Меркавана, гаворка ідзе аб адпраўцы падводных лодак у зоны пуску ракет з атамнымі боегалоўкамі на выпадак вайны з Расеяй.
«Я аддаў загад аб разьмяшчэньні двух атамных падводных лодак у адпаведных раёнах на выпадак, калі гэтыя дурныя і правакацыйныя заявы [Мядзьведзева] акажуцца чымсьці большым, чым проста словамі, — напісаў прэзыдэнт ЗША ў сацыяльнай сетцы Truth. — Словы маюць вялікае значэньне і часта могуць прывесьці да непрадбачаных наступстваў. Спадзяюся, што ў дадзеным выпадку гэтага ня здарыцца».
У канцы ліпеня Мядзьведзеў зьвярнуўся да Трампа ў сацыяльнай сетцы X, заявіўшы, што яго ўльтыматумы да Расеі могуць стаць «крокам да вайны». Ён заклікаў Трампа не ісьці па шляху былога прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, якога Масква абвінавачвала ў абвастрэньні адносін з Расеяй.
У чэрвені Трамп пахваліў амэрыканскія атамныя падводныя лодкі ў Truth у адказ на словы Мядзьведзева аб патэнцыйнай гатоўнасьці іншых краін перадаць ядзерную зброю Ірану.
«Безумоўна, самая моцная і лепшая зброя, якая ў нас ёсьць і якая на 20 гадоў апярэджвае астатніх, — гэта нашы атамныя падводныя лодкі, — напісаў тады Трамп. — Гэта самая магутная і сьмяротная зброя з калі-небудзь створаных».
Мядзьведзеў у адказ напісаў, што ня меў на ўвазе, што зброю перадасьць Расея.
Індэкс Маскоўскай біржы рэзка пайшоў уніз пасьля публікацыі Трампа, зважае РБК, а цана нафты маркі Brent, наадварот, стала расьці і перавысіла адзнаку $70 за барэль.
Форум