Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улезьці паўсюль. Навошта дзяржава ўмешваецца ў працу экскурсаводаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зноў узяліся рэгуляваць працу экскурсаводаў — ад іх патрабуюць «укараняць кірункі ідэалягічнай працы ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці». Пагаварылі зь беларусамі, якія ўладкаваліся гідамі ў Польшчы і Літве, пра адрозьненьні гэтай працы ў Беларусі і ў суседніх краінах.

Уступілі ў сілу зьмены ў пастанове ўраду «Аб устанаўленьні прафэсійных і этычных патрабаваньняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў».

Цяпер яны павінны «браць удзел у захаваньні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасьцяў, спрыяць умацаваньню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнаньню ўнікальнасьці беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця», а самае галоўнае — ведаць «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы».

Пастанова Міністэрства турызму і спорту, прынятая ў ліпені 2023 году, яшчэ 2 гады таму ператварыла працу экскурсаводаў у «ідэалягічна вытрыманую». Далей — болей. Чаму зноў дайшлі да экскурсаводаў?

Перафарматаваньне гістарычнай памяці

Сьпікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан некалі працаваў у мэмарыяльным комплексе «Берасьцейская крэпасьць-герой». Ён кажа, што да 2020 год шмат экскурсаводаў праводзілі экскурсіі дастаткова вольна, дазвалялі сабе расказваць пра гісторыю, якая часам не адпавядала дзяржаўнай ідэалёгіі. На гэта тады заплюшчвалі вочы.

«Але з прыходам „рускага міру, з уплывам яго на нашу гістарычную памяць, на беларускую адукацыю ўлада спрабуе паўсюль улезьці і зьнішчыць усё, што ёй не падабаецца. Да прыкладу, гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі проста выкрасьлілі. І ўкараняюць сваю ідэалёгію, якую яны распрацавалі. Гэтая татальная барацьба „са змагарамі“ (як улады кажуць) ператварылася ў перафарматаваньне беларускай гістарычнай памяці.

Тое, што адбываецца, — гэта ненармальна, непрымальна, дзяржава такімі сваімі дзеяньнямі хоча выхаваць грамадзтва ў кантэксьце вельмі моцнага расейскага ўплыву. Мяне гэта вельмі турбуе, гэта нельга назваць нацыянальнымі інтарэсамі», — перакананы Арцём Брухан.

Андрэй (імя суразмоўцы зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) скончыў гістфак БДУ, пасьля якога 5 гадоў — да 2022-га — працаваў у Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак мусіў зьехаць зь Беларусі.

«Музэй, дзе я працаваў, — дзяржаўная ўстанова, куды прыходзіць пэўная публіка: сілавікі, курсанты, вэтэраны. І ты разумееш, што ўжо і так абмежаваны рамкамі экспазыцыі: асабліва ня збочыш ні ўлева, ні ўправа. Але ў 2020 годзе я пачаў праводзіць свае экскурсіі па-беларуску, стварыў там суполку і ніколі не сутыкаўся з тым, каб мяне хтосьці правяраў», — кажа былы навуковы супрацоўнік музэю Вялікай Айчыннай вайны.

Берасьцейская крэпасьць, ілюстрацыйнае фота
Берасьцейская крэпасьць, ілюстрацыйнае фота

А вось зь ягонымі калегамі здараліся розныя сытуацыі, узгадвае Андрэй. Экскурсаводку Сьвятлану Грышкевіч супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі на вуліцы Рэвалюцыйнай проста на вачах у турыстаў і прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа» аб тым, што яна «дапусьціла некарэктныя выказваньні на адрас Лукашэнкі». Сьвятлане прысудзілі 12 дзён арышту.

Таксама ўзгадаў Андрэй гіда Аксану Манкевіч, якую АМАПаўцы затрымалі каля гатэлю «Менск» з групай зь дзевяці турыстаў. Калі сілавікі даведаліся, што турысты не іншаземцы, а беларусы, то абурыліся, чаму менчукі пайшлі на экскурсію. Маўляў, «вы што, гораду свайго ня ведаеце?». Аксану пасадзілі спачатку на 15 содняў, а потым завялі крымінальную справу і прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».

Татальны кантроль, перапісваньне тэкстаў

Андрэй кажа, што і раней за экскурсаводамі назіралі. Цяпер ён дакладна ведае ад калегаў, якія надалей працуюць у Беларусі, што ўведзены фактычна татальны кантроль.

«Ува ўсіх турыстычных аўтобусах зьявіліся відэакамэры, запісваюць відэа і аўдыё, каб можна было пракантраляваць, што расказвае экскурсавод. Раней міліцэйскі патруль мог праверыць у экскурсавода дакумэнты. А цяпер нават зьявіўся мэм, што міліцыя захацела паслухаць экскурсію, напрыклад, аб Наваградзкім замку, і далучылася да турыстаў. На экскурсіі часьцяком ходзяць дзіўныя людзі ў цывільным — „ціхары“ — і ўважліва слухаюць, што апавядае гід», — кажа Андрэй.

Паводле суразмоўцы, асабліва ціснуць на прыватныя музэі накшталт парку-музэю інтэрактыўнай гісторыі «Сула», музэйнага комплексу «Дукорскі маёнтак». Абмяжоўваюць дзейнасьць, забараняюць імпрэзы, патрабуюць адмысловых дазволаў, шматлікіх узгадненьняў на правядзеньне імпрэзаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зараз на загад Нацыянальнага агенцтва турызму цалкам перапісваюцца многія тэксты экскурсіяў, сьцьвярджае Андрэй, які мае інсайдэрскую інфармацыю.

«У музэі Вялікай Айчыннай вайны працаваў былы супрацоўнік КДБ, вельмі адыёзная фігура, і я дакладна ведаю, што ён цяпер перапісвае тэксты экскурсіяў у мэмарыяльны комплекс „Хатынь“. Так што ўсё змрочненька. Але мае знаёмыя, вельмі прыстойныя людзі, працягваюць працаваць у Беларусі, стараюцца, разумеюць, што трэба быць вельмі спрытнымі і асьцярожнымі», — кажа Андрэй.

«Зноў трэба вучыцца гаварыць эзопавай мовай»

Арцём Брухан, які некалі працаваў гідам, таксама ўпэўнены, што экскурсаводы знойдуць мэханізм, каб, нібыта застаючыся ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі, расказаць так, каб людзі ўсё зразумелі.

«Я з свайго досьведу, калі працаваў у музэі Берасьцейскай крэпасьці і вадзіў экскурсіі, ведаю, што ў нас былі выпрацаваныя сцэнары, тэксты, падыходы. Але заўсёды ты як аўтар можаш падаць матэрыял так, расставіць акцэнты такім чынам, каб данесьці тую думку, якую лічыш важнай. На жаль, сёньня тым, хто працуе ў Беларусі, зноў трэба вучыцца гаварыць эзопавай мовай», — кажа сьпікер Каардынацыйнай рады.

У Польшчы да іспыту можна рыхтавацца самастойна

Ці могуць былыя беларускія экскурсаводы, якія мусілі пакінуць краіну, уладкавацца і працаваць у сваёй спэцыяльнасьці ў іншых дзяржавах?

Андрэй вымушана зьехаў зь Беларусі ўвесну 2022 году. Апынуўся ў Варшаве. Паводле адукацыі ён гісторык, скончыў гістарычны факультэт БДУ. Паставіў за мэту застацца ў прафэсіі.

Прызнаецца, што першыя паўгода было вельмі цяжка, потым крыху лягчэй — пачаў разумець польскую мову, шмат чытаць, хадзіў на экскурсіі іншых гідаў. Адаптаваўся. Зараз пачуваецца ўтульна і ўпэўнена ў сваёй прафэсіі, водзіць беларускамоўныя экскурсіі па Варшаве.

Абавязковай атэстацыі экскурсаводаў у Польшчы, адрозна ад Беларусі, няма, кажа Андрэй.

Варшава, ілюстрацыйнае фота
Варшава, ілюстрацыйнае фота

«У Беларусі ты абавязкова павінен прайсьці праз Нацыянальнае агенцтва турызму. Калі маеш гістарычную адукацыю, то можаш не хадзіць на курсы. Калі ня маеш — неабходна праслухаць адмысловыя курсы і здаць іспыт. У мяне адукацыя была, я адразу пайшоў на экзамэн, пасьпяхова здаў, атрымаў бэдж, які даецца на 5 гадоў. А пасьля ў Беларусі патрэбная пераатэстацыя.

У Польшчы такога няма. Ёсьць некаторыя ўмовы: у чалавека не павінна быць крымінальных пакараньняў, узрост большы за 18 гадоў. Курсы экскурсаводаў ёсьць, але яны не абавязковыя. Я рыхтаваўся самастойна ў бібліятэках, шмат кніг купляў — варшавістыка вельмі добра разьвітая. І хадзіў на экскурсіі да калегаў — спачатку на расейскамоўныя, потым на польскамоўныя (беларускамоўных было мала). Ніякіх іспытаў, сэртыфікат атрымліваць ня трэба, тэксты экскурсіяў зацьвярджаць таксама ня трэба», — расказаў Андрэй.

Ужо два гады ён праводзіць беларускамоўныя экскурсіі па сталіцы Польшчы, называе іх «варшаўскімі шпацырамі» — стараецца рабіць акцэнт на малавядомых фактах, што зьвязваюць варшаўскія славутасьці зь Беларусьсю, шукае цікавінкі.

Літва: атрымаць сэртыфікат гіда рэальна, але вельмі складана

Валерыя Чарнаморцава — дасьледніца лёсаў беларускіх вязьняў ГУЛАГу, праводзіла экскурсіі па Курапатах ды іншых памятных мясьцінах. Вымушана была зьехаць зь Беларусі праз крымінальны перасьлед — ёй прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».

Валерыя апынулася ў Вільні і паставіла за мэту праводзіць беларускамоўныя экскурсіі па літоўскай сталіцы. Нядаўна атрымала пасьведчаньне гіда. Таму з уласнага досьведу пераканалася, што атрымаць дазвол на вядзеньне экскурсіяў рэальна, але даволі складана.

Вільня, ілюстрацыйнае фота
Вільня, ілюстрацыйнае фота

Найперш трэба ведаць літоўскую мову, мець вышэйшую гуманітарную адукацыю, прызнаную ў Літве (у яе была магістарская праца, абароненая ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце), а таксама неабходна вывучыцца на курсах экскурсаводаў па-літоўску. Вынятак — для тых, хто скончыў гістарычны факультэт у літоўскай ВНУ.

«Экскурсавод павінен валодаць, акрамя літоўскай, яшчэ хаця б адной замежнай мовай — гэта мяне ўратавала. Здаваць іспыт можна на замежнай мове — на той, на якой гід будзе праводзіць экскурсіі. Я пачала адказваць на іспыце спачатку крыху па-літоўску, потым працягнула крыху па-ангельску (прызнаюся, ангельская ў мяне недасканалая), ну, а пра Скарыну апавядала па-беларуску», — кажа Валерыя.

Экзамэн Чарнаморцава пасьпяхова здала, атрымала сэртыфікат. Ён бестэрміновы, яго ня трэба пацьвярджаць кожныя 5 гадоў, як у Беларусі. Таксама экскурсаводу ў Літве ня трэба абараняць кожны турыстычны маршрут, на якім ён праводзіць экскурсіі.

«Мяркуецца, што ты маеш адпаведную кваліфікацыю, каб распрацоўваць уласныя маршруты. Я самастойна склала тэкст сваёй агляднай экскурсіі па Вільні. Асьцярожна старалася не вызначаць, „чыя Вільня“ — Вільня мультыкультурны горад.

Цяпер я магу праводзіць экскурсіі на ўсіх мовах, якія ведаю. Ёсьць пэўныя органы, якія могуць праверыць, ці маеш ты пасьведчаньне, — я, праўда, пакуль з гэтым не сутыкалася. Аформіла ІП, разьбіраюся цяпер у тонкасьцях і асаблівасьцях», — кажа яна.

Валерыя Чарнаморцава запрашае беларусаў на экскурсіі па Вільні: і аглядную па горадзе, і па беларускіх мясьцінах літоўскай сталіцы, і на адмысловыя тэматычныя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG