Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мастак, „падвешаны“ паміж небам і зямлёй». Рэпартаж з выставы памяці Алеся Пушкіна


Партрэт Алеся Пушкіна аўтарства Ксішы Ангелавай
Партрэт Алеся Пушкіна аўтарства Ксішы Ангелавай

У Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава «Застацца / Zostać», прысьвечаная памяці мастака Алеся Пушкіна, якому 6 жніўня споўнілася б 60 гадоў. На ёй экспануюцца карціны, інсталяцыі і скульптуры сучасных беларускіх творцаў.

Выстава «Застацца» — гэта дасьледаваньне ідэнтычнасьці, памяці, міграцыі і штодзённасьці, якое аб’ядноўвае асабістае і супольнае, трагічнае і жыцьцёвае, боль і надзею, кажуць арганізатары. Гэта праект ня гэтулькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасьці і жыцьці і якія надалей жывуць у творчасьці і ўспамінах іншых мастакоў, якія асэнсоўваюць досьвед выгнаньня, жыцьця ў чужой краіне, а таксама спрабуюць знайсьці апору ў складаныя часы.

«Для мяне ўсе творы вельмі кранальныя і важныя»

Арт-мэнэджарка выставы Лізавета Каліверда тлумачыць, што

пры стварэньні канцэпцыі арганізатары найперш падумалі, што вельмі важна падтрымаць мастакоў і паглядзець, што засталося пасьля Пушкіна, як яны працуюць над тэмамі, якія закранаў Алесь.

Лізавета Каліверда
Лізавета Каліверда

«Мы атрымалі за месяц больш за 30 заявак, а калі ўлічыць, што мастакі прапаноўвалі не па адной, а па некалькі сваіх працаў, было вельмі цяжка выбраць. Пагатоў у нас вельмі малая каманда і гэта наша першая выстава.

Я не магу сказаць, што тут самае выбітнае, бо для мяне ўсе творы вельмі дарагія, кранальныя і важныя. На выставе можна ўбачыць інсталяцыю Юлі Мекеш, якая да нас прыехала зь Нідэрляндаў, працу Міхаіла Гуліна, якую мы прывезьлі зь нямецкага Дрэздэну, творы Ксішы Ангелавай, Ніны Маргаевай, Леры Лазук, Сьвятланы Баевай, Аляксея Ўрублеўскага, Яраслава Гамолкі, Андрэя Духоўнікава, Ксеніі Лагавой, Сьвятаслава Камарова, Ільлі Дударава, „Dead Boy“. Ёсьць і ананімныя аўтары», — кажа Лізавета Каліверда.

«Пушкін — гэта нацыянальны скарб Беларусі»

На выставе дэманструюцца дзьве графічныя працы Андрэя Духоўнікава з дарагім Пушкіну Віцебскам — ня толькі ў Шагала быў знакаміты «віцебскі пэрыяд». Андрэй расказаў, што ведаў Алеся Пушкіна з 1990 году, калі той пасьля тэатральна-мастацкага інстытуту па разьмеркаваньні прыехаў працаваць у Віцебск.

Андрэй Духоўнікаў
Андрэй Духоўнікаў

«Мы зь ім сябравалі, хоць у нас было шмат палітычных разыходжаньняў. Мы зь ім і сварыліся, і падоўгу не размаўлялі… Але ён быў сапраўдым надзейным сябрам. Калі ён адышоў, і я зразумеў, што Алесь Пушкін — гэта нацыянальны скарб Беларусі, незалежна ад палітычнай каньюнктуры.

Мяне крыху бянтэжыць, што цяпер зь яго робяць „ікону“ і ўзгадваюць толькі пэрформансы і акцыі. Алесь Пушкін найперш — вельмі клясны, таленавіты мастак. І так хочацца, каб менавіта ягоныя карціны былі па-сапраўднаму ацэненыя», — марыць Андрэй Духоўнікаў.

Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Твор “Мастак і птушкі” аўтар Андрэй Духоўнікаў
Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Твор “Мастак і птушкі” аўтар Андрэй Духоўнікаў

«Ён для мяне — Хрыстос»

Партрэт Алеся Пушкіна ў выкананьні Ксішы Ангелавай разьмешчаны на выставе поруч з творам Ніны Маргаевай, якая нядаўна адышла ў лепшы сьвет, і Леры Лазук. Ксіша лічыць Пушкіна сваім настаўнікам.

Ксіша Ангелава
Ксіша Ангелава

«Калі я скончыла Акадэмію мастацтваў, часта сустракалася з Алесем у Віцебску, дзе ён займаўся рэстаўрацыйнымі працамі. Гэта заўсёды былі вельмі адметныя для мяне сустрэчы: калі ты малодшы, ты заўсёды цягнесься да больш дасьведчанага і мудрага старэйшага.

Ён для мяне — Хрыстос, ён быў шчырым вернікам, які заўсёды за праўду. У яго была такая неймаверная сьмеласьць — нават у сьвятара ён мог запытацца: „А дзе ваша вера, калі вы потым у КДБ дакладаеце?“

Пушкін быў для мяне чалавекам, да якога хацелася быць падобным. Я яго ўспрымала як місіянэра і старэйшага сябра», — прызнаецца Ксіша Ангелава.

«Мастак заўсёды „падвешаны“ паміж небам і зямлёй»

Пасярэдзіне экспазыцыі — інсталяцыя «У скуры мастака»: падвешаная да столі на чырвоных нітках белая льняная кашуля, а ўнізе скамечанае белае палатно і яблыкі. Аўтарка інсталяцыі Юлія Мекес тлумачыць, што мастак заўсёды «падвешаны» паміж небам і зямлёй.

Юлія Мекес
Юлія Мекес

«Ён падсілкоўвацца ад сваіх каранёў, але ж мастак павінен сваім караням і аддавацца. Мастакі мусяць дбаць пра Беларусь, змагацца за яе.

Яблыкі, што ўнізе на белым палатне, для мяне таксама карані. Бо калі вы ўзгадаеце бабуліну хату, што вы бачыце ў жніўні? Яблыкі, якія падаюць пад дрэвы. Яны таксама сымбаль каранёў, забытага. Бо ніхто ўжо гэтых яблыкаў не зьбярэ, яны там так і застануцца і згніюць. І бабулі ўжо няма. І той хаты, куды можна вярнуцца, няма. І вярнуцца немагчыма», — разважае Юлія.

Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Твор “У скуры мастака” аўтарка Юлія Мекес
Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Твор “У скуры мастака” аўтарка Юлія Мекес

Мастачка Сьвятлана Баева ўзгадвае, як некалі Алесь Пушкін запрасіў яе, зусім юную дзяўчыну, на два пленэры. Уражаньні ад атмасфэры, і ад самога Алеся былі незабыўныя.

Сьвятлана Баева
Сьвятлана Баева

«Алесь браў мяне на два пленэры. Гэта было неймаверна цікава! А ў дзень, калі ён памёр, на мяне раптоўна ўпала шафа. Я вельмі спалохалася… Гэта быў знак. Калі я ачуняла, зразумела, што не магу заставацца ў Беларусі, давядзецца зьяжджаць.

Спачатку я хадзіла па музэях, рабіла нейкія нататкі, замалёўкі. А потым пачала пісаць… Для гэтай выставы я выбрала дзьве свае працы: „Ахвяра“ і „Пяшчота“», - кажа Баева.

Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. “Migration” аўтар Аляксей Урублеўскі
Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. “Migration” аўтар Аляксей Урублеўскі

З 10 па 20 жніўня пройдзе аўкцыён, усе творы можна набыць, каб падтрымаць мастакоў і мастачак. Лоты аўкцыёну будуць паказаныя на старонцы праекту alespushkin.com, дзе кожны можа пазнаёміцца з працамі і зрабіць свой унёсак у падтрымку сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Творы “Ахвяра” і “Пяшчота” аўтарка Сьвятлана Баева
Выстава памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году. Творы “Ахвяра” і “Пяшчота” аўтарка Сьвятлана Баева

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG