Але за кулісамі гэтая пазыцыя мяняецца, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Рыкард Юзьвяк.
Паводле чыноўнікаў ЭЗ, якія размаўлялі з Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, міністар замежных спраў Кітая Ван І заявіў на мінулым тыдні кіраўніцы зьнешняй палітыкі ЭЗ Каі Калас, што Пэкін ня можа зьмірыцца з паразай Расеі ў вайне, бо дазволіць Вашынгтону засяродзіцца на Кітаі.
Гэтае пасланьне, пра якое ўпершыню паведаміла South China Morning Post, адбылося падчас чатырохгадзіннай дыскусіі з Калас у Брусэлі. Менавіта падчас гэтых перамоваў Брусэль абвінаваціў Кітай у тым, што ён падтрымлівае Маскву, і адзначыў, што ўварваньне ў сувэрэнную краіну супярэчыць міжнароднаму праву.
Пэкін нібыта выказаў пярэчаньні супраць абвінавачваньняў з боку ЭЗ у тым, што Расея выкарыстоўвае кітайскую прадукцыю і іншыя кампанэнты ў сваіх ваенных дзеяньняў. Прадстаўнік Кітаю дадаў сваю занепакоенасьць патэнцыйнымі заходнімі санкцыямі супраць кітайскіх фінансавых устаноў, так і магчымасьцю перамогі Ўкраіны ў вайне.
Чаму расьце незадаволенасьць Брусэля Кітаем праз вайну
У траўні ў сакрэтнай справаздачы ЭЗ гаварылася, што Кітай, у тым ліку Ганконг, адказны за «прыкладна» 80 працэнтаў абыходу санкцый супраць Расеі.
Эўразьвяз пачаў рабіць крокі супраць кітайскіх кампаній, якія, на яго думку, адказныя за «падрыў тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны».
У сваім апошнім пакеце санкцый Эўразьвяз мае намер замарозіць актывы і забароніць выдачу віз кітайскаму бізнэсоўцу за неаднаразовыя пастаўкі ў Расею тавараў, вырабленых у ЭЗ, якія падпадалі пад абмежаваньні на экспарт.
Таксама ў санкцыйны сьпіс маюць трапіць дзьве кітайскія кампаніі за продаж пазадарожнікаў (квадрацыклаў), інфрачырвоных датчыкаў і іншых аптычных кампанэнтаў расейскім узброеным сілам для выкарыстаньня ва Ўкраіне.
Яшчэ адной прыкметай заклапочанасьці ў Бруселі стаў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, які нядаўна заявіў, што Кітай і Расея ствараюць усё большую пагрозу для трансатлянтычнага альянсу.
Рутэ заявіў журналістам падчас паездкі ў Бэрлін, што, на яго думку, Расея і Кітай будуць каардынаваць напады на Тайвань і Эўропу, каб адначасова трымаць Захад у цяжкай сытуацыі ў розных частках сьвету.
«Сі Цзіньпін, прэзыдэнт Кітая, перш чым напасьці на Тайвань, спачатку патэлефануе ў Маскву, каб папрасіць [прэзыдэнта Расеі Уладзіміра] Пуціна заняць нас у гэтай частцы Эўропы», — сказаў Рутэ.
Кітай і Расея заключылі так званае «стратэгічнае партнэрства без абмежаваньняў» незадоўга да маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Партнэрства не ўключае фармальнага ваеннага хаўрусу або канкрэтных абавязаньняў па ўзаемнай абароне, але яно прадугледжвае шырокае вайсковае супрацоўніцтва і стратэгічнае ўзгадненьне.
Пры гэтым Пэкін публічна імкнецца дыстанцыявацца ад дзеяньняў Расеі. Выступаючы пасьля эўрапейскай паездкі міністра замежных спраў Кітая, прадстаўнік кітайскага МЗС паўтарыў, што «пазыцыя Кітая па крызісе ва Ўкраіне аб’ектыўная і пасьлядоўная, гэта значыць перамовы, спыненьне агню і мір. Працяглы крызіс ва Украіне нічыім інтарэсам ня служыць».
Аднак аналітыкі засяроджваюцца на іншых нядаўніх словах чыноўнікаў з Пэкіну.
У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» расейскі палітоляг Натальля Шаўшукова адзначыла, што камэнтарыі миністра Вана пасьля яго нядаўняга эўрапейскага турнэ былі прыкметай таго, што Пэкін стаў больш акрытым у сваёй рыторыцы.
«Кітай разумее, што калі Пуціну цяпер дазволяць прызнаць — калі яму дазволяць захаваць Крым, калі заходняя супольнасьць гатовая да перамоваў і пакінуць некаторыя тэрыторыі Пуціну, то ў Кітая таксама разьвязаныя рукі», — сказала Шаўшукова.
Форум