Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат прыйшоў да высновы, што ў Беларусі зьніжаецца доля жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту


Сядзіба Белстату ў Менску, архіўнае фота
Сядзіба Белстату ў Менску, архіўнае фота

Маштабнае дасьледаваньне пра здароўе і становішча беларускіх жанчын у сям’і правёў Белстат пры падтрыманьні ААН.

Жанчынам, сярод іншага, задавалі пытаньне, ці сутыкаліся яны з гвалтам цягам свайго жыцьця. І гэты паказьнік склаў 15,9 працэнта.

«Праведзенае ў Беларусі абсьледаваньне, якое ахапіла жанчын ва ўзросьце 18–69 гадоў, паказала, што гвалт з боку інтымнага партнэра застаецца найбольш распаўсюджанай формай [гвалту]. У абсьледаваньні вывучалі два пэрыяды: цягам усяго жыцьця (з 18 гадоў) і за апошнія 12 месяцаў да апытаньня. Распаўсюджанасьць гвалту на працягу жыцьця адлюстроўвае агульны „назапашаны вынік“, тады як распаўсюджанасьць гвалту за апошні год паказвае актуальную сытуацыю», — паведамляе Белстат.

Белстат лічыць, што выпадкаў гвалту над жанчынамі стала меней.

«Важнай высновай стала тое, што рызыка сутыкнуцца з гвалтам у гэты момант ніжэйшая, чым у сярэднім за жыцьцё, што сьведчыць аб эфэктыўнасьці захадаў, накіраваных на перадухіленьне гвалту і рост культуры паважлівага стаўленьня да жанчыны». У апошнія 12 месяцаў з боку партнэра зазналі фізычны гвалт 0,9% жанчын, сэксуальны — 0,2%, фізычны і / або сэксуальны — 1%, псыхалягічны — 4,9%, — паведаміў Белстат вынікі свайго апытаньня.

Што вядома пра хатні гвалт у Беларусі

Зразумець рэальны маштаб гендэрнага гвалту ў Беларусі цяжка. Толькі паводле афіцыйных заяваў штогод у Беларусі рэгіструецца каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт. Гэта мінімум 219 фактаў гвалту за дзень. Кожнае трэцяе забойства ўчыняецца рукамі блізкіх.

Паводле апытаньня, праведзенага онлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры дапамозе Chatham House, ад розных відаў хатняга гвалту цярпяць 17,6% беларускіх гараджанак, якія маюць партнэра.

У Беларусі няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Распрацаваны законапраект раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду». Паводле Лукашэнкі, супрацьдзеяньне гвалту ў сям’і ідзе насуперак «славянскім традыцыям».

Пасьля зьнішчэньня НДА-сэктару і ініцыятываў у барацьбе з хатнім гвалтам у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «выкарчоўваць» з грамадзтва гвалт над жанчынамі і дзецьмі «самымі жорсткімі мэтадамі».

Прадстаўніца Беларускага саюзу жанчын Вольга Чамаданава ў адказ на пытаньне, ці неабходны ў Беларусі закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, заявіла, што беларусы жывуць у бясьпечнай краіне дзякуючы «працы праваахоўных органаў» і што «створаныя ўсе ўмовы, каб людзі пачуваліся ў бясьпецы».

Штогод у Беларусі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва па дапамогу зьвяртаюцца каля 15 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, заявіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, выступаючы 6 лютага 2025 году ў Камітэце ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын, якую цытуе прэс-служба МЗС Беларусі.

Паводле Бельскай, каб забясьпечыць прытулак для жанчын і дзяўчат, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, у Беларусі разьвіваецца сетка так званых «крызісных пакояў»: 105 зьявіліся ў 2015 годзе і 134 у 2024 годзе. Як сьцьвярджае прадстаўніца Беларусі, у першым паўгодзьдзі 2024 году ў «крызісных пакоях» жылі «каля 108 чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, зь іх 81 жанчына і 27 мужчын».

Раней арганізацыі грамадзянскай супольнасьці выступілі ў Камітэце з альтэрнатыўным дакладам аб становішчы жанчын у Беларусі. У ім гаварылася аб працягу дыскрымінацыі жанчын у краіне, роспуску арганізацый грамадзянскай супольнасьці, турэмным зьняволеньні жанчын-праваабаронцаў, перашкодах у доступе жанчын да правасудзьдзя ды інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG