Савет міністраў апублікаваў пастанову «Аб выдзяленьні сродкаў» — на аснове ўказа Лукашэнкі «Аб парадку фармаваньня і выкарыстаньня сродкаў інвэстыцыйных фондаў» прынятае рашэньне аб выдзяленьні прадпрыемству «Купалаўскае — кіроўная кампанія аграхолдынга» 3,5 мільёнаў рублёў з пазабюджэтнага інвэстыцыйнага фонду Міністэрства прамысловасьці.
Дакумэнт апублікавалі на партале Pravo.by.
Аграхолдынг у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці вядомы сваёй набліжанасьцю да Аляксандра Лукашэнкі. Ён там часта бывае і выдзяляе дзяржаўную падтрымку. Менавіта тут Лукашэнка пачынаў сваю аграрную і палітычную кар’еру да 1994 году.
У холдынг уваходзіць некалькі аграпрадпрыемстваў Шклоўскага раёна, у тым ліку ААТ «Александрыйскае» і ЗАТ «АСБ — Гарадзец, «Шклоўскі масларобчы завод. Належыць холдынг да Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і зарэгістраваны ў Менску па адрасе Карла Маркса, 38, дзе месьціцца адміністрацыя Лукашэнкі.
Холдынг год таму стварыў сам Лукашэнка, аб чым і паведаміў землякам падчас паездкі ў Шклоўскі раён, які пісала афіцыйная прэса:
«„Купалаўскае“ пераходзіць у кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, і дадаюцца гаспадаркі „Александрыйскае“ і „Гарадзец“. Гэта будзе холдынг. Будзе акумулявана палова раёна. У вас будзе свой камбікормавы завод, які ў Шклове зараз працуе абы-як. Мы яго ў парадак прывядзем. Малаказавод сёлета пачынаем будаваць, будзем рабіць паглыбленую перапрацоўку малака. А мясакамбінат — „Александрыйскае“ — спраўляецца, ён недазагружаны. Вось такая агульная канцэпцыя і ланцужок будзе вашай вытворчасьці і продажаў», — заяўляў год таму Лукашэнка.
Летась Лукашэнка абяцаў холдынгу «падставіць плячо». Цяпер холдынгу перадалі сродкі з інавацыйнага фонду, які фармуецца беларускай прамысловасьцю.
Форум