Рэзалюцыю вынесла на галасаваньне новая кіраўніца парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі Гэлена Лангшадлава (зь лібэральна-кансэрватыўнай правацэнтрысцкай партыі TOP09) пры падтрымцы Хаято Окамура (Хрысьціянска-дэмакратычны саюз — Чэхаславацкая народная партыя). Тэкст рэзалюцыі рыхтавалі ў каардынацыі з Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
«Вельмі хачу, каб беларусы дасягнулі дэмакратыі, таму падтрымліваю дэмакратычныя сілы Беларусі», — заявіла на плятформе Х Гэлена Лангшадлава.
Дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе Крысьціна Шыянок пракамэнтавала Свабодзе, што яшчэ 17 сьнежня прадстаўнікі дэмакратычных сілаў мелі сустрэчу з Гэленай Лангшадлавай, падчас якой абмеркавалі «спэцыяльную выбарчую апэрацыю» ў Беларусі, прызначаную на 26 студзеня. Паводле Шыянок, ужо тады было відавочна, што чакаць сумленнага выбарчага працэсу ў Беларусі ня варта, таму бакі «адразу ж пачалі працу над адпаведнай рэзалюцыяй».
«Чаму так важна ня проста выказаць нязгоду, а зафіксаваць яе ў афіцыйным дакумэнце? Перадусім гэта канкрэтна сфармуляваны сыгнал — мы патрабуем правядзеньня паўторных, сапраўды свабодных выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Таксама такія рэзалюцыі ляжаць у аснове далейшых канкрэтных дзеяньняў: увядзеньня новых і ўзмацненьня існых санкцыяў, абмежаваньня дыпляматычных кантактаў, забесьпячэньня дадатковай падтрымкі для свабоднай Беларусі», — патлумачыла Крысьціна Шыянок.
Паводле яе, акрамя гэтага, рэзалюцыя выконвае важную інфармацыйную функцыю, прыцягваючы ўвагу чэскай грамадзкасьці да сытуацыі ў Беларусі і мабілізуючы падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл.
У тэксьце рэзалюцыі гаворыцца, што Замежны камітэт парлямэнту Чэхіі па выніках абмеркаваньня пастанавіў:
- Не прызнаваць «нетранспарэнтныя выбары, праведзеныя 26 студзеня 2025 году ў Беларусі дзяржаўным апаратам і сілавымі структурамі», сапраўднымі выбарамі, а Аляксандра Лукашэнку — не прызнаваць легітымна абраным прэзыдэнтам.
- Заклікаць рэжым Лукашэнкі забясьпечыць правядзеньне новых свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў з празрыстым ходам галасаваньня, у якіх змогуць удзельнічаць усе зьняволеныя палітычныя апанэнты, затрыманыя з часу папярэдніх пасьлявыбарчых пратэстаў.
- Выказаць сваю падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі ў іх імкненьні да дэмакратыі і падкрэсьліць іх празаходні кірунак.
- Заявіць, што чэскі бок павінен і далей адстойваць правы чалавека ў Беларусі і падтрымліваць эўрапейскія памкненьні Беларусі ў кантэксьце эўраатлянтычнай арыентацыі.
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум