Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «антыкарупцыйная інфраструктура будзе працаваць», і падпісаў ухвалены 22 ліпеня Вярхоўнай Радай закон пра абмежаваньне паўнамоцтваў двух ключавых органаў — Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны (НАБУ) і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).
«Антыкарупцыйная інфраструктура будзе працаваць, толькі без расейскіх уплываў — ад гэтага трэба ўсё ачысьціць. І справядлівасьці павінна стаць больш», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце, апублікаваным уначы, калі недалёка ад Офісу прэзыдэнта праходзіла акцыя пратэсту супраць заканадаўчых зьмен.
Паводле яго, генэральны пракурор Украіны таксама настроены на тое, каб ва Ўкраіне «рэальна забясьпечвалася непазьбежнасьць пакараньня для тых, хто ідзе супраць закону».
«Гадамі адказныя службовыя асобы, якія ўцяклі з Украіны, чамусьці спакойна жывуць за мяжой — у вельмі прыемных краінах і безь юрыдычных наступстваў. Гэта ненармальна. Няма ніводнага рацыянальнага тлумачэньня, чаму крымінальныя справы на мільярды „вісяць“ гадамі. І няма ніводнага тлумачэньня, чаму расейцы дагэтуль могуць атрымліваць інфармацыю, якая ім неабходная. Важна, каб была непазьбежнасьць пакараньня і каб грамадзтва гэта сапраўды бачыла», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пратэсты і зварот у Канстытуцыйны суд
Увечары 22 ліпеня адразу ў некалькіх гарадах Украіны на акцыі пратэсту супраць абмежаваньня незалежнасьці антыкарупцыйных органаў выйшлі тысячы грамадзян. Акцыі працягвалі амаль да поўначы. У Кіеве пратэстоўцаў падтрымаў мэр Віталь Клічко — ён таксама прыйшоў на акцыю.
Супраць ухваленага закону пратэставалі ў Дніпры, Адэсе, Львове і ншых вялікіх гарадах Украіны, нягледзячы на камэнданцкую гадзіну, якая дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны ад пачатку расейскага ваеннага ўварваньня.
Але заклікі вэтаваць ухвалены Радай закон Уладзімір Зяленскі праігнараваў.
Шмат украінскіх палітыкаў і экспэртаў бачаць у гэтых кроках улады вельмі небясьпечны прэцэдэнт.
Кіраўнік Цэнтру вывучэньня акупацыі, колішні дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка заявіў, што ўлады і грамадзкасьць яшчэ не ўсьвядомілі маштабнасьць наступстваў, да якіх можа прывесьці ўхвалены закон і акцыі пратэсту ў часе вайна.
«Акцыя пратэсту ў часе вайны. Якім трэба быць геніем, каб гэта забясьпечыць? Папярэджаньні ад эўрапейскіх партнэраў, ад якіх залежыць наша існаваньне, праз закон у Вярхоўнай Радзе. Тут увогуле кім трэба быць? Перадавіцы ў большасьці вялікіх СМІ па сьвеце не пра вайну, а пра наступ карупцыі ва Ўкраіне. Мы ўсе яшчэ ня ўсьведамілі маштаб праблемаў і наступстваў, калі Зяленскі падпіша закон», — напісаў Пятро Андрушчанка ў сваім Telegram-канале.
Апазыцыйныя дэпутаты парлямэнту пачалі зьбіраць подпісы для перадачы ўхваленага закону ў Канстытуцыйны суд.
«Пачынаем падрыхтоўку і збор подпісаў пад канстытуцыйным зваротам у Канстытуцыйны суд. Патрэбна будзе 45 подпісаў дэпутатаў... Але, думаю, столькі яшчэ пакуль у Радзе знойдзецца», — паведаміў дэпутат Яраслаў Жалязьняк.
22 ліпеня супраць ухваленьня закону прагаласавалі 13 дэпутатаў і яшчэ столькі ж устрымаліся.
Згодна з заканадаўствам Украіны, масавыя акцыі ў часе ваеннага становішча забароненыя.
Форум