Стэнды выставы разьмешчаныя на беразе Влтавы, так званай Náplavce, уздоўж вуліцы Rašínovo nábřeží. Гэта вельмі папулярнае месца ў жыхароў Прагі і турыстаў, на прышвартаваных караблях там мноства рэстаранаў і бараў, а па суботах там адбываюцца кірмашы рэгіянальнай кухні і рамесьніцкіх вырабаў.
Панэльная выстава прадстаўляе вядомыя і малавядомыя гісторыі сямі беларускіх, украінскіх і расейскіх палітвязьняў, якія былі зьняволеныя рэжымамі Расеі і Беларусі. Некаторыя зь іх ужо на волі, іншыя па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў турмах. У прэамбуле выставы пра іх гаворыцца, што «кожны зь іх стаў сымбалем мужнасьці і адвагі ў цёмныя часы. Але сотні іншых мужчын, жанчын і маладых людзей застаюцца за кратамі — проста таму, што яны выказаліся і захацелі жыць на волі».
Беларуская частка выставы прадстаўленая імёнамі Марыі Калесьнікавай і Вольгі Лойкі. На стэндзе Марыі Калесьнікавай расказваецца пра яе шлях у палітыку ў 2020 годзе, пра тое, як яна парвала свой пашпарт, каб ня быць дэпартаванай з краіны, і пра жорсткія ўмовы яе ўтрыманьня, адсутнасьць сустрэч са сваякамі і цяжкі стан здароўя.
Пра Вольгу Лойку гаворыцца, што яна «кіравала палітычна-эканамічнай рэдакцыяй найбуйнейшага беларускага парталу навінаў TUT.BY» і вясной 2021 году была арыштаваная разам са сваімі калегамі ў рамках барацьбы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі са свабоднымі мэдыямі ў краіне, якія асьвятлялі пратэсты. Пасьля 10 месяцаў знаходжаньня ў сьледчым ізалятары была выпушчаная і вымушана выехала за мяжу.
Асобныя стэнды прысьвечаныя яшчэ пяці вязьням. Гэта:
- Грамадзянін Украіны, намесьнік Мэджылісу крымскіх татараў Нарыман Джэляль, які знаходзіцца ў зьняволеньні зь верасьня 2021 году, у 2022 годзе асуджаны на 17 гадоў зьняволеньне паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў атацы на газаправод.
- Грамадзянка Ўкраіны Людміла Гусейнава, якая была арыштаваная за праўкраінскую пазыцыю ў 2019 годзе, прайшла праз катаваньні і была вызваленая ў 2022 годзе ў рамках маштабнага абмену палоннымі.
- Грамадзянка Ўкраіны Ірына Даніловіч, журналістка і грамадзкая актывістка з акупаванага Крыму, якая змагалася з карупцыяй. У 2022 годзе была выкрадзеная ФСБ і пазьней асуджаная на 7 гадоў зьняволеньня. У турме аглухла на адно вуха і пакутуе на іншыя хваробы.
- Грамадзянін Расеі Арсеній Турбін, школьнік і наймаладзейшы палітычны вязень Расеі, які ў 2023 годзе раздаваў антываенныя ўлёткі. У 2024 годзе быў асуджаны на пяць гадоў папраўчай калёніі для малалетніх вязьняў. Цярпеў катаваньні і зьдзекі, у турме схуднеў на 17 кіляграмаў.
- Грамадзянка Расеі Надзея Расінская, грамадзкая актывістка, заснавальніца арганізацыі «Армія прыгажунь», якая пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны дапамагала эвакуацыі тысячам грамадзян Украіны. Была арыштаваная ў лютым 2024 году ў Белгарадзе, абвінавачаная ў здрадзе радзіме і фінансаваньні тэрарызму. 20 чэрвеня 2025 году была асуджаная на 22 гады зьняволеньня. Цярпіць вялікія праблемы са здароўем.
Намесьнік міністра замежных справаў Чэхіі Ян Мар’ян на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў адкрыцьцё выставы:
«Мы ў былой Чэхаславаччыне мелі свой вопыт палітычных судовых працэсаў і палітычных вязьняў. Таму мы ня можам быць абыякавымі да таго, што робіцца з намі па суседзтве. Беларусь — гэта наш эўрапейскі сусед. Ня можам быць абыякавымі і да таго, што адбываецца на акупаваных землях Украіны і ў самой Расеі.
Падтрымка палітычных вязьняў зьяўляецца шматгадовай часткай чэскай замежнай палітыкі. Таму гэтай выставай мы нагадваем пра выпадкі і лёсы канкрэтных людзей, якія зьяўляюцца прыкладам адвагі і стойкасьці ў цяжкія часы.
Таксама гэтай выставай мы хочам нагадваць грамадзтву ня толькі пра палітычных вязьняў, але і пра расейскую агрэсію супраць Украіны, і пра ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расею. Так што выстава зьяўляецца часткай нашай грамадзкай дыпляматыі. Яе могуць бачыць як жыхары Прагі, так і наведнікі сталіцы Чэхіі. А таксама і наведнікі вэб-сайту Міністэрства замежных спраў Чэскай Рэспублікі.
Да гэтых тэмаў мы зьвяртаемся і на пляцоўках розных міжнародных арганізацый, такіх як ААН і АБСЭ. Там мы падымаем тэму правоў чалавека і іх абароны, а таксама паводзінаў Расеі. Таксама мы прысьвячаем частку сваёй міжнароднай актыўнасьці ўкраінскім дзецям, выкрадзеных Расеяй, і таму, што цяпер Расея робіць ва Ўкраіне на акупаваных тэрыторыях — найперш русыфікацыі і далейшым рэпрэсіям.
Чэская дыпляматыя гістарычна прысьвячае частку сваёй актыўнасьці тэме палітычных вязьняў, уключна з напісаньнем лістоў палітычным зьняволеным. І, само сабой, там, дзе гэта магчыма, стараемся, каб нашы дыпляматы на месцах аказвалі маральную падтрымку, прыходзілі па суды або сустракаліся з сваякамі палітычных вязьняў».
Свабода таксама спыталася ў Яна Мар’яна, як чэскі ўрад бачыць вырашэньне праблемы палітычных вязьняў? Гэта далейшае ўзмацненьне санкцый ці, наадварот, іх аслабленьне і, магчыма, поўная зьняцьце?
«Мы лічым, што санкцыі супраць рэжыму ў Расеі ці рэжыму ў Беларусі нельга аслабляць і трэба далей узмацняць. Тое, як Расея сёньня сябе паводзіць, мае ўплыў ня толькі на Ўкраіну, але і на нашу бясьпеку. Мы мусім працягваць падтрымку Ўкраіны, таму што Ўкраіна сёньня змагаецца і за нашу бясьпеку. Мы павінны падтрымліваць Украіну і ў ваенным пляне, у тым ліку зброяй і боепрыпасамі, і палітычна. Украіна мае ўплыў на тое, што робіцца ў цэлым рэгіёне. Тое, што робіць Украіна, як яна супраціўляецца расейскаму ўплыву, можа мець пазытыўнае ўзьдзеяньне і на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Так што падтрымка Ўкраіны і санкцыі супраць Расеі і Беларусі. А таксама і тое, што для нас вельмі важна, гэта выконваць свае хатнія задачы ў Чэхіі або на эўрапейскім узроўні што да нашай трываласьці супраць варожай дзейнасьці Расеі».
Выстава на чэскай і ангельскай мовах падрыхтаваная Міністэрствам замежных спраў Чэхіі сумесна з арганізацыямі «Чалавек у бядзе», Праскім цэнтрам грамадзянскай супольнасьці і Gulag.cz. Выстава працуе ад 18 ліпеня да 15 жніўня 2025 году. Электронная вэрсія даступная і на сайце МЗС Чэхіі на дзьвюх мовах: чэскай і ангельскай.
Форум