Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя праваабаронцы: сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі жахлівая


Фота ілюстрацыйнае
Фота ілюстрацыйнае

У Беларусі вынесьлі 7 239 абвінаваўчых выракаў у палітычна матываваных справах, а ў турмах застаюцца 1 184 палітвязьні, у тым ліку 175 жанчын. Сярод іх 37 журналістаў.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «застаецца жахлівай», большасьць парушэньняў «учыняюцца ціха і патаемна», паведаміла выданьне Позірк з спасылкай на праваабарончую арганізацыю Libereco — Partnership for Human Rights.

Выканаўчы дырэктар Libereco у Нямеччыне Марка Фібэр канстатаваў, што ў Беларусі «працягваецца перасьлед іншадумцаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў, а ў судах няма ні незалежных назіральнікаў, ні адвакатаў, годных так звацца».

«На шчасьце, палітвязьняў часам амністуюць і вызваляюць або іхныя прысуды заканчваюцца. У той самы час прынамсі столькі ж людзей асуджваюць на вялікія тэрміны турэмнага зьняволеньня вылучна з палітычных матываў, так што лік палітвязьняў ужо некалькі гадоў большы за тысячу», — дадаў ён.

Арганізацыя спасылаецца на зьвесткі беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», які сьведчыць, што за апошні год у некалькі этапаў памілавалі 330 чалавек. Праваабаронцы ня ведаюць усіх імёнаў, таму невядома, колькі сярод памілаваных палітычных вязьняў.

Адзначаецца таксама, што «Вясна» зафіксавала 7 239 абвінаваўчых выракаў у палітычна матываваных справах, а ў турмах застаюцца 1 184 палітвязьняў, у тым ліку 175 жанчын. Сярод іх 37 журналістаў.

«Стан здароўя вязьняў выклікае асаблівую трывогу. Паводле інфармацыі „Вясны“, сама меней 164 палітвязьні застаюцца за кратамі, нягледзячы на стан, несумяшчальны з знаходжаньнем у месцах няволі. Многія зь іх сур’ёзна хворыя або знаходзяцца на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. З 2020 году ў турмах Беларусі памерлі ня менш за 8 чалавек», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

З 2020 году Libereco дапамагла больш як 300 колішнім палітвязьням. Грунтуючыся на іхных прыкладах, арганізацыя «зафіксавала пагаршэньне здароўя вызваленых палітвязьняў праз доўгатрывалае ўтрыманьне пад вартай і нялюдзкія ўмовы: сырыя і халодныя камэры, недаяданьне, брак фізычнай актыўнасьці і сонечнага сьвятла». Апроч таго, шмат зьняволеных скардзіліся на жорсткае абыходжаньне і катаваньні.

«Ува ўсіх без вынятку вызваленых зьняволеных назіраюцца сур’ёзныя фізычныя і псыхічныя парушэньні. Найчасьцей мы фіксуем захворваньні зубоў, вачэй, нырак, суставаў, лёгкіх і страўнікава-кішачнага тракту. Мы таксама назіраем рост колькасьці выпадкаў раку і ВІЧ, якія выявіліся ўпершыню або абвастрыліся ў турме», — заявіў Марка Фібэр.

У арганізацыі нагадалі, што ня менш за 8 палітвязьняў знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада — бяз сувязі з вонкавым сьветам. Гэта Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімер Кніга, Аляксандар Арановіч і Аляксандар Францкевіч.

«Сярод найбольш вядомых палітвязьняў — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру [заснавальнік і кіраўнік „Вясны“] Алесь Бяляцкі», — падкрэсьлілі праваабаронцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG