Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін заслухалі даклад Генштабу УС РФ. Лукашэнка: Пуцін нічога не хавае ад мяне


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 26 верасьня 2025
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 26 верасьня 2025

Сёньняшняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна працягвалася 5 гадзінаў і 22 хвіліны.

Пра гэта паведамляе блізкі да адміністрацыі Лукашэнкі ТГ-канал «Пул Первого».

Паводле каналу Лукашэнка пасьля перамоваў распавёў журналістам, што падчас сустрэчы заслухаў разам з прэзыдэнтам Расеі даклад Генштабу Узброеных сілаў РФ. «З кабінэту Пуціна — гэта быў сэлектар», — патлумачыў Лукашэнка. І дадаў: «Уладзімір Уладзіміравіч нічога не хавае ад мяне».

Раней паведамлялася, што Лукашэнка на сустрэчы заявіў, што другую атамную станцыю можна пабудаваць на ўсходзе Беларусі, і сказаў, што гэтая новая АЭС зможа забясьпечваць энэргіяй акупаваныя Расеяй рэгіёны Ўкраіны, якія ён назваў «вызваленымі».

Ён таксама распавёў Пуціну, што ў Беларусі займаюцца майнінгам крыптавалют на рэзэрвовых магутнасьцях, якія трымаюць у энэргасыстэме для падтрыманьня яе стабільнасьці на выпадак спыненьня АЭС або пікавых нагрузак: «Яшчэ адзін спажывец зьяўляецца моцным. Вельмі магутны. У нас станцыі, якія былі на газе, мы ў халодным рэжыме іх трымаем. Мы там якраз майнінг робім. Замежнікі плацяць грошы ў бюджэт, і гэтыя станцыі працуюць. Таму мы ў "Газпрома" практычна закупляем і будзем закупляць тыя ж аб’ёмы газу. Я думаю, што "Газпром" у накладзе тут не застанецца. Усюды сёньня патрэбны прыродны газ».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG