Адразу пасьля ўдараў па мэтах у горадзе Доха 9 верасьня канцылярыя прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу апублікавала заяву, у якой гаварылася:
«Сёньняшняя апэрацыя супраць верхаводаў тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС была выключна незалежнай апэрацыяй Ізраілю. Ініцыятарам яе быў Ізраіль, яе ажыцьцявіў Ізраіль і Ізраіль нясе за яе адказнасьць».
Пазьней Нэтаньягу і міністар абароны Ісраэль Кац выпусьцілі сумесную заяву, паводле якой рашэньне аб ліквідацыі палітычных кіраўнікоў ХАМАС было прынятае ў панядзелак, 8 верасьня, пасьля тэракту ў Іерусаліме. Яго ахвярамі сталі шасьцёра ізраільцян.
«Сёньня (9 верасьня) днём, скарыстаўшыся ўзьніклай апэратыўнай магчымасьцю і пасьля кансультацый з усімі кіраўнікамі сілавых структур, пры іх поўным ухваленьні, прэм’ер-міністар і міністар абароны прынялі рашэньне рэалізаваць дадзенае напярэдадні ўказаньне ЦАХАЛ і (службе бясьпекі) ШАБАК. Апэрацыя была праведзеная гранічна дакладна і эфэктыўна», — гаворыцца ў заяве, у якой дзеяньні арміі Ізраіля названыя «абсалютна апраўданымі».
Катар, які выступае непрамым пасярэднікам на перамовах па ўгодзе аб спыненьні агню ў Газе і вызваленьню захопленых 7 кастрычніка 2023 году ізраільскіх закладнікаў, выступіў з рэзкім асуджэньнем дзеяняняў Ізраілю. Удары таксама асудзілі Саудаўская Арабія, ААЭ, Ярданія, Эгіпет, Турэччына і іншыя краіны, а таксама генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
Па паведамленьні тэлеканалу «Аль-Джазіра» і шэрагу іншых СМІ, кіраўнікі ХАМАС сабраліся ў горадзе Доха, каб абмеркаваць апошнія прапановы, якія тычацца магчымай зьдзелкі з Ізраілем аб спыненьні баявых дзеяньняў у сэктары Газа.
Ізраільскія і арабскія СМІ, у прыватнасьці «Аль-Арабія» і «Аль-Хадат», сьцьвярджаюць, што ў выніку ўдару маглі загінуць некалькі высокапастаўленых дзеячаў ХАМАС, у тым ліку кіраўнік замежнага офісу ХАМАС і перамоўнай групы Халіль аль-Хая, кіраўнік ХАМАС на Заходнім беразе Ярдану Захара Зардана Захара.
Вечарам у аўторак ХАМАС выпусьціў заяву, у якой гаворыцца, што «ізраільская спроба забойства членаў перамоўнац групы правалілася», аднак пры ўдары загінулі пяць членаў групоўкі, уключаючы сына Халіла аль-Хайі. Незалежнага пацьверджання гэтай інфармацыі няма. У заяве таксама падкрэсьліваецца, што ХАМАС ускладае адказнасьць за наступствы ўдару як на Ізраіль, так і ЗША.
Форум