Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Століне да юбілею гораду адкрылі сквэр без травы і дрэваў, а ў Воршы пад новую плошчу дрэвы высеклі


Орша
Орша

Адразу дзьве плошчы адкрылі ў Беларусі пад «Дзень народнага адзінства».

Праўда, у Століне нагода афіцыйна была іншай — там адзначаюць 470‑годзьдзе з моманту першага пісьмовага ўспаміну. У цэнтры сквэру — пляцоўка з шэрай бэтоннай пліткі, да якой з розных бакоў падыходзяць роўныя сьцежкі. Уздоўж іх расставілі каваныя лавы і сьметніцы.

Галоўным акцэнтам стаў чорны мэталічны стол з амаль дзясяткам такіх жа чорных мэталічных крэслаў, заўважыла Наша Ніва.

Стол накрыты чорным мэталічным ручніком, але на месцы, дзе ён зьвісае са стала, ручнік мае вострыя куты, якімі можна параніць ногі, вынікае з фатаграфій, якімі падзяліўся канал «Столинский район». У сквэры закладзеная капсуля часу і пастаўлены вялікі камень з шыльдай пра закладку сквэру. Шыльда ўпрыгожаная выявай зьнішчанага ў вайну палаца Радзівілаў у суседніх Манькавічах. Усё аформлена на беларускай мове.

Тым часам у Воршы адкрылі «плошчу дзяржаўнага сьцягу», інфармуе афіцыйны канал мясцовага райвыканкаму. На цырымонію адкрыцьця на плошчу прывялі супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый і навучэнцаў розных устаноў. Плошча з высокім флагштокам месьціцца каля Парку Герояў, дзе насыпаны курган у гонар ахвяр ІІ усясьветнай вайны.

Журналісты Orshaeu падлічылі, што сума ўсталяваньня флягштоку вышынёю 58 мэтраў шматкроць вырасла ў працэсе стварэньня плошчы і перавысіла 2 млн рублёў. За гэтыя грошы, адзначылі журналісты выданьня, можна было б адрамантаваць і абсталяваць 8 невялікіх лякарняў, або паставіць 200 малых батутаў для дзяцей, або ўладкаваць 45 спартовых пляцовак з поўнай камплектацыяй.

Плошча, дарэчы, таксама амаль бяз дрэваў — перад пабудовай тыповай прасторы з шэрай і чырвонай пліткай улады высеклі дзясяткі дрэваў. Дарэчы, у 2020-м на месцы гэтай плошчы быў мітынг Сьвятланы Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG