Птушкай году абвешчаны чорны бусел (Ciconia nigra L.). За яго прагаласавалі 4663 чалавекі, гэты варыянт перамог зь вялікім адрывам.
Выбар «Птушкі году» праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку ад арнітолягаў і аматараў прыроды паступілі 34 заяўкі на 27 відаў. Кандыдаты павінны былі адпавядаць двум патрабаваньням: раней не атрымліваць гэты тытул і сутыкацца з праблемамі, на якія можна паўплываць з дапамогай асьветніцкай кампаніі.
Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца ў большасьці краін Эўропы. У заказьніку «Сярэдняя Прыпяць» на Палесьсі зафіксавана адна з самых высокіх шчыльнасьцяў яго гнездаваньня — 25 параў на 100 км². У адрозьненьне ад белага бусла, чорны аддае перавагу адзіноце і будуе гнёзды на буйных дрэвах, выкарыстоўваючы іх на працягу дзесяцігодзьдзяў. Аднак гнёзды могуць выпадкова зьнішчацца пры высечцы лясоў. Арнітолягі заклікаюць выяўляць месцы гнездаваньня і браць іх пад ахову, а таксама ствараць штучныя плятформы для буслоў ва ўмовах дэфіцыту прыдатных дрэў.
2-е месца ў галасаваньні заняла пчалаедка (Merops) залацістая. Тройку лідэраў замкнула норка паўзьбярэжная (Cotile riparia). Далей качка чырка (Anas circia L.) і азёрная чайка (Larus).
Форум