Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомай прычына сьмерці палітвязьня Андрэя Паднябеннага


Андрэй Паднябенны.
Андрэй Паднябенны.

Як паведамілі Свабодзе абазнаныя ў сытуацыі крыніцы, прычынай сьмерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша. Загінулага пахавалі некалькі дзён таму.

Пра сьмерць Андрэя Паднябеннага стала вядома з допісу ў сацсетках, які пакінула ягоная маці Валянціна Паднябенная. Паводле апублікаванай ёй інфармацыі, сын памёр сёлета 3 верасьня.

Андрэй Паднябенны меў расейскае грамадзянства, але з шасьці гадоў жыў у Беларусі. У яго засталася жонка і малыя дочкі.

Як паведаміла Свабодзе на ўмовах ананімнасьці абазнаная ў сытуацыі крыніца, прычынай сьмерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша. Іншыя абставіны сьмерці палітзьняволенага пакуль невядомыя. Афіцыйныя крыніцы ў сілавых структурах пакуль ніяк не камэнтавалі здарэньне.

Перасьлед Паднябеннага

Андрэя Паднябеннага затрымалі ў лістападзе 2021 году і асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён нібыта падпаліў машыну начальніка Ўправы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пракалоў колы ў 39 тралейбусаў, стварыў і адміністраваў Telegram-канал і -чат, якія прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваньнямі», а таксама што падпаліў кран на будоўлі ў 2019 годзе. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. КДБ унёс палітвязьня ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

У студзені 2023 году Андрэя судзілі паўторна. Яму дадалі 1 год і восем месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «абразе Лукашэнкі», «абразе чыноўніка», «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці».

Паднябенны адбываў тэрмін у папраўчай калёніі № 15 у Магілёве. Цяпер там знаходзіцца больш за сто палітвязьняў. У магілёўскай калёніі і раней паміралі вязьні. Паводле кнігі былога палітвязьня ПК-15 Алега Грузьдзіловіча «Мае турэмныя муры», у 2022 годзе ў гэтай калёніі адзін зьняволены памёр ад анкалягічнага захворваньня.

Паводле ягоных успамінаў палітычных вязьняў калёніі рэгулярна саджаюць у ШЫЗА альбо ПКТ за самыя нязначныя парушэньні, пры гэтым у мэдычнай частцы калёніі даюць дазвол на зьмяшчэньне палітвязьня ў ШЫЗА, не зважаючы на стан ягонага здароўя.

Што вядома пра Андрэя Паднябеннага

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Пасьля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на розьнічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіраваньня.

Ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці з 2019 года, выступаў супраць шчыльнай забудовы ў сваім раёне: зьбіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльненьня і друкаваў улёткі.

На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной зь іх быў на машыне: за гэта яго аштрафавалі і пазбавілі правоў.

Андрэй вёў здаровы лад жыцца: не курыў і ня піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясьне» пра хлопца:

«Для яго не пустыя словы — прыстойнасьць, салідарнасьць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсьця, калі назіраў усю тую несправядлівасьць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэньне ПДД хіба. Ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў».



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG