Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў аб павелічэньні рызыкі вайсковай эскаляцыі ў эўрапейскім рэгіёне.
«Мы бачым, што рызыка вайсковай эскаляцыі значна павялічылася апошнім часам», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Пэтэра Сіярту. Ён ачольвае дэлегацыю вугорскага ўраду, якая прыехала ў Менск на пасяджэньне двухбаковай міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы.
Кіраўнік МЗС Вугоршчыны ў чарговы раз заявіў аб неабходнасьці «вяртацца ў рэчышча перамоў і супрацы».
«Цяпер самы час вярнуцца да разумнага рацыянальнага падыходу ў стварэньні двухбаковых дачыненьняў. Сам факт, што прадстаўнікі 17 вугорскіх кампаній прыляцелі са мной у Менск, пацьвярджае, што рацыянальны падыход усё ж існуе. Ёсьць і неабходнасьць, і зацікаўленасьць у разьвіцьці супрацы на аснове здаровага глузду», — дадаў ён.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў адзначыў, што дзьве краіны маюць «падобныя погляды на пытаньні бясьпекі і рэгіянальнага парадку дзённага».
«Мы таксама цэнім, што, нягледзячы на ціск, нашы вугорскія сябры захоўваюць пазытыўны погляд, непрадузятую пазыцыю па тых працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі», — працытавала Рыжанкова БелТА.
Форум