Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO заклікае павялічыць патэнцыял СПА альянсу на 400%, а інакш «трэба пачаць вывучаць расейскую мову»


Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заклікаў дзяржавы альянсу радыкальна ўзмацніць абарончыя магчымасьці, у тым ліку павялічыць патэнцыял паветранай і супрацьракетнай абароны NATO на 400% — каб эфэктыўна супрацьстаяць пагрозам з боку Расеі.

Выступаючы ў панядзелак у лёнданскім аналітычным цэнтры Chatham House, Рутэ падкрэсьліў, што NATO неабходны «квантавы скачок» у абарончай палітыцы падчас вайны ва Ўкраіне і росту нестабільнасьці ў сьвеце. «Мы бачым, як ва Ўкраіне Расея сее тэрор з паветра. Таму мы ўзмоцнім шчыт, які абараняе наша неба», — заявіў ён.

На думку Рутэ, Расея нарошчвае свой вайсковы патэнцыял і будзе гатовая ўжыць ваенную сілу супраць альянсу цягам пяці гадоў.

Рутэ выступае з ініцыятывай павелічэньня абаронных выдаткаў краін NATO: 3,5% ВУП — на наўпроставыя вайсковыя патрэбы і плюс яшчэ 1,5% на шырэйшыя захады ў сфэры бясьпекі. Гэтая прапанова мела б стаць кампрамісам, які задавальняе патрабаваньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа — давесьці сукупныя выдаткі на абарону краін NATO да 5% ВУП (цяперашняя мэта — 2%).

Крэмль яшчэ да выступу Рутэ абвінаваціў NATO у агрэсіўнай палітыцы. «Альянс праяўляе сябе як інструмэнт агрэсіі і канфрантацыі», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Рутэ адзначыў, што Расея вырабляе столькі боепрыпасаў за тры месяцы, колькі ўвесь Паўночнаатлянтычны альянс за год, і падкрэсьліў патрэбу ў тысячах новых танкаў, бронемашын і ў мільёнах артылерыйскіх снарадаў для арміяў краін NATO. Ён таксама папярэдзіў аб імклівым нарошчваньні вайсковай моцы Кітаю.

У завяршэньне прамовы Рутэ папярэдзіў, што няздольнасьць краін NATO забясьпечыць фінансаваньне на ўзроўні 5% можа мець сур’ёзныя наступствы. «Можна захаваць ахову здароўя, пэнсійныя сыстэмы... але тады трэба пачаць вывучаць расейскую мову. Такі будзе вынік», — падсумаваў ён.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG