Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы прызначыў новую старшыню ўраду — 44-гадовую Інгу Ругінене


 Інга Ругінене, новы прэм’ер-міністар Літвы
Інга Ругінене, новы прэм’ер-міністар Літвы

Сейм Літвы ўхваліў прызначэньне міністра сацыяльнай абароны і працы ад Cацыял-дэмакратычнай партыі Інгі Ругінене прэм’ер-міністрам краіны.

78 дэпутатаў Сейму прагаласавалі «за», 35 — «супраць», 14 — «устрымаліся».

Перад галасаваньнем Ругінене, кажучы пра будучыя рашэньні, сказала, што будзе шукаць кампрамісы, піша BNS.

Яна паабяцала падтрымліваць добрыя адносіны з Польшчай, зрабіць свае першыя замежныя візыты ў гэтую суседнюю краіну і Ўкраіну, а таксама нармалізаваць адносіны з Кітаем.

Урад сфармуюць прадстаўнікі Cацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, «Нёманскай зары», Зьвязу сялянаў і зялёных Літвы, Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Зьвязу хрысьціянскіх семʼяў, якія падпісалі пагадненьне аб кіроўнай кааліцыі ў панядзелак.

Тым часам у Вільні праходзяць пратэсты супраць палітычнага аблічча новай кааліцыі. На масавую акцыю «Дзень ганьбы», якая адбываецца ў Вільні і завяршаецца перад Сеймам, сабраліся тыя, хто пратэстуе супраць пагадненьня аб фармаваньні кіроўнай большасьці і лічыць партнэраў сацыял-дэмакратаў адыёзнымі.

У часе леташняй выбарчай кампаніі лідэр партыі «Нёманская зара», якая ўвайгла ў кааліцыю, Рэмігіюс Жамайтайціс выказваўся за супрацу зь Беларусьсю і расказваў, як вырваць краіну з уплыву Расеі. Тады ж выбухнуў скандал ў сувязі зь ягонымі ягонымі антысэміцкімі выказваньнямі.

Новы ўрад Літвы фармуецца пасьля сыходу папярэдняга прэмʼера Гінтаўтаса Палуцкаса праз падазрэньні ў карупцыі.

Ругінене ўступіць на пасаду, калі прэзыдэнт падпіша ўказ аб яе прызначэньні прэмʼер-міністрам, і яна будзе прыведзена да прысягі ў Сейме разам з новым Кабінэтам Міністраў.

  • 44-гадовая Інга Ругінене — пачатковец у палітыцы. Яна пачала працаваць у гэтай сфэры мінулай восеньню, далучыўшыся да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і прыняўшы ўдзел у выбарах у Сейм разам зь ёй.
  • Пасьля перамогі партыі Ругінене атрымала партфэль міністра сацыяльнай абароны і працы.
  • Перад тым яна займала пасаду старшыні Літоўскай канфэдэрацыі прафсаюзаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG