Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, памежнікі гэтай заставы будуць ахоўваць 37 кілямэтраў дзяржаўнай мяжы па фарватэры Дняпра ў межах Брагінскага раёну.
Дагэтуль памежнікі разьмяшчаліся на рэйдавай баржы і ў памяшканьнях модульнага тыпу. У новым комплексе стварылі ўмовы для жыцьця і нясеньня службы. Там ёсьць месцы для захоўваньня і рамонту тэхнікі, гадавальнік для службовых сабак, спартовыя аб’екты. У адзіным комплексе таксама пабудавалі жылы дом для сямей памежнікаў.
Да канца году ў Беларусі плянуюць адкрыць яшчэ тры заставы на мяжы з Украінай.
Памежная застава — асноўны падразьдзел памежных войскаў, які ўваходзіць у склад памежнага атраду або камэндатуры і выконвае задачы беспасярэдняй і бесьперапыннай аховы пэўнага ўчастку дзяржаўнай мяжы.
- З пачатку падтрыманай кіраўніцтвам Беларусі расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, на мяжы з украінскай тэрыторыяй пачалі ствараць і праводзіць рэканструкцыю памежных застаў на паўднёвай мяжы дзяржавы.
- Так, сёлета ў сакавіку ў Гомельскай вобласьці адкрылі заставу «Нароўля», а летась — «Грабені» і «Махро» ў Берасьцейскай вобласьці.
- У 2022 годзе ў Беларусі ўздоўж украінскай мяжы былі ўзмоцненыя або ўладкаваныя новыя мабільныя заставы, у Новай Гуце пачалі будаваць буйную памежную заставы коштам больш за 23,7 млн рублёў.
- У кастрычніку 2022 году КДБ і Міністэрства абароны Беларусі заяўлялі, што ў лістападзе чакаецца атака на Беларусь з Украіны. Нібыта «незаконныя ўзброеныя фармаваньні», у тым ліку полк Каліноўскага, змогуць зайсьці на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку «для дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне».
- Беларускія памежнікі рэгулярна скардзяцца на «правакацыі» з боку ўкраінскіх калег: білборды на мяжы, вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу, «пудзіла Валеру», крыкі накшталт «Я зараз гранату кіну», мінаваньне мяжы і інш.
Форум