Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-цэнтар братоў Карычаў у цэнтры Менску не запоўнены і праз чатыры гады пасьля заканчэньня будаўніцтва


Будынак Capital Palace
Будынак Capital Palace

Улетку 2014 году з дазволу Лукашэнкі пачалі будаваць на Кастрычніцкай плошчы ў Менску цэнтар Capital Palace. Будаўніцтва доўга затрымлівалі, а калі бізнэс-цэнтар пабудавалі, выявілася, што замоўнікі ня ведаюць, як яго выкарыстоўваць.

Capital Palace збудавалі на месцы зьнесенага будынку «Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай айчыннай вайны». Пры гэтым музэй зьнесьлі ўлетку 2014 году, а будаўніцтва цэнтру пачалі толькі ў 2017-м. Аб’ект на тэрыторыі амаль у 1 га быў гатовы яшчэ ў 2021-м, аднак дасюль не пачаў працаваць, піша Onlíner, журналісты якога наведалі месца.

У будынку ўжо працуе падземны паркінг — 4 рублі за гадзіну стаянкі (або 150 эўра за захоўваньне машыны цягам месяца).

Падземны паркінг у новым будынку мае два паверхі. На кожным узроўні па 86 машына-месцаў. Ня так шмат з улікам аб’ёму будынку і патэнцыйнай колькасьці наведнікаў, а таксама офісных супрацоўнікаў. Аднак, паводле забудоўніка, уладкаваць больш машына-месцаў не было як — тэхнічныя абмежаваньні накладае блізкасьць мэтро.

Бізнэс-цэнтар умоўна падзелены на дзьве часткі: для «мінакоў» будзе адкрыты парадны бок — той самы, што зь вялізнымі вокнамі на першым паверсе. Асноўны ж аб’ём будынку аддадзены пад офісы. Пакуль занятыя толькі 13 зь іх.

У правым крыле будынку месьціцца яшчэ адна свабодная прастора на 880 квадратных мэтраў. Як расказаў дырэктар бізнэс-цэнтру, зараз яна называецца «памяшканьнем інтэрактыўнага музэю». Але пры патрэбе зможа памяняць прызначэньне і стаць мастацкай галерэяй, рэстаранам з тэрасай на вуліцы або дадатковай гандлёвай плошчай.

Таксама ў Capital Palace адкрыюць рэстарацыю расейскай сеткі, якой — пакуль не раскрываюць, але рыхтуюцца.

Бізнэс-цэнтар разьлічаны на 4 тысячы чалавек. Афіцыйна яго ўвялі ў эксплюатацыю яшчэ ў 2022 годзе, прыкладна праз год пасьля завяршэньня будаўніцтва. У дырэктараце тлумачаць доўгі прастой грунтоўным пошукам партнэраў і патэнцыйных арандатараў. Дакладнай даты паўнавартаснага адкрыцьця цэнтру ўладальнікі назваць так і ня здолелі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG