Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 7:00 паводле мясцовага часу і будуць працаваць да 21:00. Усяго ў краіне працуюць 1973 выбарчыя ўчасткі, у тым ліку 12 — для жыхароў Прыднястроўя.
У выбарах удзельнічаюць 14 палітычных партый, чатыры выбарчыя блокі і чатыры незалежныя кандыдаты. Асноўная барацьба, паводле прагнозаў, будзе паміж кіруючай праэўрапейскай партыяй «Дзеяньне і салідарнасьць» (PAS) і прарасейскім Патрыятычным блокам, у які ўваходзяць сацыялісты, камуністы, партыя «Сэрца Малдовы» і партыя «Будучыня Малдовы».
Прэзыдэнтка краіны Мая Санду раніцай прагаласавала на выбарчым участку ў Кішынёве і заклікала грамадзян актыўна ўдзельнічаць у галасаваньні. «Малдова, наш агульны дом, знаходзіцца ў небясьпецы, і зараз важны кожны з вас. Вы можаце выратаваць яе сваім голасам», — заявіла Санду.
Парлямэнцкія выбары 28 верасьня разглядаюцца як ключавы момант для будучыні Малдовы, якая зьяўляецца краінай-кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. Партыя PAS, якую заснавала Санду, мае парлямэнцкую большасьць з 2021 году. Аднак, паводле апытаньняў, PAS можа страціць гэтую перавагу. Неабходнасьць фармаваць кааліцыйны ўрад ускладніць дасягненьне мэты PAS дабіцца інтэграцыі Малдовы ў ЭЗ да 2030 году, адзначаюць аналітыкі.
Напярэдадні выбараў Мая Санду зьвярнулася да грамадзян з заклікам падтрымаць праэўрапейскія сілы, падкрэсьліўшы, што Расея ўкладвае значныя сродкі, каб прывесьці да ўлады сваіх прыхільнікаў. Паводле яе, Масква траціць «сотні мільёнаў даляраў», спрабуючы купіць галасы малдаўскіх выбарнікаў. Санду таксама заявіла, што ў выпадку перамогі прарасейскіх сіл Малдова рызыкуе быць адарванай ад Эўропы і можа стаць пляцдармам для расейскіх ваенных апэрацый у Адэскай вобласьці Ўкраіны.
Расея, у сваю чаргу, заяўляе, што ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў.
Форум