Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вызначыў генэральных праектавальніка і падрадчыка будаўніцтва сховішча радыеактыўных адкідаў


Беларуская АЭС у Астраўцы. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская АЭС у Астраўцы. Ілюстрацыйнае фота

Генэральным праектавальнікам будаўніцтва сховішча радыеактыўных адкідаў вызначылі праектнае навукова-дасьледчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белніпіэнэргапрам».

Як адзначаецца ў адпаведным указе Аляксандра Лукашэнкі, гэтае прадпрыемства будзе заключаць дагаворы субпадраду на выкананьне работ па распрацоўцы перадінвэстыцыйнай і праектнай дакумэнтацыі, а таксама на выкананьне дасьледчых работ з спэцыялізаванымі арганізацыямі.

Генэральным падрадчыкам па ўзьвядзеньні аб’екту стала дзяржаўнае прадпрыемства «Белэнэргабуд», якое будзе падпісваць дагаворы субпадраду на выкананьне асобных відаў будаўніча-мантажных работ.

Навуковае суправаджэньне будзе ажыцьцяўляць навуковая ўстанова «АІЭЯД-Сосны», а Нацыянальная акадэмія навук вызначана арганізацыяй, адказнай за забесьпячэньне навуковага суправаджэньня паслуг па будаўніцтве сховішча.

Раней арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведаміла, што ўлады Беларусі ўхвалілі рашэньне пабудаваць сховішча для радыеактыўных адкідаў 3-й і 4-й клясаў каля Беларускай АЭС, паблізу мяжы зь Літвой. Ідзецца пра сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльную вопратку, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які патрабуе экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Гаворка не пра скарыстанае ядзернае паліва.

На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыеактыўнымі адкідамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG