Украінскі праект «Хачу жыць», які ажыцьцяўляе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, апублікаваў прозьвішчы яшчэ 596 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі.
Згодна зь інфармацыяй праекту, усе яны падпісалі кантракт з расейскім войскам у першыя шэсьць месяцаў 2025 году.
«Расея вярбуе людзей у свае „мясныя падразьдзелы“ па ўсім сьвеце, у першую чаргу там, дзе беднасьць і нізкі ўзровень жыцьця. Практычна ва ўсіх гэтых краінах можна назіраць розныя па эфэктыўнасьці спробы супрацьдзейнічаць вэрбаваньню іх грамадзян на вайну. Але толькі ў Беларусі ўлады ня робяць нічога, каб Расея не выкарыстоўвала беларусаў як салдат-сьмяротнікаў», — адзначылі ў праекце.
Ва Ўкраіне адзначылі, што, нягледзячы на крымінальную адказнасьць у Беларусі за найміцтва, з 2014 году «не завялі ніводнай крымінальнай справы супраць грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі».
«Беларусь, краіна з насельніцтвам меншым, чым у Маскве, заплюшчвае вочы на тое, што яе тысячы грамадзян і ўраджэнцаў ідуць на сьмерць за некалькі тысяч даляраў. Мясцовы рэжым аддае іх у ахвяру Крамлю, аплочваючы ляяльнасьць імпэрыі, на чыіх грашах і штыках сёньня трымаецца ўлада ў краіне. Імпэрыі, якая пасьлядоўна зьнішчае беларускую ідэнтычнасьць, мову і культуру», — адзначаецца ў паведамленьні праекту.
Ва Ўкраіне заклікалі беларусаў здавацца ва ўкраінскі палон, каб яны маглі вярнуцца жывымі ў свае сем’і.
«Украінскі і беларускі народы ніколі не былі ворагамі. Нам няма чаго дзяліць, не дазваляйце расейскім шавіністам выкарыстоўваць вас у сваіх мэтах», — падкрэсьлілі ў праекце.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядома.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёны шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум