Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Незалежнасьць ня падае зь неба проста так і не даецца назаўсёды»


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з зваротам з нагоды Дня прыняцьця дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Гэтая падзея, паводле палітыка, адлюстравала волю нашага народу «жыць па ўласных правілах».

«Сёньня, калі краінай кіруе прарасейскі рэжым, а незалежнасьць губляецца з кожным подпісам пад чарговай дамовай з Крамлём, гэтая гістарычная падзея выглядае ня проста датай, а напамінам. Напамінам, што незалежнасьць ня падае зь неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць», — напісала Ціханоўская.

Яна лічыць, што «Беларусь, падпарадкаваная зьнешняй волі» — гэта ня тое, за што галасаваў Вярхоўны Савет у 1990-м, і ня тое, што трэба краіне сёньня.

«Сувэрэнітэт і яго захаваньне — гэта ня пара сказаў у архіўных дакумэнтах, а нашая задача. І выкананьне гэтай задачы залежыць ад кожнага і кожнай», — сьцьвярджае Ціханоўская.

Думкі пра тое, што незалежнасьць у 90-я не звалілася зь неба, прытрымліваецца і Аляксандар Лукашэнка, хоць, як ён прызнаўся ў 2022 годзе, раней «быў захоплены гэтай практычнай тэорыяй». Тады ж ён заклікаў навучаць дзяцей так, каб і яны выходзілі з школ з гэтым разуменьнем.

Тым ня менш, менавіта з падачы Лукашэнкі сьвяткаваньне дня прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце ў якасьці дня незалежнасьці было скасавана ў 1996 годзе.

«Сапраўдная незалежнасьць пачынаецца з кожнага з нас». Самыя яркія цытаты Ціханоўскай на 27 ліпеня зь мінулых гадоў

Што казала Сьвятлана Ціханоўская ў сваіх папярэдніх зваротах з нагоды Дня прыняцьця дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

«Гэтага сьвята няма ў календары. Але, на мой погляд, тое, што адбылося 27 ліпеня 1990 году — адзін з ключавых этапаў у гісторыі краіны».

«Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была прынятая ў часы, калі беларуская нацыя вызвалялася з-пад панаваньня ўлады, якую Васіль Быкаў называў „нялюдзкай“, калі беларусы жылі надзеямі і верылі, што наперадзе — толькі сьветлае».

«Краіна існуе, пакуль яна незалежная. Яе можна параўнаць з дарослай сямʼёй, якая ўстала на ногі... Але раптам такой сямʼі прапануюць вярнуцца ў камуналку і жыць разам з чужынцамі. Няма такіх семʼяў, якія б пагадзіліся».

«Рэжым Лукашэнкі кавалак за кавалкам здае сувэрэнітэт нашай краіны. Ён купляе права на сваё існаваньне коштам дабрабыту і здароўя людзей — робіць Беларусь ядзернай мішэньню і прытулкам для галаварэзаў».

«Мы ўсе даўно пераканаліся, што сапраўдная незалежнасьць магчымая толькі тады, калі рэжым будзе адхілены ад улады».

«Сапраўдная незалежнасьць пачынаецца з кожнага з нас. Як толькі мы прымаем адказнасьць за свой лёс, абіраем быць адкрытымі і справядлівымі».

«Гісторыя паказала, што мы — беларусы — умеем бараніць сваё».

«Я зычу нам усім заставацца беларусамі, у якіх абставінах мы б ні знаходзіліся. І тады Беларусь ніколі не зьнікне, а будзе сапраўды незалежнай і разьвітай краінай».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG