Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі ў эфіры тэлеканалу TVN24 патлумачыў рашэньне ўраду краіны аб аднаўленьні з 25 верасьня працы памежных пераходаў з Беларусьсю, закрытых 12 верасьня.
«Мы казалі, што ў сувязі з вучэньнямі „Захад-2025“ чакаем розных правакацый, дадатковых правакацый. Закрылі мы гэтую мяжу. Калі мы ўбачылі, што праз некалькі дзён пасьля заканчэньня вучэньняў „Захад-2025“ гэтая сытуацыя нармалізуецца — яна не зьяўляецца бясьпечнай на нашай польска-беларускай мяжы — але нармалізуецца, вяртаецца да такога няўпэўненага кансэнсусу, калі так можна сказаць, мы вырашылі адкрыць мяжу», — заявіў міністар.
Абвяшчаючы 23 верасьня аб адкрыцьці мяжы, прэм’ер-міністар Дональд Туск сказаў, што інструмэнт закрыцьця пераходаў застаецца ў распараджэньні польскага ўраду і можа быць задзейнічаны ізноў, калі сытуацыя зь бясьпекай пагоршыцца.
25 верасьня ў другой палове дня польская амбасада ў Беларусі распаўсюдзіла папярэджаньне аб небясьпецы паездак у Беларусь для польскіх грамадзян і заклікала іх пакінуць краіну.
- Абвяшчаючы пра закрыцьцё мяжы 9 верасьня, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск зьвязаў гэтае рашэньне зь «вельмі агрэсіўнымі, з гледзішча ваеннай дактрыны» расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2025».
- «Мы таксама маем справу з усё большай колькасьцю розных правакацый з боку Расеі і Беларусі — як унутры краіны, так і, напрыклад, нядаўнім арыштам грамадзяніна Польшчы, манаха, у Беларусі. Яны маюць прыкметы вельмі агрэсіўных правакацый», — сказаў Туск.
- Тады ж кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі патлумачыў, што Варшава закрыла мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а « у сувязі зь іх правядзеньнем»: «Памежныя пераходы будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сытуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян».
- 18 верасьня міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў: «Калі Кітай дапаможа нам, як ён гэта калісьці зрабіў, спыніць беларускія правакацыі, мяжа будзе адкрытая. І я спадзяюся, што Кітай зноў дапаможа, гэтым разам надоўга. Гэта, у пэўным сэнсе, вельмі проста. Каб мяжа была адкрытай, там ня могуць бясчынстваваць нейкія групы псэўдаўцекачоў, якіх прапіхвае Лукашэнка».
Форум