Тэкст віншаваньня Сьвятлана Ціханоўская апублікавала на сваім тэлеграм-канале:
«Больш за пяцьсот гадоў таму адбылася бітва пад Воршай — адзін з ключавых момантаў у гісторыі беларусаў, калі нашыя продкі абаранілі свае землі ад захопнікаў з Маскоўскай дзяржавы. Гісторыя паўтараецца: нават праз стагодзьдзі мы вымушаныя зноў праходзіць праз падобныя канфлікты, адстойваць землі суседзяў і свой сувэрэнітэт. Але, як і пяцьсот гадоў таму, перамога будзе за тымі, хто шануе свабоду і праўду, хто здольны яднацца перад тварам ворага і дапамагаць адно аднаму.
Вось ужо тры з паловай гады працягваецца паўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Увесь гэты час беларусы з палка Каліноўскага і іншых фармаваньняў у шэрагах ЗСУ мужна змагаюцца за ўкраінскія землі, нягледзячы на небясьпеку і страты. Расейскі дыктатар імітуе мірныя перамовы, але разам з Лукашэнкам ідзе на эскаляцыю: ужо празь некалькі дзён пачынаюцца новыя вучэньні „Захад-2025“. Падчас іх будуць адпрацоўвацца сцэнары выкарыстаньня ядзернай зброі. Захопніцкія амбіцыі Расеі не зьнікаюць, а толькі растуць, і мы, беларусы, жывем на самай мяжы гэтых пагрозаў.
Сёньня як ніколі важна ўсьведамляць каштоўнасьць беларускай незалежнасьці. Незалежнасьць — гэта гарантыя бясьпечнай будучыні для нашых дзяцей, магчымасьць жыць у краіне, дзе паважаюць чалавечую годнасьць і шануюць сваю спадчыну. Толькі ад нас залежыць, ці будзе Беларусь свабоднай і мірнай».
8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне, адбылася найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў, у якой войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI ст. Перамога ў ёй дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў.
У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва цяпер адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.
Першае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 году ў Менску зладзіла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах. З таго часу неафіцыйна гэты дзень сьвяткавалі даволі шырока, але дзяржаўнага статусу сьвята так і не набыло.
Форум