Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 верасьня: затрымалі некалькіх чалавек, датычных да тэлеграм-чату «Орг BY»

абноўлена

Віталь Броўка, адзін зь меркаваных удзельнікаў чату, абвешчанага ўладамі «экстрэмісцкім»
Віталь Броўка, адзін зь меркаваных удзельнікаў чату, абвешчанага ўладамі «экстрэмісцкім»

Чат у пачатку верасьня абвясьцілі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Затрыманьні датычных да тэлеграм-чату «Орг BY»

Паводле сілавікоў, дачыненьне да «Орг BY» мелі Аляксандар Касінскі, Анатоль Запольскі-Доўнар, Віталь Броўка, Віталь Супрановіч. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Аляксандар Касінскі, які працуе дырэктарам службы Kvitki.bу, затрыманы.

Як расказаў адзін з удзельнікаў чату, які цяпер у эміграцыі, «Орг BY» стварылі прафэсіяналы ў сфэры арганізацыі канцэртаў у першай палове 2020 году — выключна для каардынацыі працы .

«Там мы проста дзяліліся працоўным досьведам, нешта маглі адзін аднаму параіць. Нічога „экстрэмісцкага“ ў чаце дакладна не было, было ўсё пра Беларусь, пра будучыню, пра нейкі пазытыў яшчэ», — расказвае суразмоўца.

Прыблізна ў 2021‑м, як успамінае ўдзельнік, усе дыялёгі скончыліся. Чат знайшлі ў тэлефоне ў аднаго з затрыманых арганізатараў канцэртаў. І гэта стала падставай наведацца да іншых удзельнікаў, якія заставаліся ў Беларусі.

Лекара з Горадні асудзілі па двух пратэстных артыкулах

64-гадовага Сяргея Рамашова, УГД-дыягноста з Горадні асудзілі на 3,5 года калёніі, паведаміла «Вясна». Паводле праваабаронцаў, імаверна, перасьлед зьвязаны са справай «Беларускага гаюна».

Аб судзе над Сяргеем Рамашовым стала вядома ў жніўні 2025 года. Яго абвінавачвалі па артыкулах аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) і фінансаваньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-2 КК).

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG