Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы параілі, што рабіць, калі ў Беларусі сілавікі ціснуць на сваякоў палітэмігрантаў


Турма ў Менску. Архіўнае фота
Турма ў Менску. Архіўнае фота

Ціск на сваякоў былых палітвязьняў, якія зьехалі за мяжу, праваабаронцы лічаць формай рэпрэсій, мэта якіх — запалохаць і прымусіць замаўчаць тых, хто працягвае крытыкаваць рэжым.

Юрыдычная служба «Вясны» распавяла, якія правы ёсьць у такім выпадку і як дзейнічаць, каб абараніць сябе.

Праваабаронцы папярэджваюць, што сілавікі маюць права выклікаць бацькоў або сваякоў у органы «у сувязі з дзеяньнямі» іх дзяцей, альбо блізкіх сваякоў, калі на іх заведзеная крымінальная справа ці праводзіцца праверка перад сьледзтвам па заяве аб злачынстве. Фармальная прычына — што асобы, якіх выклікаюць, могуць валодаць інфармацыяй, датычнай да справы.

Ці могуць выклікаць на допыт па тэлефоне?

На допыт выклікаюць позвай. У ёй павінна быць пазначана: хто і ў якім статусе выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час зьяўленьня, а таксама наступствы няяўкі без паважлівых прычын.

Выклік можа быць зроблены таксама па тэлефоне, праз СМС або электронны ліст. Але ў любым выпадку абавязкова мусяць быць агучаныя ўсе дадзеныя, якія ўтрымліваюцца ў позве.

Калі допыт адбываецца ў працоўны час, трэба патрабаваць даведку для працадаўцы, а пры вобшуку — копію пратаколу, раяць праваабаронцы «Вясны».

Якія асноўныя правы ў сьведкі?

Калі сьледзтва прызнала сваяка сьведкам па крымінальнай справе, яму варта добра ведаць правы сьведкі. Сьведка мае права:

  • ня сьведчыць супраць сябе самога, чальцоў сваёй сям’і і блізкіх сваякоў.
  • заяўляць адвод перакладчыку, які ўдзельнічае ў яго допыце.
  • уласнаручна запісваць свае паказаньні ў пратаколе допыту або засьведчыць іх сваім подпісам.
  • запрашаць адваката для атрыманьня юрыдычнай дапамогі.

Усе правы і абавязкі сьведкі можна знайсьці ў частках 3, 4 артыкулу 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Галоўнае з правоў: ня сьведчыць супраць сябе самога, чальцоў сваёй сямʼі і блізкіх сваякоў (арт.27 Канстытуцыі, п. 1 ч. 3 арт. 60 КПК).

Адмовіцца ад дачы паказаньняў можна ня толькі на допыце ў сьледчага, але і ў судзе, нагадвае «Вясна». У гэтым выпадку суд ня мае права абвяшчаць паказаньні сьведкі, дадзеныя падчас сьледзтва, і выкарыстоўваць іх у якасьці доказаў (ч. 2 арт. 333 КПК).

Якія пытаньні можна ігнараваць

«Калі вам кажуць, што трэба падпарадкоўвацца законным распараджэньням органа, які вядзе крымінальны працэс, то варта ўдакладніць, на якой норме права заснавана патрабаваньне. Такія загады як „знайдзіце адрас вашага сына“, альбо „прынясіце копію часовага віда на жыхарства вашай дачкі“ можна ігнараваць, бо яны не заснаваныя на законе», — тлумачаць юрысты «Вясны».

Што варта зрабіць сваякам перад тым, як ісьці да сьледчага?

  • Пачысьціць тэлефон. Паглядзець усе падпіскі, лайкі, перапіску і фатаздымкі. Выдаліць усё тое, што можа быць выкарыстана супраць родных.
  • Падрыхтавацца псыхалягічна. На вас могуць аказваць непрыхаваны ціск альбо гуляць у «добрага паліцэйскага», які нібыта зьяўляецца вашым сябрам і хоча дапамагчы вам і вашым дзецям. Ведайце, што гэтыя захады — спроба атрымаць ад вас зьвесткі, якія будуць выкарыстаны супраць вас і вашых сваякоў.
  • Знайсьці адваката, заключыць з ім дамову і пракансультавацца да пачатку допыту.

Як сябе паводзіць, калі задаюць правакацыйныя або асабістыя пытаньні?

На правакацыйныя ці асабістыя пытаньні лепш не адказваць, папярэджваюць праваабаронцы. Нават калі вас выклікалі для дачы тлумачэньняў, трэба не забываць, што кожнае ваша неасьцярожнае слова можа стаць вырашальным для вашага далейшага працэсуальнага статусу.

Па законе, сьледчы не мае права задаваць пытаньні, наводзячыя на патрэбны яму адказ. Не забывайце, што сьведка мае права не адказваць на асабістыя пытаньні, скарыстаўшыся правам не сьведчыць супраць сябе і блізкіх сваякоў.

Таксама праваабаронцы раяць не даваць паказаньняў пра абставіны і падзеі, якія адбываліся даўно і добра не захаваліся ў памяці, нават калі на гэтым настойвае сьледчы.

«Бо пад ціскам можна „згадаць“ і няпэўную інфармацыю, якая можа нашкодзіць фігурантам справы», — раіць сваякам былых палітвязьняў юрыдычная служба «Вясны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG