні мільёнаў даляраў», спрабуючы купіць галасы малдаўскіх выбарнікаў. Санду таксама заявіла, што ў выпадку перамогі прарасейскіх сіл Малдова рызыкуе быць адарванай ад Эўропы і можа стаць пляцдармам для расейскіх ваенных апэрацый у Адэскай вобласьці Ўкраіны.

Расея, у сваю чаргу, заяўляе, што ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG