Інстытут сацыялёгіі Беларусі штогод праводзіць ацэнку чытацкіх пераваг. Апошняе на дадзены момант такое апытаньне прайшло ў 2024 годзе ў гарадах і сельскай мясцовасьці, у ім удзельнічала 900 чалавек. Калі верыць дзяржаўным сацыёлягам, то 52,4% рэспандэнтаў выказаліся, што не чытаюць кніг па-беларуску. Паводле гэтага ж апытаньня, кожны трэці беларус чытае штодзень.
Колькі чытачоў: Кожны трэці апытаны чытае штодзень (34,3%) ці некалькі разоў на тыдзень (33,7%). Некалькі разоў на месяц чытаюць 20,9%, некалькі разоў на год — 6,6%. Раз на год і радзей — 2,8%.
Для чаго чытаюць: дзеля прыемнасьці ад працэсу чытае большасьць — 61,8%. Дзеля самаадукацыі — 40,3%. Прафэсійная неабходнасьць — 19,6%, спосаб бавіць свабодны час — 19,4%. Для вучобы — 9,2%.
Колькі кніг чытаюць: 18,2% прачыталі за год ад 1 да 3 кніг. 17% — ад 8 да 10 кніг за год. 14,3% — ад 4 да 7 кніг. 11–40 кніг прачыталі за год 12,8%. Больш за 40 кніг — 8,2%. Ніводнай кнігі — 17%. Большасьць апытаных прызналі, што 5–10 гадоў таму чыталі больш кніг.
На беларускай мове: 52,4% апытаных сказалі, што не чытаюць кніг, выдадзеных на беларускай мове. 47,6% сказалі, што сярод прачытанага ёсьць і кнігі на беларускай мове.
21,9% апытаных заявілі, што чытаюць творы сучасных беларускіх пісьменьнікаў. Не чытаюць сучасных беларускіх творцаў 78,1%.
Мастацкая літаратура ў топе. 80,4% апытаных заявілі пра папулярнасьць мастацкай літаратуры. 40,1% цікавяцца гістарычнымі творамі, 18,8% — псыхалягічнай літаратурай, 16% — рэлігійнай, 17,7 — навукова-папулярнай.
Хочуць, каб дзеці і ўнукі чыталі на беларускай мове, 78% апытаных. 10% супраць гэтага, 11% ня могуць даць адказ. Найбольш цікавымі для апытаных зь ліку пісьменьнікаў сталі Пушкін, Талстой, Булгакаў і Дастаеўскі.
Найбольш цікавыя беларускія аўтары (іх змаглі назваць 57,2% апытаных) — Колас, Караткевіч, Купала. «Цяжка адказаць» было 42,8% удзельнікаў апытаньня.
Свабода на ўмовах ананімнасьці апытала некалькі літаратараў і выдаўцоў.
«Ня схільная цалкам давяраць як дзяржаўнаму апытаньню, так і рэспандэнтам. Яны (апытаныя. — РС) маглі і трохі схлусіць, каб паказаць сябе ў больш прывабным выглядзе наконт чытаньня кніг», — зазначыла адна з суразмоўцаў.
Дэтэктывы нізкага гатунку
Многія бібліятэкі ў вёсках даўно не працуюць. Прычыны — дэмаграфічная сытуацыя, урбанізацыя і іншае. Утрымліваць будынкі бібліятэк нерэнтабэльна. Таму на зьмену стацыянарным бібліятэкам у сельскай мясцовасьці прыйшлі перасоўныя бібліятэкі, так званыя «бібліёбусы». Часта гэтыя мабільныя бібліятэкі абслугоўваюць практычна ўсе вёскі ў раёне. Прыяжджаюць звычайна раз на месяц, выдаюць людзям кнігі ці забіраюць іх.
Жыхарка адной зь вёсак, настаўніца на пэнсіі Натальля расказала ў камэнтары Свабодзе, што дагэтуль карыстаецца паслугамі бібліятэкі. Кнігі прывозяць раз на месяц. Яна зазначыла, што большасьць прапаноў у «бібліёбусе» — расейскія «баевікі» нізкага гатунку.
«Я ўжо казала: „Дзяўчаты, не вазіце мне гэтага!“. Прашу ў іх клясычную мастацкую літаратуру. Але складаецца адчуваньне, што часам яны не разумеюць, чаго я хачу. Я ж сама не магу, здароўя няма, прайсьціся сярод паліц і выбраць сабе тыя кнігі, якія я захачу», — расказала Натальля.
Паводле жанчыны, яна б не адмовілася пачытаць творы на беларускай мове, але папросту ня ведае, што ёсьць у бібліятэцы.
«Яшчэ гады два таму бібліятэкарка расказвала, што прыбіралі ўсе „непажаданыя“ кнігі, у тым ліку творы Алексіевіч, Някляева, Арсеньневай і Геніюш. Можа, яшчэ каго, я ня ведаю. На маю просьбу прывозілі кнігі на беларускай мове, але яны нецікавыя, дый імёны аўтараў мне ні пра што ня кажуць», — дадала Натальля.
Жыхарка аднаго з абласных цэнтраў Беларусі Аксана расказала, што, на яе погляд, і ў кнігарнях, і ў бібліятэках дастаткова кніг на беларускай мове. І клясычных, і сучасных аўтараў. Яна заўважыла, што творы клясычных пісьменьнікаў, выдадзеныя раней, часта можна набыць зусім танна — за 2–5 рублёў. Яна задаволеная асартымэнтам кніг на беларускай мове для дзяцей у кнігарнях.
«Тое, што цяпер мала хто чытае кнігі, — ну гэта аб’ектыўна і тычыцца ня толькі беларусаў. Я сама люблю чытаць. Але апошнім часам проста прымушаю сябе гэта рабіць», — дадала Аксана.
Паводле статыстыкі, на 2024 год у Беларусі было 2174 публічныя бібліятэкі. Большасьць зь іх (1692) — у сельскай мясцовасьці. За год (з 2023 па 2024) у Беларусі стала менш на 39 бібліятэк (32 зь іх — у правінцыі).
Для параўнаньня: 20 гадоў таму, у 2004-м, у Беларусі было 4256 бібліятэк, зь іх 3673 у сельскай мясцовасьці.
Што зь беларускімі кнігамі за мяжой?
Празь ціск пасьля жніўня 2020 году шэраг беларускіх выдавецтваў былі вымушаныя працягваць працу ў Вільні, Беластоку, Варшаве, Кракаве, Празе і іншых месцах. У беларускіх выдавецтвах за мяжой у 2024-м выйшла каля сотні новых кніг. Ці запатрабаваныя беларускія кнігі ў чытача-эмігранта?
«Хутчэй так. Прынамсі, я часта чую ад чытачоў пра такую патрэбу. Але гэта ня значыць, што нават добры беларускі тэкст беларускага аўтара дасягне мінімальна патрэбнага парогу ў 1000 прададзеных паасобнікаў. Ці можна апраўдаць гэта малалікасьцю беларусаў? Не. Ці праблема ў беларускай мове? Хутчэй не. Я бачу перашкоду ў атрыманьні інфармацыі. І гэта тычыцца як замежжа, дзе няясна, скуль браць актуальную інфармацыю, так і Беларусі, дзе навінам пра беларускую кнігу ствараюць штучныя перашкоды», — патлумачыла ў камэнтары Свабодзе Валянціна Андрэева з выдавецтва Gutenberg.
Яна лічыць, што статусамі «экстрэмістаў» улада і праўда дамаглася таго, што многія людзі не падпісваюцца, не чытаюць СМІ.
«Што рабіць,, так і ня скажаш з ходу. Працягваць сваю справу, падтрымліваць адно аднаго», — дадае суразмоўца.
Міхаіл (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) да нядаўняга часу працаваў у адным з выдавецтваў у Беларусі. Ён зазначае, што сытуацыя з продажам кніг на беларускай мове далёкая ад посьпеху, але і неблагая. Адной з прычын нізкіх продажаў беларускіх кніг ён называе адсутнасьць імпэту ў супрацоўнікаў выдавецтваў ці ўменьня працаваць у сучасных умовах, калі кнізе патрэбная як мінімум яркая вокладка і добрая рэкляма. Міхаіл зазначыў, што выдавецтвам цяпер патрабны маладыя людзі, тыя ж мастакі, рэдактары.
«Яны па-іншаму глядзяць на сьвет, не захрасьлі ў мінулым стагодзьдзі, калі нецікавыя кнігі друкавалі тысячнымі накладамі і яны потым не прадаваліся», — кажа суразмоўца.
Па назіраньнях былога супрацоўніка выдавецтва, добра прадаецца ў кнігарнях дзіцячая літаратура на беларускай мове.
«Пры ўмове добрага, яркага афармленьня; тут шмат залежыць ад працы мастака, ілюстрацый. Трэба разумець, што час іншы, і падстройвацца пад яго — ісьці ў сацыяльныя сеткі, рэклямаваць кнігі, размаўляць з чытачом», — лічыць Міхаіл.
Слабая літаратурная граматнасьць
Паэтка Сабіна Брыло кажа, што і сама ахвотна чытае і купляе кнігі на беларускай мове, і ведае шмат людзей за мяжой і ў Беларусі, якія чытаюць па-беларуску. Яна заўважае, што такое назіраньне можа залежаць ад асяродзьдзя, у якім жыве чалавек, ці, як цяпер кажуць, — «бурбалкі».
«Да чытаньня трэба прывыкнуць, а потым пачынаеш разьбірацца ў „гатунках“ і робісься залежным ад таго, што цябе радуе. А такое трэба шукаць, бо колькасьць выдадзеных добрых тэкстаў, якія ты можаш прачытаць, абмежаваная», — кажа Сабіна Брыло.
На яе думку, нямала беларускіх кніг цяпер выходзяць з друку, іх рэклямуюць.
«Але не чытаюць, бо людзям чамусьці не цікава. Большасьць, можа, і ня чуе, і ня думае пра гэта — занятыя справамі жыцьця», — зазначае паэтка.
У Беларусі, лічыць яна, пры цяперашняй уладзе няма сапраўднага інтэлектуальнага, эстэтычнага поля.
«Пра культуру не вядзецца як пра самакаштоўнасьць: у лукашэнкаўскай парадыгме ўсё павінна „даваць малако“, быць матэрыяльна выгадным. Па-другое, літаратура — гэта перш за ўсё думка, а думкі небясьпечныя ў таталітарнай краіне, то літаратура таксама перамяшчаецца ў небясьпечную вобласьць», — дадала Сабіна Брыло.
Форум