Абмежаваньні ўключалі «просты і ўскосны імпарт, куплю або перадачу дыямэнтаў з Расеі». Аднак расейцы з дапамогай свайго хаўрусьніка ў выглядзе рэжыму Лукашэнкі знайшлі спосаб абыходзіць санкцыі.
Санкцыйныя абмежаваньні былі адказам на ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Мэтаю было максымальна абмежаваць эканамічныя магчымасьці краіны-агрэсара. Сур’ёзныя абмежаваньні для расейскіх дыямэнтаў закранулі і іншыя краіны, у тым ліку некаторыя афрыканскія дзяржавы, бюджэты якіх у значнай ступені залежаць ад даходаў з продажу гэтых каштоўных камянёў, гаворыцца ў расьсьледаваньні BelPol.
Каб абысьці санкцыйныя абмежаваньні і пастаўляць дыямэнты на рынак, у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравалі кампанію з абмежаванай адказнасьцю «АвалонТэхСэрвіс». Гэтая кампанія была дадаткова ўключана ў «Адзіны рэестар рэзыдэнтаў (удзельнікаў, суб’ектаў) свабодных (спэцыяльных, асаблівых) эканамічных зонаў дзяржаваў — чальцоў ЭАЭС».
Перавозяць грузы ў абодвух кірунках ад імя РУП «Спецыяльная сувязь». Агулам у схеме паставак дыямэнтаў і грашовых сродкаў за іх удзельнічаюць больш за 10 беларускіх кампаніяў.
Схема выглядае так:
- a) дыямэнты з Расеі (АЛРОСА, АГД Diamonds) афармляюцца праз ТАА «ВТП».
- b) праз расейскую кампанію «ТБСС» і/ці наўпрост грузы паступаюць у Беларусь.
- c) у Беларусі ключавым апэратарам выступае «АвалонТэхСэрвіс».
- d) кампанія падпісала афіцыйную дамову з РУП «Спецыяльная сувязь» (16.09.2024).
- e) РУП «Спецыяльная сувязь» забясьпечвае перавозку і захоўваньне.
- f) дадаткова дыямэнты праходзяць празь дзяржаўную кампанію «Крышталь» — там іх могуць «легалізаваць» (акантаваць, перапрадаць).
- g) фінансавыя трансакцыі маскуюцца празь беларускія банкі і нябанкаўскія крэдытна-фiнансавыя арганiзацыі.
- h) грузы адпраўляюцца праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» і «Белмытсэрвіс».
- i) атрымальнікамі выступаюць кампаніі ў ААЭ, Індыі, Ганконгу.
- j) у адваротны бок паводле той жа схемы ідуць грашовыя сродкі гатоўкай.
Схема створаная такім чынам, каб забясьпечыць фізычную ананімнасьць грузу (празь «Спецыяльную связь» і дзяржаўныя кампаніі) і фінансавую непразрыстасьць (празь «фірмы-пракладкі» і банкі). Пры гэтым Беларусь адыгрывае ключавую ролю: яна забясьпечвае юрыдычны экран, лягістыку і дзяржаўныя гарантыі.
У сваю чаргу для Расеі гэта спосаб абыходзіць санкцыі і атрымліваць валюту гатоўкай, не праходзячы праз сыстэму SWIFT і заходнія банкі. А для Беларусі гэта новы экспартны бізнэс і інструмэнт палітычнай ляяльнасьці да Крамля, адзначаюць расьсьледнікі.
Форум