Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і яшчэ 11 дзяржаў далучыліся да патрабаваньня ЭЗ вызваліць беларускіх палітвязьняў


Будынак Рады Эўропы ў Страсбургу. Архіўнае фота
Будынак Рады Эўропы ў Страсбургу. Архіўнае фота

Да «неадкладнага і безумоўнага» вызваленьня ў Беларусі палітычных зьняволеных, іх рэабілітацыі і спыненьня рэпрэсій заклікала дэлегацыя Эўразьвязу ў Радзе Эўропы 9 ліпеня на пасяджэньні кіроўнага органа арганізацыі Камітэту міністраў у Страсбургу (Францыя).

Да заявы, распаўсюджанай ад імя ўсіх дзяржаў Эўпазьвязу, далучыліся 12 краін: Альбанія, Андора, Вялікабрытанія, Ісляндыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Манака, Нарвэгія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя.

У заяве вітаецца вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязьняў дзякуючы ўдзелу ЗША.

«Тым не меней маштабныя палітычна матываваныя перасьледы ў Беларусі працягваюцца. Паводле зьвестак, сабраных незалежнымі праваабаронцамі, у краіне па-ранейшаму несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай амаль 1.200 палітвязьняў. Трывогу выклікаюць паведамленьні аб жахлівых умовах утрыманьня, ізаляцыі ад сем’яў і адвакатаў, жорсткім абыходжаньні і катаваньнях»,— адзначаецца ў заяве, якую цытуе «Позірк».

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Эўразьвяз «па-ранейшаму глыбока занепакоены сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і рашуча асуджае працяглыя кампаніі перасьледу і запалохваньня ўсіх слаёў беларускага грамадзтва, уключаючы праваабаронцаў, журналістаў, незалежных прафсаюзных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і асоб, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў».

Аб вызваленьні 14 палітвязьняў стала вядома неўзабаве пасьля сустрэчы спэцпрадстаўніка ЗША па пытаньнях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Цяпер беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 1.152 чалавекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG