Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін паведаміў прэзыдэнтам дзьвюх краін СНД пра вынікі перамоваў з Уіткафам аб Украіне


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 8 жніўня патэлефанаваў прэзыдэнтам Узбэкістану і Казахстану Шаўкату Мірзіёеву і Касыму-Жамарту Такаеву.

У абнародаваных Крамлём паведамленьнях аб гэтых размовах адзначаецца, што Пуцін падзяліўся зь імі «ацэнкамі размовы з адмысловым пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам», якая адбылася 6 жніўня.

Адзначаецца, што і Шаўкат Мірзіёеў, і Касым-Жамарт Такаеў падзякавалі Пуціну за гэтую інфармацыю і выказалі падтрымку «намаганьням па пошуку палітыка-дыпляматычных шляхоў урэгуляваньня ўкраінскага крызісу».

Прэсавыя службы прэзыдэнтаў Узбэкістану і Казахстану пацьвердзілі, што Пуцін паведаміў ім аб выніках перамоў з Уіткафам. Але ніякіх дэталяў размовы на гэтую тэму не ўдакладнілі.

Праз пэўны час прэсавая служба Крамля паведаміла, што Ўладзімір Пуцін сабраў пасяджэньне Савета бясьпекі. Паводле Пуціна, галоўная тэма — рэгіянальная бясьпека.

Казахстан і Ўзбэкістан дапамагаюць Расеі і Беларусі абыходзіць санкцыі, уведзеныя за агрэсію супраць Украіны.

6 жніўня ў Маскве прайшла сустрэча спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа і расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. Сустрэча праходзіла за дзень да заканчэньня ўльтыматуму Трампа, які патрабуе ад Расіі да 8 жніўня заключыць перамір’е з Украінай. У адваротным выпадку прэзыдэнт ЗША абяцаў увесьці стопрацэнтнае мыта на імпарт у ЗША тавараў з Расеі і яе гандлёвых партнэраў.

Пасьля гэтай сустрэчы Дональд Трамп заявіў аб дасягненьні «значнага прагрэсу», але прызнаў, што размову Ўіткоафа і Пуціна нельга назваць прарыўной.

Трамп таксама заявіў журналістам у Белым доме аб «вялікай верагоднасьці» яго сустрэчы з прэзыдэнтамі Ўкраіны і РФ Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным.

У Крамлі ж заявілі аб высокай верагоднасьці сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа зь яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным ужо найбліжэйшым часам. Таксама памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ушакоў заявіў, што спэцпасланьнік Трампа Стыў Уіткаф падчас размовы ў Маскве 6 жніўня ўзьнімаў тэму трохбаковай сустрэчы з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, але Масква пакінула гэта без камэнтароў.

Зяленскі пасьля размовы з канцлерам Нямечччыны Фрыдрыхам Мэрцам 7 жніўня заявіў, што Ўкраіна гатовая да сустрэч у розных фарматах.

«Учора абмяркоўваліся розныя патэнцыйныя фарматы сустрэч дзеля міру на ўзроўні лідэраў у найбліжэйшы час: два двухбаковыя фарматы, адзін трохбаковы. Украіна не баіцца сустрэч і чакае такога ж сьмелага падыходу з расейскага боку. Час завяршаць вайну», — заявіў Зяленскі.

Аналітыкі з амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны неаднаразова адзначалі, што Крэмль не зьмяніў сваіх намераў заваяваць Украіну і зацягвае перамоўны працэс для таго, каб выйграць час для далейшых дасягненьняў на полі бою і атрымаць саступкі ад Украіны і Захаду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG